viasna on patreon

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Каранавірус і яго ўплыў на становішча бяздомных людзей у Беларусі

2020 2020-09-18T15:55:28+0300 2020-09-18T15:55:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/covid_bezdomnye.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бяздомныя ў Мінску на раздачы ежы ініцыятывай "Ежа замест бомбаў"

Бяздомныя ў Мінску на раздачы ежы ініцыятывай "Ежа замест бомбаў"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных. 


Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў становішча бяздомных людзей ва ўмовах крызісу каранавіруснай інфекцыі: як і дзе яны могуць атрымаць сродкі індывідуальнай абароны і знаходзіцца ў самаізацыі або каранціне.

На сённяшні дзень няма пэўных статыстычных дадзеных, якія маглі б даць уяўленне аб колькасці бяздомных у Беларусі. Гэта звязана, у першую чаргу, з адсутнасцю ў прыярытэтах сацыяльнай дзейнасці дзяржавы выяўлення бяздомных людзей і іх сацыяльнай рэабілітацыі; таксама гэтаму спрыяе адсутнасць на нацыянальным узроўні пэўнага разумення самога тэрміна "бяздомны". Відавочна, найбольш аб'ектыўнымі варта лічыць звесткі міністра працы і сацыяльнай абароны М. Шчоткінай – 4000 чалавек, пра якія яна паведаміла падчас прэс-канферэнцыі А. Лукашэнкі ў 2013 годзе.

Мабыць, адзіным адказам дзяржавы на выклікі праблемы наяўнасці бяздомных стала сістэма гарадскіх цэнтраў (дамоў) начнога знаходжання, якія арганізаваныя ў 11 гарадах Беларусі (уключаючы Дом начнога знаходжання дабрачыннай місіі "Вяртанне" ў Баранавічах). Гэтага, безумоўна, недастаткова: няма адпаведных устаноў у найбуйнейшым абласным цэнтры – Гомелі з насельніцтвам больш за 500 тысяч чалавек, Берасці і практычна ва ўсіх раённых цэнтрах. У невялікіх райцэнтрах для некаторых катэгорый бяздомных ёсць тэарэтычная магчымасць скарыстацца паслугамі Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Нешматлікія дабрачынныя праекты, разлічаныя на падтрымку бяздомных людзей, у цэлым не мяняюць становішча.

Са з'яўленнем праблемы распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 у 2020 годзе супрацоўнікі сацыяльных устаноў і грамадскіх арганізацый прадпрымалі меры па данясенні ведаў аб мерах супрацьэпідэміялагічнай бяспекі сярод бяздомных.

Ужо ў канцы красавіка ва ўладаў паўстала разуменне неабходнасці прыняцця мераў па абмежаванні перамяшчэння па горадзе бяздомных. Аднак пэўных і эфектыўных дзеянняў па тыпу засялення максімальнай колькасці бяздомных на ўмовах пансіёну, з прадастаўленнем жылля і рэгулярнага гарачага харчавання прадпрынята не было.

У Мінскім "Доме начнога знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства", напрыклад, быў уведзены каранцін: прыём новых людзей, што пражываюць, не праводзіўся. Да раней існуючых патрабаваннях аб праходжанні медагляду дадалося патрабаванне аб наяўнасці адмоўнага тэсту на каранавірус.

dom_nochnogo_prebyvania.jpg
"Дом начнога знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства" ў Мінску. Фота з yandex.by

У чэрвені ў Доме начнога знаходжання засталося больш за 30 чалавек. Тады ж у траіх жыхароў і аднаго супрацоўніка быў дыягнаставаны каранавірус; іх шпіталізавалі, астатнія 30 чалавек сталі кантактамі першага ўзроўню і былі ізаляваныя там жа, у Доме.

Раней Дом начнога знаходжання не быў прыстасаваны для пастаяннага пражывання там людзей: у прыватнасці, як правіла адсутнічала магчымасць прыгатавання гарачай ежы. Гэтая праблема была вырашана з дапамогай валанцёрскіх праектаў і грамадскіх арганізацый, якія забяспечылі пастаяльцаў прадуктамі хуткага прыгатавання і прывозілі гатовыя порцыі ежы. Таксама людзі, што там пражывалі, забяспечваліся сродкамі індывідуальнай абароны.

Наогул у Мінску гэта ўстанова разлічана на 92 месцы, на канец красавіка ў ёй пражывалі 78 чалавек. Кіраўнік установы Павел Залатухін сцвярджаў, што там можна размясціць да 150 чалавек. У чэрвені каранцін быў зняты, і Дом начнога знаходжання вярнуўся да звычайнага рэжыму функцыянавання.

У Бабруйску каранцінныя меры былі менш жорсткімі і ўключалі ў сябе прафілактычную апрацоўку паверхняў, нашэнне масак, забарону на наведванне іншымі асобамі, акрамя супрацоўнікаў і тых асобаў без пэўнага месца жыхарства, хто пражывае у цэнтры часовага (начнога) знаходжання.

У цяперашні час (на 15 верасня) усе дамы начнога знаходжання працуюць у звычайным рэжыме, з невялікай нагрузкай (як правіла, у цёплы перыяд года попыт на змяшчэнне ў гэтыя ўстановы невысокі).

У дзяржаўнай установе "Гродзенскі гарадскі дом начнога знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства" умовай размяшчэння ўказваюць наяўнасць у бяздомнага пры сабе маскі, аднаразовых пальчатак.

У той жа час усе астатнія дамы начнога знаходжання, дзе выбарачна былі апытаныя супрацоўнікі (Віцебск, Ліда, Менск і інш.), такіх патрабаванняў не ўводзяць.

У цэлым толькі некаторы адсотак бяздомных маюць шанец на пражыванне ў такіх установах: гэтая магчымасць прадастаўляецца выключна па месцы ранейшай рэгістрацыі, г. зн. у Мінску бяздомныя з іншых населеных пунктаў зарэгістраваныя не будуць, а адпаведна, магчымасць пражываць у Доме ім не дадуць; уладкаванне ў Дом звязана з выдаткамі і пэўнымі патрабаваннямі. Да таго ж, колькасць месцаў у такіх установах абмежаваная: напрыклад, у Мінску – 92, у Віцебску – 38, у Лідзе – 10, столькі ж у Баранавічах і Салігорску; каля 20 – у Оршы, Бабруйску і Магілёве, да 50 – у Гродне.

Такім чынам, выканаць рэкамендацыі па самаізаляцыі ў выпадку неабходнасці бяздомныя людзі не змогуць. У лепшым выпадку каля трохсот з іх змогуць прэтэндаваць на месцы ў спецыялізаваных дамах начнога знаходжання, пры гэтым месцаў для жанчын, як правіла, менш, чым месцаў для мужчын.

Улічваючы надыходзячае пахаладанне і магчымы рост захворвання COVID-19, праблема забеспячэння бяздомных жыллём, харчаваннем і належным медыцынскім абслугоўваннем павінна быць максімальна эфектыўна вырашана. Для гэтага ўладам неабходна павялічыць колькасць месцаў у сацыяльных установах, прапанаваць даступныя і бяспечныя медыцынскія меры для таго, каб усе кандыдаты на месцы ў дамах начнога знаходжання бесперашкодна засяляліся на неабходны час у гэтыя ўстановы.

"Жыллё стала свайго роду крэпасцю, якая абараняе ад каранавіруса. Сёння як ніколі наяўнасць жылля – гэта пытанне жыцця і смерці",заявіла ў сакавіку Спецыяльны дакладчык па праве на адэкватнае жыллё Лэйлані Фарха.

Яна выказала крайнюю занепакоенасць становішчам бяздомных і насельнікаў трушчобаў і стыхійных паселішчаў.

"Забяспечыўшы доступ да бяспечнага жылля, які мае належныя санітарныя ўмовы, дзяржавы не толькі абароняць жыццё бяздомных ці тых, хто жыве ў стыхійных паселішчах, але і дапамогуць абараніць насельніцтва ўсяго свету...", – падкрэсліла экспертка ААН.

Лэйлані Фарха таксама выказала асцярогу, што каранавірус прывядзе да росту арміі бяздомных: многія людзі могуць страціць працу і сутыкнуцца з эканамічнымі цяжкасцямі і, магчыма, не змогуць плаціць за кватэру або выплачваць іпатэку.

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Чыноўнік адмаўляе недахоп СІА, дзяржзакупкі кажуць пра адваротнае

Спосаб аналізу стану ў стацыянарных сацыяльных установах – дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў, а таксама для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў – працуе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства