У суды забаранілі ўваходзіць тым, хто не мае позваў Фота
Як паведамляе Радыё Свабода, з 1 кастрычніка ў суды Гомеля і Гродна могуць трапіць толькі ўдзельнікі працэсаў. Афіцыйная прычына — каранавірус.
Такія абвесткі пабачылі на судах Гродна і Гомеля 1 кастрычніка. Забарона дзейнічае з прычыны «плану захадаў для прафілактыкі і мінімізацыі рызыкі пашырэння каранавіруснай інфэкцыі (COVID-19) у асенне-зімні пэрыяд 2020–2021 гадоў у сыстэме судоў агульнай юрысдыкцыі». Адпаведны загад выдаў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі 28 верасня.
Загад паказалі ў Кастрычніцкім судзе Горадні актывісту Ежы Грыгенчы, але сфатаграфаваць не дазволілі, бо ён, маўляў, для ўнутранага карыстання.
Адметна, што вясной Вярхоўны суд адзначаў, што меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі не закранаюць прынцыпу галоснасці судовага разбору.
«Неабгрунтаванае абмежаванне доступу грамадзянаў у суды не дапускаецца. У справах, якія разглядаюцца ў адкрытых судовых пасяджэннях, забяспечваецца магчымасць прысутнасці асобаў, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі працэсу, у тым ліку журналістаў сродкаў масавай інфармацыі», — гаварылася ў паведамленні Вярхоўнага суду ў красавіку.