"Не пусцілі далей турнікета". Маці спрабавала падаць заяву аб затрыманні непаўналетняга сына, але цяпер ім цікавіцца інспекцыя
Наталля Аскерка спрабавала напісаць заяву аб незаконным затрыманьні і зьбіцьці яе 15-гадовага сына. Аднак у будынак Следчага камітэта яе не пусцілі далей турнікета, а крыху пазней цікавасць да сям'і Наталлі стала выказваць Інспекцыя па справах непаўналетніх.
15-гадовага Ягора затрымалі каля 19 гадзін 27 верасня, калі спрабаваў з'ехаць дадому з прыпынку грамадскага транспарту каля станцыі метро "Уручча" (паколькі метро было закрыта).
"Дубінкай стукнулі, павалілі на зямлю, звязалі рукі сцяжкамі, — распавяла "Вясне" маці Ягора Наталля. — А на тое, што ён крычаў "Мне 15!" — нецэнзурна адказвалі: "Разбярэмся ў РАУС"... Яго білі пры затрыманні па галаве і нагах, а ў аўтобусе [куды змясцілі Ягора] — па спіне".
Пра затрыманне Наталлі не паведамілі. Даведалася яна пра гэта сама — калі шмат разоў запар спрабавала набраць мабільны нумар сына. У нейкі момант на званок адказалі — але не Ягор, а супрацоўніца Ленінскага РУУС, якая прадставілася інспектарам па справах непаўналетніх. Яна паведаміла Наталлі аб тым, дзе ёй варта забіраць Ягора.
30 верасня Наталля вырашыла напісаць заяву на супрацьзаконныя дзеянні супрацоўнікаў у дачыненні да яе непаўналетняга сына ў раённы аддзел Следчага камітэта Ленінскага раёна горада Мінска. Аднак туды Наталлю не пусцілі:
"Там на ўваходзе сядзеў нейкі малады супрацоўнік. Ён кажа: вось ўнутраны тэлефон, тэлефануйце аператару. Падняла нейкая дзяўчына, якой я сказала аб тым, што хачу напісаць заяву. Яна кажа: "Напішыце". Я адказваю: "Я ж не ведаю, як пісаць. Пакажыце мне, як правільна". Яна сказала, што ўзор заявы вісіць на стэндзе. Але на стэндзе віселі "узор нумар 1" і "узор нумар 2", і не зразумела было, да чаго яны адносіліся. Я папрасіла ў яе прынесці мне паперу і ручку, бо з сабой іх не нашу – і чакала гэтага каля паўгадзіны. Тэлефанавала-тэлефанавала — ніхто ўжо не адказваў. Тады супрацоўнік, які дзяжурыў ля ўваходу, даў яшчэ адзін нумар, на які адказала ўжо іншая дзяўчына — і па новай стала мяне пытацца, чаго я хачу. У рэшце рэшт яна выйшла, дала мне лісток і сказала: "Напішыце, я забяру". Я напісала заяву на імя начальніка, апісала сітуацыю, выказала там ўсе свае прэтэнзіі. Зноў ёй патэлефанавала — але яна падышла толькі да турнікета і сказала перадаць мне заяву ёй праз турнікет. Я ў той момант разгубілася і не папрасіла ў яе нейкага пацверджання аб тым, што заява прынятая".
Як тлумачаць юрысты праваабарончага цэнтра "Вясна", згодна з часткай першай артыкула 168 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, заявы грамадзян аб злачынстве могуць быць вуснымі і пісьмовымі. Частка ж трэцяя кажа аб тым, што вусная заява заносіцца ў пратакол, які падпісваецца заяўнікам і службовай асобай органа дазнання, асобай, якая праводзіць дазнанне, следчым або пракурорам, якія прынялі заяву. Артыкул жа 172 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса ўказвае на тое, што орган крымінальнага пераследу абавязаны прыняць, зарэгістраваць і разгледзець заяву аб злачынстве. Заяўніку пры гэтым выдаецца дакумент аб рэгістрацыі прынятай заявы або паведамленні аб злачынстве з указаннем службовай асобы, якая прыняла заяву ці паведамленне, і часу іх рэгістрацыі.
Цяпер жа сям'ёй Наталлі цікавіцца інспекцыя па справах непаўналетніх. Так, інспектар стэлефаноўвалася з Ягорам, каб даведацца тэлефоны майстра і куратара групы ў ліцэі, дзе ён вучыцца. Пра гэта Наталлі стала вядома толькі са слоў сына.
Акрамя гэтага, 29 верасня позна ўвечары Наталлі тэлефанавалі майстар і куратар групы і пыталіся звесткі пра бацькоў Ягора.
"Я адказваю, навошта вы ў мяне пытаецеся дадзеныя, калі ўсё гэта ўказана ў дакументах пры паступленні ў каледж? — распавяла Наталля. — На што мне кажуць: ну мы ж ужо дома, мы не можам паехаць у вучылішча і знайсці гэтыя дакументы. А ў нас вось прама ўжо [патрабуюць] — давай і ўсё!"
З дапамогай "Вясны" Наталля Аскерка падала скаргу на імя начальніка РАСК Ленінскага раёна аб тым, што ёй было адмоўлена ў магчымасці падаць вусную заяву аб злачынстве.