viasna on patreon

"Вясна" атрымала прэстыжную польскую прэмію "Арол" імя Яна Карскага

2020 2020-09-17T23:07:45+0300 2020-09-17T23:11:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/premia_arol_17vierasnia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За шматгадовую працу па абароне правоў чалавека, годнасці і дэмакратыі Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў прэстыжную польскую прэмію “Арол” імя Яна Карскага. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 17 верасня. Прэмію ад імя Таварыства Яна Карскага ўручыў амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і старшыня
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага цэнту “Вясна” Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, выказаў вялікую падзяку польскаму народу за падтрымку і адзнаку працы беларускіх праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і соцен тысяч людзей у такі цяжкі перыяд.

“З аднога боку, мы не верым да канца ў тое, што зараз адбываецца, але з ішага боку, прымаем актыўны ўдзел. Бо для гэтага і стваралася “Вясна”, каб у такія моманты аказваць максімальную дапамогу ўсім, хто трапляе ў цяжкія сітуацыі пры нашым рэжыме.

Узровень рэпрэсій зараз надзвычайна высокі. Тое, з чым мы зараз сустракаемся, цяжка з чымсьці параўнаць. Зараз мы перажываем сапраўдную прававую і цывілізацыйную катастрофу. Бо ціск на беларускае грамадства зараз неймаверны. І мы мусім дакладна разумець, што ўся маральная і палітычная дапамога, у якой мае патрэбу беларускі народ, патрэбна менавіта сёння”.

Алесь Бяляцкі звярнуўся да амбасадараў іншых еўрапейскіх дзяржаў з заклікам прыкласці ўcе магчымыя намаганні, каб спыніць хвалю рэпрэсій, якая абрынулася на Беларусь.

Прэмія “Арол” заснавана ў 2000 годзе – у год смерці Яна Карскага. Карскі быў польскім грамадскім дзеячом, актыўным удзельнікам польскага руху Супраціву, за дапамогу габрэям падчас Халакоста атрымаў званне праведніка свету. Сярод тых, хто ў папярэднія годы атрымліваў прэмію імя Яна Карскага, былі Тадэвуш Мазавецкі, Лех Валенса, Адам Міхнік, Шымон Пэрэс, Міхаіл Гарбачоў, Барыс Нямцоў (пасмяротна). “Вясна” стала 19-тым лаўрэатам прэміі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства