Да блогера Эдуарда Пальчыса не пускаюць адваката. Жонка хвалюецца за яго стан
Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя паведаміла, што ўжо 10 дзён няма сувязі з блогерам: да яго не пускаюць адваката і не даходзяць лісты. Жонка блогера хвалюецца, ці праўда ён на Акрэсціна і ў якім ён стане. Па стане на раніцу 4 кастрычніка ён лічыўся ў спісах валанцёраў у ЦІП на Акрэсціна.
"Вось ужо 10 дзён Эдуард Пальчыс, па словах уладаў, знаходзіцца ў ЦІП Акрэсціна. Аднак пацверджанняў гэтаму няма. За ўвесь гэты час яго адвакату Марыі Колавай-Гудзілінай ні разу не ўдалося пабачыцца і пагутарыць з ім.
З тых часоў, як мы даведаліся, што Эдуард утрымліваецца на Акрэсціна, адвакатам было зроблена 4 спробы трапіць да свайго падабароннага: першага, другога, пятага і шостага кастрычніка. Марыю Колаву-Гудзіліну не пускаюць, спасылаючыся на каронавірус і на тое, што «ўсе кабінеты занятыя». Лісты ад Эдуарда таксама не даходзяць.
Такім чынам, мы да гэтага часу не маем пацверджання, што ён сапраўды знаходзіцца на Акрэсціна, і не ведаем, у якім ён там стане.
Патрабую рэалізацыі права майго мужа на абарону і зносіны са сваім адвакатам!" — напісала Вікторыя ў сваім фэйсбуку.
Нагадаем, 29 верасня жонка Эдуарда Пальчыса заявіла аб знікненні мужа. Пазней стала вядома, што Эдуарда Пальчыса асудзілі на 30 сутак арышту паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Верагодна, яго судзілі ў ЦІП на Акрэсціна.