viasna on patreon

“На гвалт і катаванні быў загад”. Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

2020 2020-09-09T13:33:36+0300 2020-09-09T13:34:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

“Можна сказаць, што сёння ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло, – распавёў Алесь Бяляцкі сайту palitviazni.info. – Варта адзначыць, што Зло – добра ўзброенае, мае дзяржаўныя механізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца…”

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу з мірнымі пратэстамі па ўсёй краіне.

У адказ ўлады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм. За гэты месяц мы ўбачылі шматлікія факты катаванняў, збіцця і нават забойствы людзей, але пратэсты не спыняюцца і сёння…

– Гэта быў унікальны і нават гістарычны месяц, – кажа Алесь Бяляцкі. – Як праваабаронцы мы адзначаем з аднаго боку вялізны масштаб рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненні да беларусаў, а з іншага – няспынны супраціў і абурэнне фальсіфікацыямі падчас выбараў, кампаніяй пераследу грамадскіх актывістаў і ціску на людзей.

Адным словам, можна сказаць, што ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло. Варта адзначыць, што Зло – добра ўзброенае, мае дзяржаўныя механізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца.

За гэты час у Беларусі з’явіліся дзесяткі новых палітвязняў, і гэты спіс пастаянна папаўняецца. Больш за тысячу людзей прайшлі праз бальніцы, тысячы былі збіты пры затрыманнях.

Безумоўна, мы жадаем справядлівасці, і тое самае патрабуюць грамадзяне Беларусі. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы супраць беларусаў, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў і выхаду палітычных зняволеных на волю.

Гэта тры ясныя патрабаванні гучаць і з боку працоўных калектываў, і з боку студэнтаў і дэманстрантаў, і, натуральна, з боку праваабаронцаў.

– На ваш погляд, чаму мы ўбачылі такую жорсткасць з боку сілавікоў у дачыненні да людзейБыў такі загад альбо гэта праявы неадэкватных дзеянняў асобных праваахоўнікаў?

– Мы насамрэч сутыкнуліся з дзікімі праявамі аўтарытарнага рэжыма, хаця, мяркуючы па апошніх заявах Аляксандра Лукашэнкі, ён не збіраецца расследваць масавыя злачынствы і, такім чынам, па сутнасці прыкрывае іх.

Зрэшты, 20 гадоў таму ў Беларусі таксама знікалі вядомыя палітыкі і тады менавіта Лукашэнка прыпыніў следства па пошуку Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага. Зараз сітуацыя паўтараецца. Але адрозненне ў тым, што зараз сведкамі і ахвярамі былі тысячы чалавек. І народ усё роўна будзе патрабаваць справядлівага разбіральніцтва і, у рэшце рэшт, асуджэння тых, хто быў вінаваты.

Сабраўшы шматлікія факты, можна сказаць, што была сістэмная ўстаноўка на жорсткасць, гвалт і катаванні над людзьмі, бо такое адбывалася ў розных гарадах Беларусі, а не толькі ў сталіцы. Відавочна, што ў сілавых структур (у першую чаргу АМАПа, які здзяйсняў злачынствы), былі развязаны рукі. Была ўстаноўка, што можна ўжываць любую сілу, каб падавіць грамадзянскую актыўнасць і праз страх спыніць выхады людзей на вуліцу.

Зразумела, што гэтыя загады ішлі з самага верху і выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам быў дадзены карт-бланш. Гэта, безумоўна, яшчэ трэба даследваць і расследваць, але самі выканаўцы не маглі ўзяць такую адказнасць на сябе. Значыцца былі адпаведеныя ўказанні на максімальнае ўжыванне гвалту і сілы, і сілавікі рабілі тое, што хацелі.

– Ці можна казаць, што сёння мы бачым раскол у беларускім грамадстве?

– Сітуацыя, безумоўна, напружаная, і, трэба прызнаць, што частка людзей з тых ці іншых прычын падтрымлівае Лукашэнку. Нехта корміцца з гэтых рук (тыя ж самыя сілавікі), хтосьці мае такія светапогляды.

Але ўпэўнены, што такіх значна меней, чым было раней. Сёння большая частка грамадства якраз выступае за карэнные змены ў краіне. Сітуацыя моцна адрозніваецца ад той, што была 10-15 гадоў таму, калі ў Лукашэнкі рэальна была істотная падтрымка насельніцтва.

Зараз блок сілавікоў пакуль выконвае загады ўлады і, дзякуючы інструменту гвалту, ім удаецца падаўляць пратэсты. Палітыка рэпрэсій супраць уласнага народа працягваецца.

– Што далей чакае краіну? Як будзе складвацца сітуацыя ў бліжэйшы час?

– Супраціў працягваецца, незадавальненне людзей ўсё большае і большае, бо ўладам ўдаецца настройваць супраць сябе ўсё новыя слаі грамадства. Яскравы прыклад – забарона на ўезд у краіну Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які раней заклікаў спыніць гвалт у Беларусі.

Фактычна адразу ўлады настроілі супраць сябе большасць вернікаў-каталікоў. Нават тых, хто раней вынікі выбараў лічыў неістотнымі. Але зараз многія вернікі палічылі забарону на ўезд Кандрусевічу асабістай абразай. Тое самае тычыцца і іншых групаў насельніцтва – тых жа студэнтаў, якія падвергліся рэпрэсіям. Затрыманні жанчын таксама выклікаюць хвалю абурэння ў людзей.

Але цяжка прагназаваць, як далей будуць развівацца падзеі. Адзінае можна сказаць, што ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаны па руках і нагах дзяржаўнымі і паўдзяржаўнымі арганізацыямі, працоўнымі кантрактамі, якія дазвалялі кантраляваць людзей. Людзі прачнуліся…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства