viasna on patreon

Затрыманні, вобшукі. Хроніка пераследу 3 кастрычніка Дапоўнена

2020 2020-10-03T14:29:31+0300 2020-10-03T21:32:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel_oi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У суботу, 3 кастрычніка, пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі працягваецца. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 841 39 81
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Раніцай 3 кастрычніка стала вядома, што ў Гомлі затрымалі галоўную рэдактарку сайту "Сильные новости"​ Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама працуе ў рэдакцыі, піша "Радыё Свабода". У іхным доме прайшоў ператрус. Як паведаміла маці Дзяніса, з хаты забралі ўсю тэхніку, а Ганну і Дзяніса адвезлі ў РАУС. Сувязі з імі няма. Дома засталіся непаўналетнія дзеці. Пазней міліцыя пацвердзіла факт затрымання Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса.

Галоўны рэдактар гомельскага сайту «Сильные новости» Ганна Якштас. Фота: Facebook
Галоўная рэдактарка гомельскага сайту «Сильные новости» Ганна Якштас. Фота: Facebook

«Яны затрыманыя ў межах адміністратыўнага працэсу», – паведаміў interfax.by афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў.

Таксама ў міліцыі сказалі, што ператрус у доме супрацоўнікаў партала не праводзіўся, але ў іх «канфіскаваная кампутарная тэхніка». Да суда Ганна і Дзяніс Якштасы будуць утрымлівацца ў ІЧУ.

Праваабаронцам "Вясны" таксама стала вядома пра затрыманне ноччу Карыны Канапацкай. Дома быў праведзены вобшук. Пасля гэтага яе забралі ў Савецкі РАУС Мінска, пасля чаго стала вядома, што яе пераводзяць у ІЧУ на Акрэсціна. Па папярэдняй інфармацыі, яна затрыманая ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).

Як паведаміў у 15:16 "Белсат", у Салігорску затрымалі фотакарэспандэнтку Ірыну Арахоўскую. Прычыны і падставы затрымання ўдакладняюцца. Каля 18.40 Ірыну Арахоўскую вызвалілі. 

Паведамляецца, што на акцыі пратэсту ў Салігорску супрацоўнікі АМАПу затрымліваюць яе ўдзельнікаў. Сярод затрыманых – шахцёр, лідар забастовачнага руху Юрый Корзун. Таксама на маршы затрыманыя сябры стачкома Ніна ТулаеваАляксей Крыж, былы гулец сборнай Беларусі па валейболу Сяргей Тарас

У Салігорску таксама была затрыманая журналістка Ксенія Галубовіч і аператар Дзмітрый Дзядок. Праз паўгадзіны пасля затрымання іх вызвалілі.

У Дуброўне да Аксаны Трэбнікавай, сястры Міхаіла Чамуракі, прыйшла міліцыя і праводзіць вобшук дома. На якой падставе адбываецца вобшук пакуль невядома. Міхаіл Чамурака падазрае, што такім чынам міліцыянты спрабуюць адпомсціць яму, бо калі ён быў затрыманы і сядзеў за кратамі, яму пагражалі "па сястры паработаць".

У Брэсце быў затрыманы Андрэй Прыстаўка. Ён ехаў каля Музея паравозаў, калі яго спынілі міліцыянты і адвялі ў сваю машыну. Нагадаем, што ягоны брат Максім Прыстаўка зараз знаходзіцца пад арыштам за ўдзел у акцыі пратэста. 

У Мінску таксама былі затрыманыя ўдзельнікі мотапрабегу Мікіта Афанасьеў, Павел Краўчонак, Віталь Федарук, Аляксандр Вярбіцкі і Мікіта Траццякевіч. Таксама паведамляецца, што супрацоўнік ДАІ выцягнуў з тралейбуса мужчыну, які трымаў бела-чырвона-белы сцяг у знак падтрымкі байкераў.

Інафармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства