viasna on patreon

Дэпутаты з Польшчы і Германіі сталі “хроснымі” палітвязняў Андрэя Новікава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Казлова

2020 2020-09-21T17:09:37+0300 2023-07-27T15:07:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/westandbyyou-396x280.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, Томаш Франкоўскі (Еўрапейскі парламент, Польшча), Францыска Брантнер (Бундэстаг Германіі) і Ніклас Ніенас (Еўрапейскі парламент, Германія) сталі “хроснымі” палітычных зняволеных у Беларусі.

tomasz-frankowski.jpg
Сябра дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Томаш Франкоўскі

Сябра дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Томаш Франкоўскі сказаў з нагоды свайго рашэння падтрымаць Андрэя Новікава:

“Сваёй апошняй рэзалюцыяй аб сітуацыі ў Беларусі, прынятай большасцю галасоў Еўрапейскага парламента, мы дасылаем палітычны сігнал людзям у Беларусі аб тым, што мы падтрымліваем іх. Мы таксама заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачванняў супраць усіх затрыманых па палітычных матывах да і пасля так званых выбараў 9 жніўня, уключаючы ўсіх затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў альбо супраць гвалту, які выкарыстоўваецца ўладамі, альбо ў знак падтрымкі гэтых пратэстаў”.

franziska_brantner.jpg
Прадстаўніца па пытаннях еўрапейскай палітыкі парламенцкай групы Bündnis90/Die Grünen Францыска Брантнер

Францыска Брантнер, прадстаўніца па пытаннях еўрапейскай палітыкі парламенцкай групы Bündnis90/Die Grünen у нямецкім Бундэстагу, стала “хроснай” Уладзіміра Цыгановіча і заявіла:

“На працягу некалькіх тыдняў жыхары Беларусі змагаюцца за свае правы, за дэмакратыю і супраць адной з апошніх дыктатур у Еўропе. Пры гэтым яны рызыкуюць стаць ахвярамі пераследу, арышту і выкрадання, як гэта здарылася з блогерам Уладзімірам Цыгановічам, які знаходзіцца ў турме з 9 чэрвеня 2020 года і ў падтрымку якога я стала сімвалічнай “хроснай маці” ў межах кампаніі салідарнасці з усімі людзьмі, якія мірна пратэстуюць за сваю свабоду ў Беларусі. Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна вызваліць яго і ўсіх астатніх палітвязняў, безумоўна і без шкоды здароўю, паважаць правы чалавека і правесці сумленныя і свабодныя выбары”.

nienass.jpg
Сябар Камітэта па культуры і адукацыі Еўрапейскага парламента Ніклас Ніенас

Сябар Камітэта па культуры і адукацыі Еўрапейскага парламента Ніклас Ніенас адзначыў у сувязі з падтрымкай палітзняволенага Дзмітрыя Казлова:

“Палітычнае зняволенне ў Беларусі не з'яўляецца навіной. Дзмітрый Казлоў неаднаразова затрымліваўся яшчэ да фальсіфікацый выбараў і масавых пратэстаў у апошнія тыдні — проста за тое, што дзяліўся сваім меркаваннем на YouTube. У чэрвені ён быў зноў арыштаваны і да гэтага часу не вызвалены. Мы не павінны дазваляць дыктатарам і рэжымам душыць свабоду слова. Мы не павінны дазволіць ім заглушыць крытычныя галасы. Мы не павінны дазваляць, каб іх тэрор нас напужаў. Дзмітрыю і ўсім беларусам: трымайце галаву высока, будзьце моцныя і працягвайце барацьбу!”

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” дваццаці двух палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства