viasna on patreon

Паламалі рэбры і прызналі вінаватым. Сведчаць пацярпелыя Аўдыё

2020 2020-09-09T19:04:00+0300 2020-09-09T20:40:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andrej_kazanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Андрэй Казановіч быў затрыманы амапаўцамі ўвечары 10 жніўня ў Мінску. Ён не трапіў на Акрэсціна і нават не паспеў падпісаць пратакол у РУУСе, куды яго прывезлі — бо пасля збіцця страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу. Але ж гэта не перашкодзіла прыцягнуць Казановіча да адказнасці па ч.1 арт. 23.34 КаАП.

andrej_kazanovich.jpg
Андрэй Казановіч

У той дзень Андрэй Казановіч выйшаў каля станцыі метро Фрунзенская і пачаў рухацца у бок вуліцы Ракаўскай. Раптам ён пабачыў наперадзе, як нейкага маладога мінака запіхнулі ў мікрааўтобус. Тым часам за спіной Андрэя таксама спыніўся яшчэ адзін мікрааўтобус, з якога выбеглі чатыры амапаўцы ў балаклавах.

“Яны накінуліся на мяне, паклалі на зямлю, пачалі штурхаць, — успамінае Андрэй Казановіч. — Надзелі кайданкі, пачалі біць па галаве. Потым паднялі мяне і завалаклі ў мікрааўтобус. Там таксама пачалі прымяняць сілу.

Рукі ў нас былі за галавой, галава апушчана.  Падавалася, што я нібы трапіў у нейкі фільм. Амапаўцы увесь час брыдка казалі у наш бок. Казалі:  “Вы што, свабоды захацелі? Вам перамены патрэбны? Не хапае чагосьці вам? Мы вам зараз пакажам гэтае жыццё!” Пад гэтыя словы яны ўвесь час білі: калацілі рукамі па галаве, па тулавішчу. Яны былі ў балаклавах. Маладыя хлопцы, гадоў па 25 - 30”.

Калі ў мікрааўтобусе назбіралася шэсць затрыманых, усіх перавязлі ў аўтазак. Там таксама пры зачыненых дзвярах “кожнага пачалі дубасіць”.  Андрэя, як мяркуецца, збіваў камандзір амапаўцаў:

 

Пасля збіцця Казановіча разам з чатырма затрыманымі змясцілі ў “стакане” – камеры ўнутры аўтазака.

“Там было маленькае акенца, амаль дзірачка, праз якое мы маглі дыхаць. Мы ў такім стане стаялі амаль гадзіну. Гэты было жудасна”.

У аўтазак дадаваліся яшчэ затрыманыя, а кожнага новага збівалі. Калі сабралося 29 чалавек, аўтазак паехаў, доўга кружыў па горадзе і нарэшце прыехаў у РУУС Заводскага раёна.

“Усіх затрыманых паклалі на зямлю у дворыку — паварочваць галаву было нельга. Мы так ляжалі, пакуль над усімі па чарзе не правялі допыты. Запытвалі: Адкуль мы? Хто? Дзе працуем і жывем?”

Потым кожнага знялі на відэа і перавялі ў іншы дворык, бо першы папаўняўся новымі затрыманымі. Усіх ізноў паклалі на зямлю тварам уніз.  Далей Андрэй нічога не памятае,  бо страціў прытомнасць і прыйшоў у сябе толькі ўжо у машыне хуткай дапамогі. Ён не ведае, якім чынам яго вывезлі з РУУСа і хто выклікаў хуткую.

Даставілі Казановіча ў 2-ю гарадскую клінічную бальніцу. Там выпісалі заключэнне: пералом рэбраў, чэрапна-мазгавая траўма, ушыбы і шмат сінякоў.

Хоць у Заводскім РУУСе на Андрэя не склалі аніякіх пратаколаў, але суд над ім усё ж такі адбыўся. Першае пасяджэнне прызначылі на 27 жніўня, але павестка Андрэю прыйшла толькі на наступны дзень. Таму пасяджэнне перанеслі на чацвёртае верасня. На судзе Андрэй хадайнічаў аб азнаямленні з матэрыяламі справы. Таму пасяджэнне ізноў перанеслі, зрабіўшы перапынак да  восьмага верасня.

“Гэтыя пратаколы, якія я убачыў у сваёй справе, былі падробкай. Напісалі, што затрымалі мяне ў адным месцы, а насамрэч — у другім. Сведкі былі падробкай (сведка, супрацоўнік міліцыі В. Сліскі на суд не з’явіўся). І мой подпіс быў падроблены…

Я быў здзіўлены, калі суд разглядаў маю справу. Я даваў магчымасць, каб суддзя змог зверыць мой сапраўдны подпіс і той подпіс, які быў у пратаколе. Суддзя таксама быў здзіўлены”.

Тым не менш, восьмага верасня суддзя суда Заводскага раёна Г. Янкоўскі вынес рашэнне пакараць Андрэя Казановіча штрафам у 20 базавых велічынь. Суддзя ўстанавіў, што Казановіч 10 жніўня прыняў удзел у дзесяціхвілінным шэсці па маршруце: ад праспекта Пераможцаў, 19 да праспекта Пераможцаў, 21. Падчас гэтага Казановіч “публічна выражаў свой пратэст аб правядзенні галасавання, падчас якога выкрыкваў лозунгі: “Патрабуем пераменаў, Жыве Беларусь”, патрабаваў змены ўлады, пляскаў у ладкі” і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне.

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Сведчаць пацярпелыя: "Ты кідаў кактэйль Молатава!" – і ўдарылі шокерам

23-гадовы Ігар Квятко быў затрыманы 11 жніўня наўпрост ў машыне таксі. Пра тое, што адбывалася далей, мінчанін распавёў «Вясне». Падчас свайго інтэрв'ю Ігар не мог сядзець з-за атрыманых траўмаў.

Светашумавая граната пазбавіла ступні. Сведчаць пацярпелыя

33-гадовы Георгій Сайкоўскі 10 жніўня ішоў дамоў на Пушкінскую, але ягоны шлях праходзіў праз месца разгону пратэстаў. Ужо ў сваім раёне, калі да хаты заставалася амаль пяць хвілін ходу, ў ягоны бок прыляцела светашумавая граната. Яго зачапіла аскепкам. Хлопца ратавалі выпадковыя сведкі, спынілі машыну, каб адвезці ў лякарню.

"На расстрэл вас прывезлі, хлопцы". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага Мікіту затрымалі супрацоўнікі АМАПу ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня за белую стужачку ў кішэні. Хлопец вяртаўся дадому, але трапіў на Акрэсціна, дзе яго асудзілі на 13 сутак па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта выкрыкваў лозунгі на акцыі пратэсту. Мікіта распавёў "Вясне", што адбылося з ім у тую ноч і як прайшлі яго наступныя пяць сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства