viasna on patreon

Пераслед шостага кастрычніка ў Беларусі Дапоўнена

2020 2020-10-06T18:00:00+0300 2020-10-06T18:21:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dubina_9q.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шостага кастрычніка пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі працягваецца. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 841 39 81
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамляе "Радыё Рацыя", у Віцебску прайшоў ператрус у незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў кватэру да маці журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, паказалі ёй нейкі дакумент, які амаль 80-гадовая жанчына не паспела нават прачытаць і сказалі, што будуць “шукаць тэхніку”.

Вячаслаў Лазараў жыве асобна, і маці сказала пра гэта міліцыянтам. Але ператрус усё адно правялі, распавёў журналіст:

"Патэлефанавала маці, сказала, што ў нас два супрацоўнікі дома, што абшукваюць. Спачатку яны нават не назваліся, калі ўвайшлі, і толькі потым, калі трапілі ў кватэру, то сказалі, што праводзяць ператрус. Казалі, што шукаюць відэатэхніку, патыліся, дзе я яе захоўваю, дзе што ляжыць, ці ночыў я дома".

Паводле журналіста,  міліцыянты з кватэры нічога не забралі, але і не пакінулі ніякіх дакументаў пра свой візіт. Таму не вядома, ці праводзіўся ператрус у межах нейкай адміністрацыйнай або крымінальнай справы.

Днём 6 кастрычніка ў мінскім "Корпусе" была затрыманая эка-актывістка і юрыстка і дырэктарка ГА "Экадом" Марына Дубіна. Невядомыя ў цывільным папросту запіхалі яе ў машыну. Прычыны і абставіны затрымання выствятляюцца.

dubina_9q.jpg
Марына Дубіна. Фота: greenbelarus.info

Як паведамляе "Белсат", у Віцебску затрымалі Сафію Цярэнцьеву. Яе запрасілі ў Першамайскі РАУС Віцебску, але адтуль ужо яе не выпусцілі, хоць і абяцалі. Цяпер яна знаходзіцца ў ІЧУ, суд адбудзецца толькі 9 кастрычніка.

Увечары ў кватэру адміністратара Telegram-каналу мінскага раёну Вяснанка прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Паведамленне пра гэта з'явілася ў телеграм-канале да таго, як ён быў выдалены. Што з цяпер за адміністратарам — невядома.

Працягваюцца суды над удзельнікамі мірный акцый пратэсту

Адміністрацыйныя справы, заведзеныя на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, разглядаюцца ў аўторак, 6 кастрычніка ў раённых судах Мінска і многіх гарадах Беларусі. Большасць працэсаў праходзіць за парушэнне артыкула 23.34 КаАП - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Некаторых таксама прыцягваюць да адказнасці за непадпарадкаванне міліцыі - арт. 23.4 КаАП.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства