viasna on patreon

СК завёў крымінальную справу супраць чацвярых удзельнікаў акцыі 6 верасня ў Мінску

2020 2020-09-11T14:50:15+0300 2020-09-11T14:50:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/6verasnia_kryminal.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з тэлеграм-канала Следчага камітэту

Фота з тэлеграм-канала Следчага камітэту

Пасля акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску 6 верасня, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

У сваім телеграм-канале СК паведамляе, што па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 6 верасня ў цэнтральнай частцы горада Мінска, «спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама пацягнуўшых за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, устаноў і арганізацый», распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК.

Падазраванымі ў здзяйсненні вышэйпаказанага злачынства прызнана чацвёра грамадзян ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў. Акрамя гэтага, 18-гадовая дзяўчына ў сувязі з пашкоджаннем спецыяльнага сродку шляхам нанясення балончыкамі з лакафарбавым рэчывам надпісаў прызнаная падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле "Хуліганства".

"Усе відэаматэрыялы, размешчаныя ў Інтэрнэце, далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы і ў дадзены момант вывучаюцца следчымі. Варта адзначыць, што ў выніку спынення транспартнага руху камунальнаму прадпрыемству прычыненая шкода на агульную суму больш за 30 тысяч рублёў", — гаворыцца ў паведамленні.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць звесткі пра людзей, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасля затрыманняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта. Па стане на 9 верасня "Вясне" вядома больш чым пра 100 падазраваных па такіх справах у розных гарадах краіны.

Крымінальныя справы пасля акцый пратэсту. Што вядома "Вясне" на дадзены момант?

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” вядомы прозвішчы мінімум 82 чалавек, якія былі затрыманы ў межах крымінальных спраў аб масавых беспарадках па арт. 293 КК РБ. З іх у дадзены момант пад вартай працягваюць знаходзіцца як мінімум 46 чалавек (27 чалавек у Мінску і як мінімум 19 у рэгіёнах).

Калі вашы блізкія пасля затрыманняў на мірных акцыях сталі фігурантамі крымінальных спраў, паведаміце, калі ласка "Вясне" па любым з указаных кантактаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства