viasna on patreon

У палітзняволеных Ліліі Уласавай, Іллі Салея, Віталя і Ягора Пракапчукоў з'явіліся “хросныя”

2020 2020-09-23T15:45:36+0300 2020-09-23T16:20:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/robertbiedron.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, дэпутаты Еўрапейскага парламента Катарына Барлі (Германія) і Роберт Бедрань (Польшча), а таксама дэпутаты Нацыянальнай рады Швейцарыі Марыяна Штрайф-Фэлер і Ліліяна Штудэр сталі “хроснымі” палітычных зняволеных у Беларусі.

katarinabarley.jpg
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Катарына Барлі

Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Катарына Барлі заявіла з нагоды свайго рашэння стаць “хроснай” Ліліі Уласавай:

“Мірная барацьба беларускага народа за дэмакратыю па-ранейшаму заслугоўвае нашай поўнай салідарнасці і падтрымкі! Мы гэта выказалі большасцю галасоў у рэзалюцыі Еўрапейскага парламента. Дыктатарскі ўціск Лукашэнкі на свой народ, які ажыццяўляе свае самыя асноўныя правы, такія як свабода слова і сходаў, непрымальны. Мірны пратэст - гэта не злачынства! Вось чаму ў рамках кампаніі #WeStandBYyou я стала “хроснай” гэтай мужнай жанчыны. Я патрабую неадкладнага вызвалення Ліліі Уласавай, сябра прэзідыума апазіцыйнай Каардынацыйнай рады, і ўсіх астатніх палітвязняў! Вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці”.

robertbiedron.jpg
Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Роберт Бедрань

Роберт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, стаў “хросным” палітвязня Іллі Салея. Ён заявіў:

“Я быў устрывожаны, калі даведаўся пра арышт Іллі. Гэты рашучы малады чалавек апошнія месяцы змагаўся за свабоду і дэмакратыю сваёй краіны, і я захапляюся яго мужнасцю. Як і дзясяткі іншых палітвязняў у Беларусі, ён з'яўляецца ахвярай адчайных спробаў Лукашэнкі захаваць уладу. Маё пасланне Іллю і ўсім палітычным зняволеным у Беларусі: Не губляйце надзеі і працягвайце барацьбу. Разам з маімі калегамі па Еўрапарламенце мы не знойдзем спакою, пакуль вас усіх не вызваляць”.

studer-streiff-feller.jpg
Дэпутаткі Швейцарскай Нацыянальнай рады Марыяна Штрайф-Фэлер і Ліліяна Штудэр

Дэпутаткі Швейцарскай Нацыянальнай рады Марыяна Штрайф-Фэлер і Ліліяна Штудэр сталі “хроснымі” Віталя і Ягора Пракапчукоў і сумесна заявілі:

“Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Ягора Пракапчука і яго бацькі Віталя Пракапчука, а таксама ўсіх астатніх затрыманых за мірнае патрабаванне дэмакратыі і сумленных выбараў і, адпаведна, дабрабыту для сваёй краіны. Усім павінна быць гарантавана свабода слова і мірных сходаў”.

Дэпутаты з Польшчы і Германіі сталі “хроснымі” палітвязняў Андрэя Новікава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Казлова

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou Томаш Франкоўскі (Еўрапейскі парламент, Польшча), Францыска Брантнер (Бундэстаг Германіі) і Ніклас Ніенас (Еўрапейскі парламент, Германія) сталі “хроснымі” палітычных зняволеных у Беларусі.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства