viasna on patreon

Шэсць журналістаў прызналі вінаватымі ва ўдзеле у несанкцыянаванай акцыі. Іх асудзілі на трое сутак арышту Дапоўнена

2020 2020-09-04T10:16:34+0300 2020-09-04T16:32:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/photo_2020-09-04-13.53.11.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 4 верасня, у судзе Кастрычніцкага раёна разглядаюцца справы затрыманых на студэнцкай акцыі пратэсту журналістаў. Сярод іх — Надзея Калініна, Аляксей Суднікаў (TUT.BY), Сяргей Шчогалеў (Святаслаў Зоркі), Мікіта Дубалека (Недаверкаў), Марыя Элешэвіч (“Комсомольская правда в Беларуси), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН).

Акцыя журналістаў 3 верасня. Фота:
Акцыя журналістаў 3 верасня. Фота: "Наша ніва"

Нагадаем, журналістаў TUT.BY, «Комсомольская правда в Беларуси», БелаПАН былі затрыманыя 1 верасня супрацоўнікі АМАПу для праверкі дакументаў і акрэдытацыі. Але ў Кастрычніцкім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП. Па пратаколах журналістаў абвінавачваюць у каардынацыі несанкцыянаваных акцый пратэсту. Цэлыя суткі затрыманых журналістаў утрымлівалі ў РУУСе Кастрычніцкага раёна. 2 верасня суддзі суда Кастрычніцкага раёна Аляксандр Рудэнка і Вольга Няборская разглядалі справы шасцёрых журналістаў, але ў выніку ўсе адміністрацыйныя справы былі адпраўлены на дапрацоўку “для ліквідацыі недахопаў” у РУУС. Некаторых журналістаў справы на дапрацоўку за дзень адпраўлялі двойчы. Але саміх журналістаў на волю так і не выпусцілі: увечары 2 верасня іх перавялі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. 3 верасня іх справы ў суд так і не паступілі, журналісты ўсё яшчэ ўтрымліваліся на Акрэсціна. 4 верасня каля 17:00 сканчваецца максімальны дазволены тэрмін затрымання журналістаў – 72 гадзіны.

Справы журналістаў за ўдзел у студэнцкіх акцыях пратэсту адправілі на "дапрацоўкі". Але іх не вызвалілі

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 2 верасня пасля абеду разглядзелі адміністрацыйныя справы супраць журналістаў, якіх затрымалі падчас студэнцкіх акцый пратэстаў у Дзень ведаў.

Журналістаў вельмі падтрымліваюць калегі: трэці дзень зранку да вечара журналісты дзяжураць у судзе, увечары 3 верасня зладзілі акцыю салідарнасці, якой запатрабавалі выпусціць незаконна затрыманых калегаў.

Як паведаміў БАЖ, 3 верасня адвакатаў журналістаў TUT.BY Аляксея Суднікава і Надзеі Калінінай выклікалі пасля 21.00 на Акрэсціна знаёміцца з “дапрацаванымі" матэрыяламі справаў. Там яны сустрэліся са сваімі падабароннымі. Супрацоўнік МУС, які суправаджаў адвакатаў у ІЧУ, сказаў, што матэрыялы справы патрапяць у суд у 9 раніцы.

Раніцай 4 верасня пасля адкрыцця суда прыйшлі каля 20 журналістаў на працэсы калегаў. Каля 10 гадзін стала вядома, што справы журналістаў паступілі ў суд. Журналістаў у суд не прывезлі, усіх судзяць праз відэасувязь з ізалятара часовага ўтрымання.

Расклад судоў над журналістамі 4 верасня:

  • 10:40 – Андрэй Шаўлюга (суддзя Аляксандр Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
  • 10:40 – Марыя Эляшэвіч (суддзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
  • 11:10 – Мікіта Дубалека (суддзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
  • 11:10 – Аляксей Суднікаў (суддзя Аляксандр Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
  • 11:40 – Сяргей Шчогалеў (суддзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
  • 11:40 – Надзея Калініна (суддзя Аляксандр Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)

Суд над карэспандэнтам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам

Першай суд пачаў разглядаць адміністрацыйную справу Андрэя Шаўлюгі. Яго абараняе адвакат Сяргей Зікрацкі. Ён заявіў хадатайства аб аглядзе тэлефона і фотаапарата Андрэя, які цяпер знаходзіцца на Акрэсціна, каб паглядзець, што ён здымаў на акцыі. Суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва. Пры гэтым суддзя Аляксандр Рудэнка задаволіў хадайніцтва адваката аб выкліку трох сведак.

У судзе праблемы з відэасувяззю, аб'яўлены перапынак на 10 хвілін.

На судзе ў Андрэя Шаўлюгі дапрашваюцца тыя ж сведкі-супрацоўнікі міліцыі, што і на працэсе ў іншай журналісткі Марыі Эляшэвіч.

Супрацоўнік АМАПу, сведка адразу прадставіўся Анатолем Млечкай Міхайлавічам, а потым сказаў, што ён усё такі Аркадзьевіч. На судзе таксама глядзяць відэазапісы, на якіх бачна праца журналіста Андрэя Шаўлюгі.

На працэсе быў аб'яўлены перапынак да 15:00.

Як піша "Белсат", у 15:00 працягваецца суд над журналістам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам. Адвакат патрабуе спыніць справу і сцвярджае, што паказанні сведкаў-амапаўцаў не могуць быць прынятыя, паколькі іхныя асобы не ўстаноўленыя.

«Мы бачым толькі твары ў балаклавах, якія кажуць тое, што не адпавядае рэчаіснасці», – заявіў абаронца Шаўлюгі.

У выніку яго, як і іншых, асудзілі па ч.1 арт. 23.34 КаАП на трое сутак арышту. 

Суд над журналісткай "Комсомольская правда в Беларуси" Марыяй Эляшэвіч

З затрыманнем у 11:00 гадзін распачаўся суд над журналісткай Эляшэвіч. 20 хвілін суддзя знаёміўся з яе "дапрацаванай" справай.

Як адзначае адвакат Андрэй Мачалаў журналісткі, у "дапрацаваным" пратаколе ўжо значыцца новае месца, новы час здзяўснення правапарушэння. Адваката упэўнены, што мае месца новая справа, а не "дапрацоўка" папярэдняй справы, таму ён просіць закрыць справу. Адвакат лічыць, што ў дадзенай сітуацыі павінна быць вылучана больш часу для збору новых доказаў невінаватасці журналісткі, а не 20 хвілін.

У пратаколе пазначаецца, што Марыя Эляшэвіч "прыняла ўдзел ва вулічным шэсці. Перыядычна заклікала ўдзельнікаў акцыі працягваць, не спыняцца і г.д.". Журналістка катэгарычна не згодна з тым, у чым яе абвінавачваюць. У судзе яна кажа, што нікога не заклікала і не прымала ўдзел у акцыі:

"Мы нават не былі ў калоне".

У судзе высвятлілася, што ўчастковы інспектар міліцыі 3 верасня аглядаў фота- і відэаздымкі на тэлефоне Марыі на Акрэсціна. Па словах журналісткі, супрацоўнік міліцыі глядзеў відэа без гука на тэлефоне, але потым у пратаколе пазначыў, што людзі на відэа выкрыквалі лозунгі. Ён сказаў, што зрабіў такую выснову па відэа іншых журналістаў.

Першым сведкам дапрашваецца супрацоўнік АМАПу Анатоль Млечка. Ён распавёў, што працаваў на акцыі ў цывільным адзенні і знаходзіліся ў калоне.

"З усіх моцна вылучалася дзяўчына. Яна размаўляла з удзельнікамі акцыі і казала ім, каб яны працягвалі ісці", – сведчыць Млечка.

Марыя кажа, што на гэтым этапе журналістка наогул не размаўляла з удзельнікамі акцыі, нават для інтэрв'ю.

Адвакат працягвае настойваць, каб сведкі выступалі адкрыта, бо "сакрэтны сведка" не зможа быць удзельнікам працэсу – гэта грубае парушэнне заканадаўства. У адваката ёсць інфармацыя, што дадзеныя сведак Аляксандра Лідкоўскага і Анатоля Млечкі былі змененыя. Гэта несапраўдныя імёны сведак. Усе спробы ўстанавіць асобу Анатоля Млечкі адваката былі судом спынены.

"Мне яшчэ працаваць, я не хачу, каб ён ідэнтыфікаваў мае дадзеныя", – сказаў сведка.

Супрацоўнік АМАПу сказаў на судзе, што ён падчас акцыі ён знаходзіўся і ў калоне, і з боку, і каля яе. Адвакат спытаў, ці не распачаты ў дачыненні да яго адміністрацыйны працэс па арт. 23.34 КаАП.

Потым быў дапрошаны супрацоўнік міліцыі, які таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзенні. Ён сведчыць, што 1 верасня ахоўваў грамадскі парадак падчас несанкцыянаванай акцыі. Ён сказаў, што "дадзеная грамадзянка Эляшэвіч заклікала людзей рухацца далей, не спыняцца". Таксама ён распавёў, што ў яе быў тэлефон у руках, яна нешта пісала ў ім. Па словах міліцыянта, журналістка заклікала людзей, якія былі побач з ёй. Але Марыя Эляшэвіч паўтарае, што на дадзеным этапе яна нават не брала інтэрв'ю ў ўдзельнікаў.

Першае пытанне адваката да сведкі:

"Назавіце сваё сапраўднае імя".

Але суддзя Няборская адразу зняла пытанне, бо суд нібы ўстанавіў асобу сведкі.

Міліцыянт сказаў, што ён не заўважыў яе бэйджа, і не памятае камізэльку. Памятае толькі чорную майку на ёй, заплечнік, тэлефон.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэнні да справы копіі пратакола аб змяненні анкетных дадзеных сведкаў-супрацоўнікаў міліцыі, якія апынуліся ў адваката. Суддзя прыняла дакумент, але азнаёміцца з ім вырашыла пазней. Потым вырашыла зрабіць агляд дакумента на ноўтбуке адваката.

Адваката заявіў хадайніцтва аб аглядзе відэазапісяў, дзе бачна, як працуюць журналісты. Суд прыступіла да вывучэння відэазапісаў.

У 12:10 быў аб'яўлены перапынак да 15:00, як і на працэсе Андрэя Шаўлюгі.

Суддзя прызнала вінаватай па ч.1 арт. 23.34 КаАП і пакарала яе на трое сутак арышту. Яна ўжо адбыла гэты тэрмін, яе мусяць выпусціць на волю ў 16:55.

Суд над журналістам TUT.BY Аляксеем Суднікавым 

photo_2020-09-04-12.31.18.jpeg
Аляксей Суднікаў. Фота: spring96.org

У 12:20 распачаўся працэс над журналістам TUT.BY Аляксеем Суднікавым. Справу журналіста па ч.1 арт. 23.34 КаАП разглядае суддзя Аляксандр Рудэнка.

Як піша "Радыё Свабода" у судзе над Аляксеям Суднікавым выступае сведка Алег Новаш, ён не супрацоўнік АМАП. Ён блытаецца ў словах, дае паказанні дрыжачым голасам. Кажа, што 1 верасня вяртаўся з гандлёвага цэнтру «Няміга». На вуліцы Камсамольскай убачыў людзей са сцягамі. На Інтэрнацыянальнай ён пабачыў Суднікава, у яго была камізэлька «Прэса»; сведка кажа, што ў яго цёмныя валасы з зачосам направа. З ім была дзяўчына. Сведка кажа, што ён накіроўваў людзей. Новаш не змог патлумачыць, як Суднікаў даваў каманды ўдзельнікам шэсця, кажа, што не чуў іх.

Абарона Суднікава сцвярджае, што Новаш Алег Аркадзьевіч — гэта іншы чалавек, а не той, што прысутнічае ў судзе.

Сандра Масцібродская — сведка ад абароны —сцвярджае, што Аляксей Суднікаў здымаў відэа і накіроўваў ёй, бо яна таксама працуе ў Tut.by і займалася ў той дзень прыёмкай відэа. Паводле яе, у Суднікава не магло быць часу на нешта іншае, апроч відэа. Рубцоў Кірыл, яшчэ адзін сведка ад абароны. Сцвярджае, што Суднікава бачыў на акцыі, той працаваў як журналіст. Ён бачыў, што Суднікаў ніякія заклікі не выказваў. Паводле сведкі Антона Трафімовіча, Аляксей Суднікаў ніякіх заклікаў не выказваў, а моўчкі ішоў, гэта было на вуліцы Камсамольскай.

У судзе аб'явілі перапынак да 15:00.

Журналіста Аляксея Суднікава асудзілі паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП на трое сутак арышту.

Фота: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Суд над журналістам "Комсомольская правда в Беларуси" Мікітай Дубалека (Недаверкавым)

У 12:40 распачаўся суд у суддзі Вольгі Няборскай над журналістам "КП в Беларуси" Мікітай Дубалека. Яго, як іншых журналістаў, абвінавачваюць у каардынацыі студэнцкіх акцый пратэсту па арт. 23.34 КаАП. 

Адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэнні копіі пратаколу аб змяненні анкетных дадзеных сведкаў. Суддзя задаволіла гэта хадайніцтва. Таксама адвакат Андрэй Мачалаў заявіў хадайніцтва дапытаць у якасці сведкі журналіста Антона Трафімовіча. Суддзя Няборская задаволіла і гэта хадайніцтва.

У пратаколе пазначана, што Мікіта Дубалека 1 верасня з 15:30 да 16:20 прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэту. Па пратаколу, ён заклікаў людзей на акцыі працягваць, не спыняцца, ісці да Плошчы Незалежнасці і гд.

Мікіта Дубалека катэгарычна не згодны з абвінавачваннямі і настойвае, што выконваў сваю журналісцкую працу:

"Я выконваў сваю працу. Я быў абазначаны бэйджам і камізэлькай "Прэса".

Журналіст распавёў, што з супрацоўнікам міліцыі ў ІЧУ 3 верасня яны аглядзелі 68 фрагментаў відэа з камеры Мікіты. Мікіта заявіў, што на відэа, якія ёсць у матэрыялах справы, бачна і чутна, што на пазначаных у пратаколах адрасах Мікіта трымаўся ў баку і не выкрыкваў ніякіх лозунгаў. 

Першым сведкам на працэсе быў дапрошаны супрацоўнік АМАПу Аляксандр Віткоўскі.

Ён сказаў на судзе, што падчас руху ў натоўпе "дадзены грамадзянін, як і некаторыя іншыя яго калегі, прыцягнулі ўвагу падказвалі, што неабходна рабіць натоўпе". Па словах сведкі, Мікіта Дубалека падказваў, як трэба рухацца. Казаў: "Хлопцы, рухаемся прама".

На акцыі Віткоўскі працаваў у цывільным адзенні, ён адмовіўся назваць тое, у якой вопратцы ён тады працаваў па прычыне таго, што гэта можа адбіцца на яго бяспекі ў дальнейшнй працы. Па словах амапаўца, ён запомніў журналіста па "акуратнай бародцы", сумцы з яркай устаўкай, камізэльцы "Прэса".

Наступны сведка, які быў дапытаны ў рамках дадзенага працэсу, – супрацоўнік АМАПа Анатоль Млечка. Ён таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзенні, але адмовіўся апісаць гэтую вопратку, бо "яму яшчэ працаваць". Па словах сведкі, АМАПавец знаходзіўся ў калоне, каб выяўляць "асоба актыўных правакатараў у калоне".

Млечка распавёў на судзе, што Мікіта падказваў, куды ісці людзям, накіроўваў, "хутчэй каардынаваў". Па словах сведкі журналіст казаў: "Праходзім да праспекта Незалежнасці, не спыняемся". Але Млечка адзначае, што гэта не даслоўныя цытаты, але змест іх падобны.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб асабістай яўцы, каб устанавіць іх асобу, бо адвакат упэўнены, што гэтыя людзі не з'яўляюцца тымі, кім прадстаўляюцца на судзе. Суддзя не задаволіла хадайніцтва, бо суд нібы ўстанавіў асобы сведкаў.

Мікіта Дубалека звярнуў увагу, што адзін са сведкаў заяўляў, што журналіст узначальваў галаву калоны на вуліцы Нямігі. Але, па словах журналіста, ён не мог узначальваць калону, што бачна па відэа, якія маюцца ў яго на камеры.

На працэсе таксама дапрошаны журналіст "Радыё Свабода" Антон Трафімовіч. Ён сведчыць, што ніхто з журналістаў на акцыі, а гэта каля 20 калегаў, не даваў указанні, яны назіралі, бралі інтэрв'ю, але не ўмешваліся ў ход акцыі:

"Ход студэнтаў быў вельмі хаатычны. Гэта нагадвала гульню ў змейку".

Адвакат Андрэй Мачалаў заявіў шэраг хадайніцтв, але суддзя не разглядзела іх і аб'явіла перапынак у працэсе да 15:20.

Суддзя прызнала вінаватай Мікіту Недаверкава па ч.1 арт. 23.34 КаАП і пакарала яго на трое сутак арышту. З улікам яго ўтрымання ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска і ў ІЧУ Акрэсціна ён ўжо адбыў гэты тэрмін. Яго мусяць выпусціць на волю сёння  ў 16:55.

Суд над журналістам "Комсомольская правда в Беларуси" Сяргеем Шчогалевым (Святаславам Зоркім)

У 13:45 у суддзі Вольгі Няборскай быў абвешчаны пачатак працэсу над фотакарэспадэнтам "КП в Беларуси" Сяргеем Шчогалевым.

У пратаколе супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС паказалі, што Сяргей удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, "перыядычна заклікаючы людзей не спыняцца, рухацца наперад". Журналіст Сяргей Шчогалеў не згодны з гэтым.

"Не заклікаў ні словамі, ні жэстамі", – сказаў журналіст.

Сяргей Шчаголеў распавёў, што ў ізалятары 3 верасня супрацоўнік міліцыі разам з ім агледзеў фотаздымкі, якія ён зрабіў на акцыі.

Сяргей апрануў галаўны ўбор, каб задаць сведку-АМАПаўцу пытанне пра яго прычоску. Суддзя запатрабавала зняць яго, але адвакат запярэчыў, што сведкам дазваляецца сядзець у балаклавах, а журналісту ў галаўным ўборы – не. Суддзя дазволіла пабыць падчас допыту сведкі, але сказала, што пасля допыту Сяргей мусіць зняць галаўны ўбор, бо гэта будзе расцэньвацца як непавага да суда.

Супрацоўнік АМАПу, Аляксандр Віткоўскі, які выступае сведкам на ўсіх працэсах па журналістам 4 верасня, сведчыць супраць Сяргея Шчогалева і заяўляе, што журналіст падказваў натоўпу на акцыі, куды рухацца і што неабходна рабіць. Таксама па словах сведкі, Шчогалеў падбадзёрываў людзей: "Рабяты, не здаемся, малайцы".

Сведка, супрацоўнік АМАПу, Анатоль Млечка распавядае, як і на іншых працэсах, што працаваў на акцыі 1 верасня ў цывільным аддзенні і выяўляў асабліва актыўных удзельнікаў на акцыі. Млечка сказаў на судзе, што Сяргей Шчогалеў накіроўваў натоўп на акцыі і казаў: "Не спыняцца і працягваць рух да праспекту"

Сяргей Шчогалеў яшчэ раз патлумачыў, што ён ніякіх лозунгаў не выкрыкваў і нікога не каардынаваў:

"Гэта супярэчыць нашай прафесійнай этыцы".

Таксама Сяргей Шчогалеў адзначыў, што паказанні сведкаў аб тым, што ён нібы ўзначальваў калону, не адпавядаюць рэчаіснасці.

"Я не ўзначальваю калону. Я фатаграфаваў, каб зафіксаваць агульным планам натоўп, каб потым ацаніць на здымку масавасць мерапрыемства".

У судзе праглядзелі відэазапісы з студэнцкай акцыі 1 верасня.

Аб'яўлены перапынак да 15:40.

Суддзя Вольга Няборская абвінаваціла журналіста ў тым, што ён 1 верасня прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і асудзіла яго паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП на трое сутак адміністрацыйнага арышту. Неўзабаве журналіст мусіць выйсці на волю.

Суд над журналісткай TUT.BY Надзеяй Калінінай

Суд над журналісткай Надзеяй Калінінай пачаўся ў 13:55 у суддзі Аляксандра Рудэнкі.

Як піша "Белсат", Надзея Калініна на судзе заявіла, што выконвала свае службовыя абавязкі і дадае, што ні да чаго не заклікала, а толькі фіксавала падзеі.

Абвясцілі перапынак для ўстанаўлення сувязі са сведкамі, якія былі на мінулых пасяджэннях. Яны даюць аднолькавыя паказанні: нібыта журналісты гаварылі працягваць натоўпу рухацца далей.

На гэтым працэсе сведка АМАПавец даваў спачатку адныя паказанні, а цяпер дае іншыя – пра тое, як і калі Надзея Калініна заклікала натоўп. Адвакат спытаў, чаму паказанні супярэчлівыя. Міліцыянт кажа, што мінула тры дні і ён «забыў».

На працэсе ў сведкі Алега Новыша запыталі, калі яго ў дапытвалі міліцыі дапытвалі. Ён сказаў адзін раз – 3 верасня. Але суддзя Рудэнка сказаў, што па пратаколе яго дапыталі 1 верасня. Новыш успомніў, што яго апытвалі два разы.

photo_2020-09-04-14.04.21.jpeg
Сведка Алег Новыш. Фота: TUT.BY

Аляксандр Рудэнка прызнаў вінаватай Надзею Калініну па арт. 23.34 КаАП і асудзіў яе таксама на трое сутак арышту.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства