viasna on patreon

Сведка — "Аляксандровіч Аляксандр Аляксандравіч". Журналіста "Новага Часу" асудзілі на 10 сутак Дапоўнена

2020 2020-10-09T16:16:50+0300 2020-10-09T17:07:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/velitchenkoo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністрацыйная справа затрыманага 8 кастрычніка журналіста, відэааператара «Новага Часу» Аляксандра Вялітчанкі разглядаецца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, нягледзячы на тое, што журналіст мае пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты "Новы Час". Справу журналіста разглядае суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая шматлікімі прысудамі журналістам і грамадскім актывістам.

Журналіст Аляксандр Вялітчанка. Фота з фэйсбука

Негледзячы на тое, што ў раскладзе суда Цэнтральнага раёна, разгляд справы быў прызначаны на 14:40, судовы працэс пачаўся толькі ў 15:10. Справа разглядаецца праз відэаканферэнцсувязь. Жонка, а таксама сябры, не змаглі ўбачыць Аляксандра, бо сакратарка суда, нават не памочніца суддзі Шабуні, адмовілася павярнуць ноўтбук да залі.

Адвакат Аляксандра адразу заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы пасведчанне аб наяўнасці ў Аляксандра Вялітчанкі інваліднасці 3-й групы, а таксама яго характарыстыкі. Гэта хадайніцтва суддзя задаволіла. Але не прыняла да заўвагі, што было парушана права Аляксандра на абарону.

Пратакол на журналіста быў складзены 8 кастрычніка супрацоўнікам Цэнтральнага РУУС Мінска. Згодна пратаколу Аляксандр Вялітчанка 23 жніўня з 18:00 да 18:10 парушыў Закон "Аб масавых мерапрыемствах". Гэта выразілася ў тым, што ён "прымаў актыўны ўдзел ў шэсці ад дома №23 да дома 19 па праспекту Пераможцаў з мэтай выказвання сваіх палітычных перакананняў, знаходзячыся ў группе людзей, якія выкрыквалі лозунгі, у тым ліку «Жыве Беларусь»".

Журналіст Вялітчанка ў поўным аб'ёме не прызнаў сваю віну. Ён распавёў на судзе:

"Калі я і знаходзіўся на якой-небудзь нядзельнай акцыі, то толькі з мэтай відэа-і фотафіксацыі, з мэтай удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве я дакладна не мог там знаходзіцца.

23 жніўня я прысутнічаў у цэнтры, але не ў 18:00, а нашмат раней, таму што было цёпла і добра. Я прысутнічаў, але фіксаваў пратэст на фота і відэа на камеру на мабільным тэлефоне».

На пытанне суддзі аб ацэнцы мерапрыемства, журналіст сказаў, што разумеў, што праходзіць акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Было больш тысячы чалавек з бел-чырвона-белай сімволікай, якія выкрыквалі лозунгі. 

Аляксандр Вялітчанка сказаў, што пры ім знаходзіўся журналісцкі бэйдж, але ніякай сімволікі пры ім не было.

Па пратаколе затрымання, Аляксандра Вялітчанку затрымалі ў 18:05 на праспекце Незалежнасці, 18. На судзе стала вядома, што яго затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу.

Перад тым як дапытаць сведку, які і зафіксаваў правапарушэнне Вялітчанкі 23 жніўня, суддзя Шабуня зачытала рапарт супрацоўніка Цэнтральнага УУС, што праз правакацыі і пагрозы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, дадзеныя міліцыянера-сведкі былі змененыя на «Аляксандровіча Аляксандра Аляксандравіча». Ён па Skype заявіў на судзе, што ў той дзень сумесна з супрацоўнікамі АМАПа ажыццяўляў ахову грамадскага парадку ў Цэнтральным раёне. Ён патлумачыў суддзі, што перад тым, як прыступіць да аховы грамадскага парадку, начальства даводзіць да іх інфармацыю аб дазволеных масавых мерапрыемствах у раёне. У той дзень заяўленых мерапрыемстваў у Цэнтральным раёне не было.

"Я звярнуў увагу на групу людзей, якая рухалася па праспекце. Яны выкрыквалі лозунгі: "Гэта наш горад", "Жыве Беларусь" і г.д. Я зафіксаваў Вялітчанку на службовую камеру", — распавёў «Аляксандровіч».

У матэрыялах справы маецца скрыншот з аператыўнай відэаздымкі.

"Выбітная знешнасць: дрэды былі не ва ўсіх", — было агучана на судзе.

Супрацоўнік міліцыі сказаў, што не памятае, ці выкрыкваў Вялітчанка якія-небудзь лозунгі, але дакладна знаходзіўся ў групе асоб, якія іх выкрыквалі.

«У той дзень мы яго не затрымлівалі. Было шмат людзей, мы затрымлівалі іншых», — сказаў «Аляксандровіч».

У якасці доказу віны Аляксандра Вялітчанкі быў прадстаўлены аператыўны відэазапіс працягласцю чатыры секунды. На ім журналіст праходзіў па пешаходнай зоне ад Стэлы — у адваротным накірунку ад групы людзей. Па словах адваката, гэта не даказвае, што Аляксандр прымаў менавіта актыўны ўдзел ды яшчэ і ў арганізаваным масавым мерапрыемстве. Таксама адвакат лічыць, што скрыншот быў узяты не з відэа падзей 23 жніўня.

Адвакат просіць суд спыніць вытворчасць па справе. Суддзя аб'явіла перапынак для вынясення пастановы па справе.

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызнала журналіста "Новага Часу" Аляксандра Вялітчанку вінаватым па ч.1 арт. 23.34 КаАП і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.


Нагадаем, Аляксандра Вялітчанку затрымалі 8 кастрычніка ў Мінску каля 18 гадзін. Вядома, што ў момант затрымання ён размаўляў па тэлефоне, калі да яго падыйшлі невядомыя людзі, якія не прадставіліся. Праз некаторы час сувязь з Аляксандрам Вялітчанка абарвалася. Да раніцы наступнага дня ягоная жонка не ведала, дзе знаходзіцца Аляксандр — ёй нідзе не падцверджвалі яго месцазнаходжанне. Толькі раніцай яна даведалася, што журналіст знаходзіцца ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Аляксандр Вялітчанка апошнім часам здымаў падзеі на мірных акцыях пратэсту, а ў ліпеня бягучага года з камандай аднадумцаў адправіўся ў падарожжа па Прыпяці, каб зняць дакументальны фільм пра будаўніцтва воднага шляху Е40.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства