viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: "Ты кідаў кактэйль Молатава!" – і ўдарылі шокерам Аўдыё

2020 2020-09-04T13:33:53+0300 2020-09-04T13:34:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/igar_kviatko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

23-гадовы Ігар Квятко быў затрыманы 11 жніўня наўпрост ў машыне таксі. Пра тое, што адбывалася далей, мінчанін распавёў «Вясне». Падчас свайго інтэрв'ю Ігар не мог сядзець з-за атрыманых траўмаў.

Ігар Квятко
Ігар Квятко

11 жніўня прыкладна ў 22.30 у раёне Серабранкі мы ўсталі ў корак. З'явіліся супрацоўнікі АМАПу і проста дасталі з таксі. Паклалі тварам у асфальт, пачалі біць па нагах і па спіне, абшукалі машыну. Пачалі пагражаць: "Ты кактэйль Молатава кідаў!" –  і ўдарылі шокерам.

Пасля чаго мяне адвялі ў аўтазак, у якім былі салдаты тэрміновай службы. Там нас пачалі проста проста... забіваць, можна так сказаць. Гэта рабілі менавіта тэрміновікі.

У аўтазак зьмясьцілі каля 40 чалавек. Сярод іх быў непаўналетні хлопец. Яго білі нават мацней, чым мяне. Напэўна, яны падумалі, што той кінуў камень у АМАП.

Яны ўжывалі газ. Распылялі яго, каб мы ім дыхалі, а самі апраналі процігаз. Для іх гэта была як пацеха.

Яшчэ ў аўтазаку ў мяне забралі наяўныя грошы і навушнікі (іх я дастаў на аўтамаце, таму што ўжо не разумеў, што адбываецца — і яны ўсё забралі).

Мы былі ў аўтазаку прыкладна гадзіну — пасля чаго нас павезлі ў РУУС Ленінскага раёна. Калі з аўтазака выходзіш, цябе чакае калона амапаўцаў, міма якіх трэба прабягаць — а цябе збіваюць. Калі ты ўпадзеш, дык цябе пачнуць збіваць яшчэ мацней.

Пасля чаго нас на вуліцы паставілі каленямі на асфальт — і мы чакалі два гадзіны, калі нас зарэгіструюць.

Нас адводзілі на відэаздымку — пыталіся, хто і адкуль? Рабілі вопіс рэчаў, патрабавалі даць тэлефон. Калі тэлефон быў выключаны, то патрабавалі ўключыць, адкрывалі галерэю і глядзелі фота і відэа.

Потым нас завялі ў гараж — там мы стаялі галавой да сцяны тры гадзіны.

Прыкладна ў тры гадзіны ночы амапаўцы сышлі і з'явіўся звычайны міліцыянт. Ён быў без маскі (амапаўцы ж заўсёды былі ў масках) і ставіўся да нас нармальна: ён дазволіў нам прысесці, паспаць і адводзіў нас у туалет.

Але ў 12 гадзін дня амапаўцы вярнуліся і пачалі нас маральна зневажаць. Яны маглі стаяць і казаць: "Гэта ты кідаў кактэйль Молатава! Ты!"

Прыкладна ў 16 гадзін 11 жніўня нас зноў пачалі грузіць у аўтазак. Калі прывезлі на Акрэсціна, таксама была такая ж калона амапаўцаў, скрозь якую трэба было прабягаць — а яны вельмі жорстка б'юць.

Пабоі, якія атрымаў Ігар Квятко
Пабоі, якія атрымаў Ігар Квятко

Нас, 120 чалавек, змясцілі ў камеру 6х6 метраў. Мы стаялі суткі. Прыбіральня? У нас было тры пластыкавыя бутэлькі. Мы іх выкарыстоўвалі для гэтага і ставілі ў куток.

Дзесьці ў тры гадзіны ночы нам далі нарэшце паесці — вядро катлет і трохі хлеба. Катлету ты павінен быць падзяліць на палову. Прынеслі ўпершыню вады — 12 літраў на 120 чалавек. Пачалі вадзіць з камеры па 6-8 чалавек у туалет. Мы бралі бутэлькі з сабой і набіралі ваду.

У 5 гадзін раніцы назвалі маё прозвішча. Разам са мной дзясятак чалавек вывелі на вуліцу. Там стаяла тры сталы. Мяне падводзяць да стала — і там ляжаць два пратаколы. І проста паказваюць: "тут і тут стаў подпіс". Калі пачнеш чытаць — адразу даюць падпатыльнік. Адзін хлопец сказаў, што не згодны з пратаколам — яго адвялі за плот. Я чуў крыкі. Потым яго прыводзяць назад — і ён ставіць усе подпісы.

Пасля гэтага нас спыталі: "Вы на выходныя выйдзеце на мітынг?" Гэта такі маральнае ціск. Ты кажаш — не. А калі маўчыш, можаш атрымаць.

Потым: "Бягом, марш! Па плоце не дакранаючыся травы!" — такая каманда была. Побач з плотам стаяў бусік — з яго выходзіў АМАП, цябе клаў на зямлю і хвіліну-паўтары нас білі.

Нас выпусцілі са словамі пра адно папярэджанне. "Калі трапіцеся яшчэ раз — то вас будуць біць яшчэ больш жорсткім". А адзін з супрацоўнікаў сказаў: "Калі вы трапіце ў Жодзіна, то вас будуць сустракаць нашмат больш жорстка, чым тут, нашмат больш жорстка, чым зэкаў".

Калі я выйшаў з брамы Акрэсціна, валанцёр прапанаваў мяне падвезці. Я вельмі ўдзячны такім людзям, якія дапамагаюць. Так бы я ішоў гадзіны паўтары з такімі нагамі…

Ігар распавёў таксама аб некалькіх гісторыях затрыманняў, пачутых ад сукамернікаў — слухайце аўдыё:

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Светашумавая граната пазбавіла ступні. Сведчаць пацярпелыя

33-гадовы Георгій Сайкоўскі 10 жніўня ішоў дамоў на Пушкінскую, але ягоны шлях праходзіў праз месца разгону пратэстаў. Ужо ў сваім раёне, калі да хаты заставалася амаль пяць хвілін ходу, ў ягоны бок прыляцела светашумавая граната. Яго зачапіла аскепкам. Хлопца ратавалі выпадковыя сведкі, спынілі машыну, каб адвезці ў лякарню.

"На расстрэл вас прывезлі, хлопцы". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага Мікіту затрымалі супрацоўнікі АМАПу ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня за белую стужачку ў кішэні. Хлопец вяртаўся дадому, але трапіў на Акрэсціна, дзе яго асудзілі на 13 сутак па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта выкрыкваў лозунгі на акцыі пратэсту. Зараз Мікіта знаходзіцца ў адной з мінскіх бальніц. У заключэнні ў яго значыцца чэрапна-мазгавая траўма, удары, у тым ліку ўнутраных органаў, пашкоджанні. Мікіта распавёў "Вясне", што адбылося з ім у тую ноч і як прайшлі яго наступныя пяць сутак.

Сведчаць пацярпелыя. Бармэн з Зыбіцкай – пра трое сутак на Акрэсціна

Бармэна Руслана аднаго з бара на вуліцы Зыбіцкай Мінска затрымалі 9 жніўня ў дзве гадзіны ночы, калі ён вяртаўся з працы дадому. Наступныя трое сутак ён правёў на Акрэсціна. Руслан распавёў "Вясне", што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 9 па 12 жніўня.

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства