viasna on patreon

Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем Марыі Рабковай

2020 2020-09-21T18:26:28+0300 2020-09-21T18:27:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabkova-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Жаромскі і Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак.

Вадзім Жаромскі і Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем Марыі Рабковай, а таксама пераследам яе мужа.

17 верасня 2020 г. у Менску затрымалі праваабаронцу Марыю Рабкову. Затрыманне праводзілася ў рамках крымінальнай справы, якую распачалі ў сувязі з  пратэстамі, якія працягваюцца ў краіне. Разам з праваабаронцай быў затрыманы яе муж Вадзім Жаромскі, якога пазней адпусцілі.

Марыя Рабкова - праваабаронца і каардынатарка валанцёрскай службы арганізацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ"Вясна"). Разам з валанцёрамі арганізацыі Марыя Рабкова ажыццяўляе назіранне за правядзеннем мірных сходаў, якія ўспыхнулі па ўсёй Беларусі 9 жніўня, калі былі абвешчаныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна таксама дакументуе сведчанні катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту. Марыя Рабкова брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Увечары 17 верасня, калі Марыя Рабкова і яе муж Вадзім Жаромскі вярталіся дадому, да іх пад'ехала некалькі мікрааўтобусаў. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) выйшлі з транспартных сродкаў і паклалі праваабаронцу і яе мужа тварам у асфальт. Мужу і жонцы паведамілі, што яны затрыманыя ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі за «навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаваньне такой дзейнасці».

Марыю Рабкову і Вадзіма Жаромскага пасадзілі ў розныя мікрааўтобусы. Вадзіма павезлі ў кватэру, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус. Пры ператрусе канфіскавалі абсталяванне, асабістыя рэчы і грошы. Пасля гэтага Вадзіма Жаромскага даставілі ў офіс ГУБАЗіК, дзе яму на галаву надзелі мяшок, дапыталі і прыгразілі перавесці ў ІЧУ. Пазней яго адпусцілі і сказалі, што ён павінен вярнуцца на допыт на наступны дзень.

Марыю Рабкову перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Паводле інфармацыі калегаў праваабаронцы, крымінальная справа ў дачыненні да Марыі вядзе ўпраўленне Следчага камітэта па Менску. Адвакату праваабаронцы паведамілі, што Марыя Рабкова будзе дастаўлена на допыт 18 верасня 2020 года ў 15:00 па мясцовым часе.

На сябраў ПЦ "Вясна" з пачатку траўня 2020 года аказваўся ціск, многія рэгіянальныя прадстаўнікі арганізацыі былі адвольна затрыманыя і падвергнутыя судоваму пераследу, у тым ліку адміністрацыйным арыштам.

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем Марыі Рабковай, а таксама пераследам яе мужа.

Яе арышт рушыў услед за цэлым шэрагам выпадкаў выкарыстання рэпрэсій і судовага пераследу ў дачыненні да праваабаронцаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў у Беларусі пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Front Line Defenders выказвае занепакоенасць тым, што гэтыя дзеянні могуць аказаць стрымальны эфект на прасоўванне і абарону правоў чалавека ў Беларусі, а таксама могуць неспрыяльна ўздзейнічаць на стварэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім праваабаронцы могуць выконваць сваю працу.


Арганізацыя Front Line Defenders была заснаваная ў Дубліне ў 2001 годзе з мэтай абароны праваабаронцаў — людзей, якія знаходзяцца ў небяспецы, займаюцца негвалтоўнай дзейнасцю па абароне ўсіх правоў, абвешчаных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Праца Front Line Defenders накіравана на задавальненне патрэбаў у абароне, пазначаных самімі праваабаронцамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства