viasna on patreon

"Да гэтага года Юра, як і большасць людзей у нашай краіне, быў апалітычны". Гісторыя палітвязня

2020 2020-09-18T13:57:09+0300 2020-09-18T17:57:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/savickaya_kacyaryna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на раніцу 18 верасня ў Беларусі налічваецца 70 палітычных зняволеных. “Вясна” працягвае распавядаць гісторыі людзей, якія пераследуюцца дзяржавай па палітычных матывах. Палітвязень Юры Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за яго вылучэнне, а ў ноч з 9 на 10 жніўня выйшоў з сябрамі на мітынг у Мінску супраць фальсіфікацыі выбараў. Цяпер Юрыя абвінвачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Савіцкая. Фота: svaboda.org
Кацярына Савіцкая на мітынгу ў Мінску. Фота: svaboda.org

Дырэктара мінскай станцыі шынамантажу, Юрыя Савіцкага затрымалі 10 жніўня на працы. Але па словах ягонай жонкі Кацярыны Савіцкай, гэта было выкраданеннем чалавека. Шасцёра чалавек у цывільным на таніраваным аўтобусе звезлі Юрыя ў невядомым кірунку. Наступныя чатыры дні ягоная жонка не ведала, дзе і ў якім стане знаходзіцца Юрый.

Кацярына шукала мужа ўсе гэтыя дні ў спісах затрыманых, асуджанных, змешчанных у ізалятары. Але ў ніякіх спісах іх прозвішча не было. У ГУУС Мінгарвыканкама казалі, што зняволеных занадта шмат — няма часу іх афармляць. Тады Кацярына пачала шукаць каго-небудзь, хто мог пазнаць мужа па фатаздымку. Яна паехала пад ізалятар у Жодзіна з фотаздымкам Юрыя, каб знайсці тых, хто бачыў яго. Так яна знайшла сукамернікаў Юрыя.

«Ад супрацоўнікаў РУУС Заводскага раёну ўдалося даведацца, што ён нібыта ў групе людзей, якую адправілі ў Жодзіна. Як толькі 13 жніўня адтуль пачалі адпускаць людзей, я з самай раніцы стаяла ў натоўпе і падбягала да кожнага вызваленага. Знайшла мужчын, якія 10-га таксама былі ў тым жа аддзяленні міліцыі, але ніхто апазнаць мужа не змог. Сцямнела. Ужо нічога не чакаючы, падышла да хлопца. Ён задумаўся, зірнуўшы на фота. Апісала, у што быў апрануты. І пацвердзіў: так, быў з такім у камеры. Сказаў, што ўсё кепска, рыхтуецца крымінальная справа»,распавяла Кацярына “Радыё Свабода”.

Пазней стала вядома, што Юрый Савіцкі стаў фігурантам справы аб масавых беспарадках у Мінску.

«Так я даведалася, што муж — падазраваны ў крымінальнай справе паводле артыкулу 293 (частка 1) з тэрмінам пазбаўлення волі ад 5 да 15 гадоў.  Ад выпадковых людзей, уяўляеце? Пачаткова допыт вялі без права на адваката і вестку для сваякоў. Колькі яшчэ дзён прайшло б, каб я бяздзейна чакала афіцыйнай інфармацыі, — можна толькі здагадвацца», — расказала жанчына “Свабодзе”.

Юрыю Савіцкаму прад’явілі абвінавачванне па ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. 28 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Юрыя Савіцкага палітычным зняволеным. Пазней частку артыкула змянілі — цяпер яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт.

«Так, ён быў сябрам ініцыятыўнай групы, збіраў подпісы за Віктара Бабарыку. Так, ён абмяркоўваў з сябрамі перадвыбарную кампанію, рабіў рэпосты ў сацыяльных сетках. Так, ён прысутнічаў на мітынгу супраць фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня. Але гэта не робіць яго крымінальным злачынцам!» — гаворыць Кацярына.

Юрый Савіцкі. Фота прадастаўлена
Юрый Савіцкі. Фота прадастаўлена "Вясне" ягонай жонкай

"Да гэтага года Юра, як і большасць людзей у нашай краіне, быў апалітычны. Але ў гэтым годзе ў яго з'явілася вера, нават упэўненасць, што ўсё можа змяніцца. Мы разумелі, што ў нашай краіне выказваць адкрыта сваё меркаванне небяспечна, і што ісці на мірную акцыю 9 жніўня таксама небяспечна. Але Юра вырашыў, што гэта яго грамадзянскі абавязак — быць у ліку нязгодных смелых людзей 9 чысла, дзеля нашай будучыні, будучага нашага дзіцяці. Мы разумелі рызыкі, але нават уявіць не маглі, што ўсё можа абярнуцца такім чынам", — расказвае "Вясне" жонка Юрыя.

На дадзены момант Юрый Савіцкі ўтрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску. Ягоная жонка Кацярына распавяла “Вясне”, што лісты ад яе, хутчэй за ўсё, даходзяць не ўсе.

“Па агульным тэксце лістоў відаць, што трымаецца, маральна стабільны. Ён наогул вельмі моцны духам, хутка адаптуецца. Нават жартуе. Кажа, што ў турме ўжо ходзіць жарт: "Хто не сядзеў у турме — той не жыў у Беларусі”.

Піша, што вельмі ганарыцца нашым народам. Хоць і інфармацыя да яго не даходзіць, асабліва аб тым, што адбываецца, але разумее, што людзі працягваюць адстойваць свае правы”, — распавяла жонка палітвязня.

Адрас для лістоў Юрыю: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Гісторыі іншых палітвязняў па падзеях 9-13 жніўня ў Беларусі:

 У Беларусі чатыры жанчыны-палітзняволеныя. За што іх пераследуе дзяржава?

Па стане на раніцу 10 верасня ў Беларусі налічваецца 55 палітычных зняволеных. Чатыры з іх — жанчыны. «Вясна» сабрала гісторыі палітычных зняволеных жанчын Беларусі.

 "Штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". За што дзяржава пераследуе дваіх сяброў?

"Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Аднымі з такіх з'яўляюцца сябры 28-гадовы айцішнік Андрэй Пазняк і 29-гадовы прадпрымальнік Антон Бяленскі. Расказваем гісторыю палітвязняў Андрэя Пазняка і Антона Бяленскага.

"Здымаў на тэлефон, у справе — кінуў палку ў АМАП". Як пінчука абвінавачваюць у масавых беспарадках

36-гадовага Рамана Багнаўца абвінавачваюць ва ўдзеле масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня. Сам раман да арышту працаваў маналітчыкам у Мінску, а ў Пінск прыехаў напярэдадні выбараў па сямейных справах: трэба было аформіць дакументы пасля смерці маці. Сястра Рамана распавяла "Вясне", як яе брат аказаўся фігурантам справы аб масавых беспарадках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства