Супраць актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" распачалі крымінальныя справы Дапоўнена
Пяць актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" сталі фігурантамі крымінальнай справы "аб масавых беспарадках" па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале кампаніі.
Днём 25 верасня ў Мінску былі брутальна затрыманыя актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Ягор Літвінка, Андрэй Войніч, Анастасія Кірык і Павел Юхневіч. Супраць іх распачатая крымінальная справа па ч 2. арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).
Паведамляецца, што адначасова ў іншым месцы быў затрыманы Яўген Афнагель. Сілавікі выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. Як паведамілі ягонай жонцы ў Следчым камітэце, ён пакуль знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна і таксама падазраваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Гэта падцвердзіў рэдактар "Наша Нівы" Ягор Марціновіч, які апынуўся у адной камеры з Яўгенам Афнагелем і Паўлам Юхневічам.
Паведамляецца, што ў кватэры, дзе знаходзіліся актывісты "Еўрапейскай Беларусі" сілавікі патрапілі адначасова праз вакно і дзверы. Пры штурме кватэры сілавікі былі ў масках і са зброяй. Канфіскавалі ўсю тэхніку, сцягі, асабістыя рэчы затрыманых. Па словах відавочцкаў, актывістаў збівалі, патрабавалі паролі ад іх тэлеграмаў.
Вядома, што Анастасія Кірык і Ягор Літвінка на дадзены момант знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.
У Беларусі ўзбудзілі яшчэ дзве крымінальныя справы па "масавых беспарадках"