viasna on patreon

Уладзімір Вялічкін: "Адказнасць за беспадстаўнае прымяненне зброі хочуць перакласці на людзей” Фота

2020 2020-10-02T13:43:43+0300 2020-10-02T13:58:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vialichkin_123.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Вялічкін

Уладзімір Вялічкін

"Брестская газета" апублікавала інтэрв'ю з кіраўніком брэсцкай філіі "Вясны" Уладзімірам Вялічкіным.

– Уладзімір, колькі чалавек, па дадзеных "Вясны", было затрымана ў Брэсце і вобласці з 9 жніўня і па сёння?

– Мы не сочым за агульнымі лічбамі, мы проста ўносім дадзеныя ў табліцу. Напрыклад, з 9 па 23 жніўня – 984 чалавекі. Трэба разумець, што гэта толькі тыя, хто нам паведаміў. Сапраўды, я думаю, за гэты час было тысячы чатыры затрыманых. З 25 жніўня па 5 верасня затрымана 107 чалавек. Апошняя закрытая табліца – з 8 па 25 верасня – 121 чалавек.

– Акрамя адміністрацыйных спраў, на жаль, ёсць і крымінальныя. Колькі такіх людзей у вобласці?

– На дадзены момант (25 верасня – заўв. рэд.) фігурантамі крымінальных спраў з'яўляецца 51 чалавек. Гэта людзі, у дачыненні да якіх справы завялі пасля выбараў. Але іх будзе больш. Большасць з іх пакуль на свабодзе, але амаль усе – пад падпіскай аб неразгалошванні. Хтосьці пад падпіскай аб нявыездзе. З іх 27 чалавек з Брэста, сярод фігурантаў крымінальнай справы ёсць двое непаўналетніх.

– А жанчыны?

– Ёсць жанчына з Пінска, якую абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка АМАПу, яна знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах. Была затрыманая ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках: па словах супрацоўнікаў міліцыі, яна нібыта замахвалася палкай на супрацоўнікаў міліцыі. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 293. Ёсць жыхарка Брэста, якая праходзіць паводле артыкула 342 за карагод 13 верасня.

На 25 верасня нам вядома аб дзевяці людзей, якім прыйшлі пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы (28 верасня Следчы камітэт паведаміў, што ўстаноўлены асобы 20 падазраваных – заўв. рэд.). Я лічу, дадзены артыкул не адпавядае таму, што ставіцца грамадзянам. Адкрываем КК, глядзім: "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнуўшых парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства». Хто арганізатар? Арганізатара няма – людзі выйшлі і пайшлі. Груба грамадскі парадак ніхто не парушаў: ніхто матам не лаяўся, нікога не абражаў, не біў, не граміў вітрыны або машыны. Панавала атмасфера свята. Ніхто не аб'яўляў, што мерапрыемства незаконна, папярэджанняў людзям не рабіў. Гэта значыць, справу завялі з адзінай мэтай – аказаць псіхалагічнае ўздзеянне на свядомасць грамадзян з мэтай іх запалохаць, паўплываць на настроі ў грамадстве, каб яны баяліся выходзіць на вуліцу і адстойваць свае правы.

9-14 жніўня па віне ўладаў пацярпела вельмі шмат грамадзян – тысячы былі збітыя, дзясяткі параненыя, былі нават смяротныя выпадкі. І цяпер, каб апраўдаць беспадстаўнае выкарыстанне зброі ў гэтыя дні, улады хочуць перакласці адказнасць на грамадзян, якія нібыта іх справакавалі. Гэта ўгледжваецца і ў тых пратаколах, якія складаліся на людзей. Магу прывесці свой прыклад: мяне затрымалі 10 жніўня ў будынку Дома правасуддзя, а два ўчастковых напісалі, што я пікетаваў на Машэрава, у той час, калі там наогул нікога не было: цэнтр быў перакрыты. Калі я папрасіў відэа з камеры назірання суда, суддзя адхіліў хадайніцтва. Г. зн. уся карцінка ствараецца штучна толькі для таго, каб апраўдаць неабгрунтаванае прымяненне празмернай сілы. Сілавікі палівалі людзей з вадамёта, стралялі, труцілі газам, а вінаватыя людзі, якія пацярпелі. Гэта канкрэтна нешта з псіхікай ненармальнае, калі чалавек калечыць іншага і кажа, што гэта не я, гэта ён сам вінаваты.

Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на такі момант. У першыя дні рэпрэсій былі тысячы затрыманых, потым намеціўся рэзкі спад. У першы тыдзень пасля выбараў па ўсёй Беларусі затрымалі некалькі тысяч чалавек, літаральна праз тыдзень ці два – каля тысячы, яшчэ пазней за тыдзень – каля 600 па ўсёй краіне. Гэта значыць, мы бачым устойлівае падзенне колькасці затрыманых. З чым гэта можна звязаць?

– Няма месцаў у ізалятарах?

– Не. Няма каму затрымліваць. У першыя дні мы бачылі, колькі людзей было ў форме і са зброяй. Сёння мы бачым, што іх колькасць рэзка паменшылася, і яны проста не могуць затрымаць большую колькасць людзей з-за сваёй малалікасці.

– А куды яны падзеліся?

– Я мяркую, што гэта былі нейкія камандзіровачныя з краін СНД, былога Саюза. Ёсць сігналы, што людзей прывозілі з суседніх дзяржаў  (кажуць, нават з Балкан былі) і апраналі ў форму без апазнавальных знакаў. Гэта я кажу да таго, што калі людзей пачынаюць выклікаць у кабінеты і казаць, што супраць цябе распачатая крымінальная справа, прызнай віну, то мяне палохае наступная перспектыва. Ёсць людзі розныя – як з моцным, так і са слабым характарам. У большасці сваёй яны не сутыкаліся з тым бязмежжам, які мы сёння бачым. Яны не ведаюць законаў. Сёння нават у ВНУ ні Дэкларацыю правоў чалавека, ні Канстытуцыю Беларусі не адкрываюць, а там усё напісана: людзі маюць шмат правоў. Ну, добра, не чытаў ты Канстытуцыю, не разбіраешся ў законах. Але кожны чуў хаця б аб дзесяці запаведзях. Калі ты не забіў, не скраў, не абылгаў і г. д. – ты сумленны чалавек.

А сёння пацярпелых выклікаюць у кабінеты і спрабуюць абвінаваціць у нейкіх цяжкіх злачынствах паводле артыкулаў 342, 293 Крымінальнага кодэкса і іншых, хаця гэтыя людзі нікога не рабавалі, не забівалі, дамоў не руйнавалі. Калі браць артыкул 293 «Масавыя беспарадкі», па якім абвінавачваюць першых затрыманых, то чалавек у бязвыхаднай сітуацыі або ўцякае, калі ёсць куды, калі няма – спрабуе абараніць сябе і тых, хто побач. Калі хтосьці паспрабаваў абараняцца – гэта не значыць, што ён злачынец. Злачынец той, хто страляў, забіваў і хлусіў у судах. А гэтыя людзі сёння спрабуюць прымусіць нармальных здаровых людзей агаворваць сябе толькі для таго, каб апраўдаць свае злачынныя дзеянні.

Таму я б хацеў звярнуцца да суграмадзян, каб яны ні ў якім разе не прызнавалі сваю віну ў тым, чаго яны не здзяйснялі. Кажыце праўду. А праўда ў тым, што яны нікога не забівалі, нікому зла не прычынілі. Тое, што я там быў, - гэта не значыць, што я вінаваты. Я маю права выходзіць на мірны пратэст, мірным шляхам выказваць сваё меркаванне, маю права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі. Вось і ўсё. І не трэба весціся на павадку некаторых прадстаўнікоў улады, маўляў, прызнайся – менш дадуць ці прызнай віну, таму што ты там быў.

А гэтыя справы хай застаюцца на сумленні следчых у кабінетах, якія выконваюць злачынныя загады і спрабуюць людзей у чымсьці абвінаваціць.

Затрыманні ў Брэсце 20 верасня. Фота – Алег Палішчук
Затрыманні ў Брэсце 20 верасня. Фота – Алег Палішчук

На пратэстоўцаў, ды і не толькі, заведзеная маса крымінальных спраў. Але, наколькі я ведаю, няма ніводнай крымінальнай справы, заведзенай у дачыненні да супрацоўніка сілавых структур за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, хоць заяў было напісана таксама шмат. Як вы думаеце, ці ёсць верагоднасць таго, што будзе ўзбуджана хоць адна справа?

– Пакуль што па некаторых заявах грамадзян падаўжаюць праверкі. Але я баюся, што тыя вінаватыя, якіх трэба прыцягваць і караць, могуць знаходзіцца за межамі краіны. Іх тут будуць шукаць і, ясная справа, не знойдуць. Я думаю, што кагосьці могуць прыцягнуць. Але пакуль гэта пад сумневам з адной прычыны: улада ў людзей, якія трымаюць яе незаконна, а там кругавая парука. Яны сваіх людзей не будуць здаваць да канца. А тых, хто спрабуе прытрымлівацца літары закона ў іх жа асяроддзі, яны лічаць здраднікамі і ствараюць ім вельмі некамфортныя ўмовы ў сваёй сістэме.

Колькі чалавек пасля выбараў прызнаныя палітвязнямі?

– Па вобласці – 13. З іх 9 – з Пінска. Гэта людзі, якіх затрымлівалі 9-10 чысла. Два чалавекі – бацька і сын – са Знаменкі, яны сядзяць у СІЗА ў Брэсце. Іх зафіксавалі на акцыі пратэсту, выклікалі позвай і затрымалі. І яшчэ два чалавекі – не пазначана адкуль, але разам з пінскімі ўтрымліваюцца ў СІЗА ў Баранавічах.

Ёсць яшчэ некалькі чалавек з Брэста, сваякі некаторых не згодныя, каб іх родных аб'яўлялі палітвязнямі, а дарма. Калі чалавек прызнаны палітвязнем, то да яго стаўленне іншае. Калі міжнародная грамадскасць ведае пра яго, то яму будуць дапамагаць, пытанне будзе падымацца на самым высокім узроўні.

– Ці звяртаюцца да вас людзі, якія кажуць, што на ўдзельнікаў пратэстаў спрабуюць уплываць праз дзяцей?

– Многія пра гэта кажуць. У нас была жанчына – шматдзетная маці, 9 жніўня яе забралі з выбарчага ўчастка, дзе яна была назіральнікам. Павезлі ў ІЧУ ў Бярозу, потым далі штраф. А яны як шматдзетная сям'я стаялі на чарзе на жыллё, і ім сказалі, што кватэру вы больш не атрымаеце. Ёсць гісторыі, калі бацькоў затрымлівалі і ў гэты момант, не паведамляючы сваякам, цішком дзяцей забіралі і казалі пра тое, што будзе праводзіцца праверка, наколькі гэтая сям'я добрая.

Ну, у нас такія выпадкі даўно былі, яшчэ падчас барацьбы з акумулятарным заводам. Так што гэта працяг ўжо накатанай практыкі. Такое пытанне часта ўзнікае падчас прафілактычных гутарак у міліцыі.

Давайце на прафілактычных гутарках спынімся падрабязней.

– Людзей, якія не п'юць, не хуліганяць, законапаслухмяна сябе паводзяць, выклікаюць у міліцыю і кажуць: "Табе нельга піць. Нельга хуліганіць. Нельга біць міліцыянтаў". А чалавек кажа: "Дык я ж гэтага і так не раблю". І папярэджвае яго той, хто сам парушае закон. Падыходзіць, не прадстаўляючыся, кудысьці цягне. Калі затрымлівае чалавек у масцы, у нейкай незразумелай форме без апазнавальных знакаў, лагічна ж, што ў затрыманага з'яўляецца жаданне сябе абараняць. А гэта расцэньваюць як непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Дык няхай ён скажа, што ён супрацоўнік. Пакажа пасведчанне. Скажа, што ты парушыў. Ён жа гэтага не робіць – проста хапае і цягне. А калі хтосьці спрабуе аднавіць справядлівасць, дапамагчы ахвяры – то і ён злачынец. І вось табе артыкул 364. Таму што, бачыце, супрацоўніка пакрыўдзілі. А тое, што ў бальніцы ляжыць скалечаны чалавек з праламанымі косткамі чэрапа – тут вінаватых няма.

Акцыя пратэсту ў Брэсце. Фота – Алег Палішчук
Акцыя пратэсту ў Брэсце. Фота – Алег Палішчук

Якім чынам выклікаюць на прафілактычную гутарку?

– Яны імкнуцца выконваць нейкую форму і дасылаюць позву, што трэба з'явіцца ў РАУС у якасці сведкі. Праўда, па якой справе – незразумела. У самой позве не пазначана, што гэта прафілактычная гутарка, таму што няма такой прычыны выклікаць. Чалавек прыходзіць, а яму даюць паперу, якая называецца "Афіцыйнае папярэджанне". У ёй пералічаны шэраг артыкулаў адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў, якія не трэба парушаць. Тлумачыцца, што гэта за артыкулы. І кожны раз кажуць: "Калі вы будзеце ўдзельнічаць у масавым мерапрыемстве – пойдзеце па крыміналцы". Але любы нармальны чалавек паглядзеў на гэтую паперку і забыўся.

А калі не пайсці – не будзе горш?

– Калі чалавек атрымаў позву, распісаўся ў яе атрыманні і не з'явіўся без уважлівай прычыны, то яму, як мінімум, упаяюць за няяўку 10 базавых. Могуць ажыццявіць прымусовы прывад. Я аддаю перавагу пайсці самому, чым гэтыя людзі будуць у мяне вакол дома хадзіць.

– Ці не атрымаецца так, што выклікаюць як сведку і затрымаюць?

– Такое – скрозь і побач. Асабліва перад выходнымі, калі яны ажыццяўляюць прэвентыўныя затрыманні, імкнуцца закрыць. Так што, калі выклікаюць перад выходнымі – трэба падрыхтавацца, узяць неабходныя рэчы: бялізну, сродкі гігіены, нешта цёплае і зручнае. Прадукты, якія хутка псуюцца, кісламалочныя прадукты ў ІЧУ нельга. Сок у тэтрапаке – таксама. Можна ўзяць кнігу, каб не сумна было.

Як вы і вашы калегі праваабаронцы спраўляецеся з такой колькасцю працы?

– Ужо другі месяц у нас марафон. Вядома, нас вельмі мала, і мы не можам рабіць усё самі. Нам дапамагае вельмі шмат людзей, валанцёраў. Яны працуюць у офісе, кожны сваяк і знаёмы затрыманага – гэта таксама свайго роду валанцёр, для якіх мы і стварылі спецыяльны чат у "Тэлеграме" brest_help. Там яны могуць атрымаць нейкую інфармацыю самі і падзяліцца тым, што ведаюць. Чат даволі эфектыўна працуе. Спачатку мы самі спрабавалі накіроўваць людзей, але цяпер бачым, што гэта ўжо пачынае жыць больш-менш самастойным жыццём. Самі людзі ствараюць чаты, прычым, яны прывязваюцца менавіта да дзён, калі адбываюцца масавыя хапуны. Цяпер не абавязкова праваабаронцу сядзець у зале суда, тым больш невядома, калі прывязуць затрыманых. Дзякуючы тым дзяжурствам, якія арганізуюць валанцёры, родныя, блізкія, знаёмыя ўдаецца нейкім чынам прымусіць работнікаў суда вывешваць спісы – які суддзя, каго будзе судзіць, у якім кабінеце. Прозвішча затрыманага фіксуецца і перадаецца і ў наш чат, і ў дадатковыя чаты, і атрымоўваецца больш-менш адсочваць колькасць затрыманых і суды.

– Дзякуючы чату brest_help можна знайсці шматлікія карысныя кантакты, у тым ліку псіхолагаў.

– Сёння псіхолагам павінен быць кожны. Людзі часам прыходзяць з пачуццём віны, а мы кожнаму гаворым – вы герой. Калі гэта бацькі затрыманага – вы бацькі героя, малайцы, што выхавалі такога сына. І яны бачаць, што маюць рацыю, перастаюць адчуваць пачуццё віны. Яны значна лягчэй праходзяць перыяд спалоху, які быў непасрэдна ў момант падзей, пачынаюць аналізаваць і ўсведамляць, што чалавека ўзялі ні за што.

Большасць людзей усё ж стаяць за праўду. Некаторыя так і заяўляюць: ну, пасядзім (у ізалятары-заўв. рэд.). У некаторых пытаешся "Вы пойдзеце? Там могуць страляць". – «Пойдзем». Асноўная маса людзей за тое, каб даціснуць і дамагчыся справядлівасці. Занадта высокія стаўкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства