"Рэпарцёры без межаў" - супраць наступу на інтэрнэт.
Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" выступіла з заявай пратэсту з нагоды прыцягенння да адміністратыўнай адказнасці журналісткі Наталлі Каляды, якая займаецца інфармацыйным напаўненнем сайта "Хартыі-97".
"Усё, што здзейсніла Каляда - выказалася супраць бясконцых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, - лічаць "Рэпарцёры без межаў". - Караючы яе за напісанне артыкулаў у інтэрнэце, суддзя ... дае трывожны сігнал праваабаронцам і журналістам". "Рэпарцёры" адзначаюць, што ў Беларусі, дзе незалежная прэса знаходзіцца пад пастаянным уціскам з боку ўладаў, інтэрнэт застаецца бадай адзінай крыніцай неадцэнзураванай інфармацыі. "Мы рашуча асуджаем гэтую спробу знішчыць свабодную прэсу ў інтэрнэце", - гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў нагадвае: 2-га лютага суд Цэнтральнага раёна г. Мінска аштрафаваў журналістку, супрацоўніцу прэс-цэнтра грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" Наталлю Каляду на 20 базавых велічыняў (350 тысяч беларускіх рублёў, альбо 160 у.а.). Суддзя вырашыла, што падрыхтоўка і распаўсюд журналісткай інфармацыі на сайце "Хартыі-97" з'яўляецца парушэннем артыкула 167-10 Адміністратыўнага Кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраваных альбо неперарэгістраваных палітычных партый, прафесійных саюзаў альбо іншых грамадскіх аб'яднанняў).