viasna on patreon

У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж Фота Дапоўнена

2020 2020-09-16T17:59:00+0300 2020-09-17T16:41:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/502-molodechno.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маладзечанскага раёна 16 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева, удзельнікаў акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, на якой маладзечанцы адбілі ў сілавікоў затрыманага. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет.

Афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава пракаментавала гэты інцыдэнт:

"Гэта баявы пісталет. Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад".

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Яўсцягнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Суддзя Вікторыя Паляшчук. Фота: spring96.org
Суддзя Вікторыя Паляшчук. Фота: spring96.org

Пацярпелымі выступілі супрацоўнікі АМАПа Мінаблвыканкама Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў (камандзір атрада). Яны падалі заяву ў суд, каб іх дапыталі на працэсе па відэасувязі з Мінскага абласнога суда. Прычыны такога рашэння ў судзе агучаны адразу не былі. Пазней абаронца Еўсцягнеева заявіў хадайніцтва, каб амапаўцаў усё ж такі дапыталі асабіста ў судзе: 

"Незразумела, як будзе праводзіцца іх допыт. Чаму робіцца выключэнне менавіта гэтым двум удзельнікам працэсу — незразумела".

Суддзя прыняла рашэнне дапытаць Якавенку і Баранава праз відэа-канферэнцсувязь. Праз хвіліну пацярпелых ўжо падключылі да відэасувязі.

У зале судовага пасяджэння іх прысутнічаў прадстаўнік Раман Прыгодзіч. Аднак абаронца Пяскова Філіповіч заявілі адвод прадстаўніка пацярпелых, так як ён ужо даваў паказанні па гэтай крымінальнай справе. Па крымінальна-працэсуальнаму заканадаўству гэта выключае яго ўдзел у справе ў якасці пацярпелага. Суддзя Паляшчук прыняла рашэнне не выключаць Прыгодзіча ў якасці пацярпелага з працэсу, бо ён, на думку суддзі, не дапытваўся па абставінах гэтай крымінальнай справы. Ён будзе прадстаўляць інтарэсы ў судзе супрацоўнікаў міліцыі Якавенкі і Баранава.

Дзяржаўным абвінаваўцам па гэтай справе выступае пракурор Габруковіч.

31-гадовага Паўла Пяскова ўжо аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня на 50 базавых велічыняў (1 350 рублёў). Суд адбыўся ўжо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да яго. 

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева таксама асудзілі за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня паводле артыкула 23.34 КаАП. Толькі ўжо на адміністрацыйны арышт на 7 сутак, якія ён адбыў адразу пасля трохсуточнага затрымання па крымінальнай справе. 

Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Еўсцягнееў. Фота: spring96.org

У супрацоўнікаў АМАПа парваная калашына, пашкоджанні на каленях і локці

Дзяржаўны абвінаваўца Габруковіч зачытаў абвінавачванні ў дачыненні да Паўла Пяскова:

"19 чэрвеня 2020 года каля 22:10 ён аказаў супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з ужываннем гвалту ў ходзе затрымання Алейніка за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП супрацоўнікамі АМАПа УУС Мінгарвыканкама Якавенка і Баранава, якія знаходзіліся ў форменным спецыяльным абмундзіраванні са знакамі адрознення і пры выкананні сваіх службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку. 

Ён наўмысна аказаў Якавенку супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту. У выніку чаго абодва страцілі раўнавагу і ўпалі на тратуар, пры гэтым утрымліваючы адзін аднаго за вопратку. Падбег і схапіў Якавенка за форменнае абмундзіраванне ў вобласці левага пляча і левую руку, пацягнуў на сябе, адхіляючы тым самым дадзенага супрацоўніка АМАПа ад Алейніка, спрабуючы вызваліць апошняга ад затрымання міліцыянтам, у сувязі з чым Якавенка абапёрся на тратуар левым каленам і абедзвюма рукамі. У выніку чаго была пашкоджана левая калашына штаноў форменнага абмундзіравання ў вобласці калена і прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пашкоджання на левым каленным суставе, якія адносяцца да цялесных пашкоджанняў, не пацягнуўшым за сабой кароткачасовага расстройства здароўя і значнай страты працаздольнасці.

Ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае часткай 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса – "супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага правапарадку, спалучаныя з ужываннем гвалту"".

У супрацоўніка АМАПа Баранава пры падзенні былі пашкоджаныя локцевы сустаў і калена.

Павел Пяскоў прызнае віну часткова. Аднак пакуль незразумела, якім чынам. Паказанні ён пакуль не даваў.

Уладзіславу Еўсцягнееву выстаўленыя аналагічныя абвінавачванні. Ён прызнаў віну цалкам.

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў. Фота: spring96.org

У зале суда праз відэаканферэнцсувязь дапытваюцца пацярпелыя супрацоўнікі АМАПа.

Як адбываліся падзеі 19 чэрвеня ў Маладзечне на думку супрацоўнікаў мінскага АМАПу?

Першым у судзе сведчыў пацярпелы супрацоўнік АМАПу Яўген Баранаў. Ён распавёў, што 19 чэрвеня ён у складзе групы пяці АМАПаўцаў прыбыў з Мінска ў Маладзечна на службовым транспарце «для аховы грамадскага парадку падчас правядзення масавага мерапрыемства». Ён распавёў, што яны адразу прыбылі ў Маладзечанскае РАУС для інструктажу. У цэлым, на акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, у Маладзечне працавала восем супрацоўнікаў міліцыі: пяць супрацоўнікаў АМАПа з Мінска і тры супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС.

"Наша нясенне службы ў Маладзечне заключалася ў тым, што мы на нашым транспарце пад'язджалі да людзей, якія ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве. Далей выходзіў адзін супрацоўнік Маладзечанскага РАУС у форме, з гучнагаварыцелем, і два нашы супрацоўнікі АМАПу, якія забяспечвалі яго бяспеку. Супрацоўнік Маладзечанскага РАУС праходзіў у натоўп людзей і папярэджваў аб тым, што яны знаходзяцца на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і прасіў іх разысціся. Таксама папярэджваў, калі не выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, за гэта надыходзіць адміністрацыйная адказнасць. Супрацоўнік Маладзечанскага РАУС выходзіў 4-5 разоў.

На скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага супрацоўнік Маладзечанскага РАУС неаднаразова выходзіў з машыны, праводзіў досыць доўгі час, тлумачачы грамадзянам, што яны знаходзяцца на несанкцыянаваным мерапрыемстве, некалькі разоў праходзіў туды-назад. Апошні раз разам з ім апынуўся я з напарнікам".

Баранаў распавёў, што на акцыі 19 чэрвеня маладзечанцы "выкрыквалі лозунгі, скандавалі лозунгі":

"Некаторыя грамадзяне нават дапускалі сабе крычаць "Ганьба супрацоўнікам міліцыі", якія там знаходзіліся".

Супрацоўнік АМАПу Яўген Баранаў распавёў, што на акцыі яны затрымлівалі "найбольш актыўных удзельнікаў акцыі". Такім, паводле яго слоў, апынуўся 24-гадовы Мікалай Алейнік, які быў "своеасаблівым завадатарам". Менавіта яго адбівалі мясцовыя жыхары Маладзечна ў сілавікоў.

"Мы падышлі да грамадзяніна Алейніка, ён быў адзін, прадставіліся, папрасілі яго прайсці ў службовы транспарт, на што ён адказаў адмовай. Тады з ужываннем фізічнай сілы пачалі затрымліваць, ён аказаў нам непадпарадкаванне. З ужываннем фізічнай сілы яго даставілі ў транспарт.

У гэты момант я стаяў тварам да транспарту, дзверы былі адчыненыя, і спіной да астатніх удзельнікаў масавага мерапрыемства. Далей я адчуў, што мяне нехта схапіў за левую руку і пацягнуў уніз, з прычыны чаго я ўпаў. Пасля грамадзянінам, які пацягнуў мяне ўніз, апынуўся грамадзянін Еўсцягнееў. Я ўпаў на рукі і калені. Пасля чаго на мяне пачалі падаць яшчэ людзі – я ўпаў на локці. Пасля падзення я перавярнуў, атрымліваецца, перакінуў праз сябе грамадзяніна Яўсцягнеева, каб мець магчымасць устаць. Далей я ўстаў. Якавенка знаходзіўся перада мной на момант дастаўлення [Алейніка], а пры падзенні я ўжо не мог фіксаваць, дзе знаходзіўся Якавенка. Але бачыў, што ён упаў разам са мной, што яго нехта пацягнуў, але падзеі ўжо потым аднаўляў па відэазапісе.

Пасля таго як я падняўся, Еўсцягнееў таксама падняўся і адышоў у бок. Ён, магчыма, знаходзіўся ззаду нашага аўтамабіля. У мяне былі пашкоджанні, калена ўдарыў", – распавядае АМАПавец Яўген Баранаў.

На судзе некалькі разоў заяўляў, што ён прытрымліваецца тых паказанняў, якія даваў раней. На яго думку, прайшло шмат часу, і ён можа чагосьці не памятаць.

Дарэчы, 24 чэрвеня Маладзечанскі раённы суд асудзіў Мікалая Алейніка па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП на 15 сутак арышту. У ходзе судовага працэсу абаронца Пяскова распавёў, што Мікалай Алейнік падаваў заяву па факце прымянення супрацоўнікамі АМАПа непрапарцыйнай фізічнай сілы пры затрыманні і бесчалавечнай транспарціроўкі ў РАУС. Пасля затрымання хлопцу стала дрэнна, яго адвезлі ў бальніцу і зрабілі ўкол. Таксама лекарамі былі зафіксаваныя ў Алейніка ўдары, раны і сінякі. Аднак Якавенка і Баранаў у судзе сказалі, што не памятаюць, як давалі тлумачэнні з гэтай нагоды, аргументуючы гэта тым, што яны шмат за тры месяцы далі тлумачэнняў.

Затым у якасці пацярпелага быў дапытаны пацярпелы супрацоўнік АМАПа Вячаслаў Якавенка. Ён пацвердзіў словы свайго калегі. Ён распавёў, што супрацоўнікі АМАПу, якія прыбылі ў той вечар у Маладзечна для аховы грамадскага парадку на масавым мерапрыемстве, пры сабе мелі "дубінкі, кайданкі і газ-шок". Але сказаў, што 19 чэрвеня яны "не даставаліся, не ўжываліся". Пра пісталет, які выпаў у яго калегі, Якавенка не згадаў. Супрацоўнік АМАПу не мог сказаць, што канкрэтна Павел Пяскоў "хапаў яго за абмундзіраванне і за шыю". Ён казаў, што гэта быў грамадзянін у зялёнай майцы і шэрых альбо светла-зялёных штанах. Абаронца Пяскова спытаў, ці не ўбачыў ён гэта потым на відэа. Таксама абаронца паставіў пад сумнеў тое, што Якавенка наогул мог бачыць Пяскова. Супрацоўнік АМАПа сказаў, што ён убачыў яго перафарычным зрокам. У пратаколе вочнай стаўцы паміж Якавенкам і Пясковым, частка якога была агучана на судовым працэсе, супрацоўнік АМАПу сказаў, што ён не бачыў, што да яго падышоў менавіта Пяскоў.

Суддзя агучвала ў судзе пратаколы допытаў пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа ад 23 чэрвеня, так як маюцца супярэчнасці ў паказаннях, дадзеных імі ў судзе і падчас следства. Падчас следства Якавенка выразна даваў паказанні, як упаў і ў якім становішчы яго калега Баранаў пасля нападу дэманстрантаў. Аднак на судзе, ён не мог расказаць гэтага. Супрацоўнікі АМАПу неаднаразова паўтаралі, што падтрымліваюць раней дадзеныя паказанні. 

Пасля допыту пацярпелых, Якавенка і Баранаў папрасілі суд разглядаць справу ў іх адсутнасць. Супрацоўнікі АМАПу заявілі, што не збіраюцца падаваць іскі да Пяскова і Еўсцягнеева. Адвакат спытаў у іх, як караць пацярпелых, калі суд вырашыць гэта зрабіць. Абодва адказалі: "Як вырашыць Высокі суд".


Судовае разбіральніцтва крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 КК у дачыненні да Паўла Пяскова і Яўгена Еўсцягнеева працягнецца ў судзе Маладзечанскага раёна 17 і 18 верасня. У гэтыя дні плануецца дапытаць каля дзесяці сведак па гэтай крымінальнай справе. Абвінавачаныя Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў будуць даваць паказанні на судзе апошнімі пасля допыту сведак.

Наступнае судовае паседжанне прызначанае на 10:30 17 верасня. На ім чакаюцца допыты праз відэасувязь іншых супрацоўнікаў Амапа, якія прыбылі 19 чэрвеня з Мінска ў Маладзечна для аховы грамадскага парадку на масавым мерапрыемстве.

"Вясна" працягвае сачыць за судовым працэсам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства