viasna on patreon

Мінімум 25 чалавек. Суботнія затрыманні Дапоўнена

2020 2020-10-11T11:41:55+0300 2020-10-11T12:06:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У суботу, 10 кастрычніка, праваабаронцам "Вясны" вядомыя кропкавыя затрыманні па ўсёй краіне. Вядома, што за дзень было затрымана мінімум 25 чалавек. Спіс абнаўляецца і дапаўняецца.

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота

Мінск

У Мінску была затрыманая адміністратарка чата Трактаразаводскага пасёлка Іна Васільева, яе даставілі ў Следчы камітэт, піша "Наша Ніва". Паводле сяброў жанчыны, з яе кватэры забралі тэхніку і мабільныя тэлефоны. Як паведамляюць, Васільева праходзіць па крымінальнай справе аб масавых беспарадкаў (арт. 293 КК).

З раніцы 10 кастрычніка перастала выходзіць на сувязь з сябрамі Ульяна Шышкова.

"Перад гэтым паспела напісаць у чат, што ў яе стаяць пад дзвярыма невядомыя і папярэдзіла, што яе напэўна забяруць", — паведамілі праваабаронцам.

Паведамляецца, што ноччу каля Акрэсціна затрымалі беларускую мастачку Ульяну Слесарову.

Таксама на выхадзе з дому на вуліцы Усходняй у Мінску затрыманы невядомымі Аляксандр Шевадзуцкі.

У Мінску затрыманы Аляксандр Паляшчук. Да яго раніцай 10 кастрычніка прыйшлі ў кватэру людзі з пастановай на ператрус.

"Гэта хлопец, у якога быў суд за пашыў сцягоў. Каб ён адчыніў дзверы, яны выклікалі МНС і вырубілі святло ў кватэры", — паведамілі праваабаронцам "Вясны".

У Мінску затрымалі музыку, які спяваў на праспекце Незалежнасці песні «Тры чарапахі» і "Разбуры турмы муры" падчас гулянняў жанчын з кветкамі. Пад'ехаў бус, выйшлі людзі ў балаклавах і павялі музыканта. Сведкай гэтага была карэспандэнтка "Нашай Нівы".

Таксама ў Мінску затрымалі актывістку жаночага руху Святлану Гатальскую. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яе дадому з дастаўшчыкам ежы. Вядома, што яна затрымана ў межах адміністрацыйнага артыкула. Яна была адной з каардынатарак ініцыятывы «Маршыруй, дзетка». Яе даставілі ў Маскоўскае РУУС, паведаміла Каардынацыйная рада, членам якой Гатальская была.

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што на Нямізе 10 кастрычніка быў затрыманы Андрэй Малочка. Яго адправілі на Акрэсціна да суда.

Увечары каля 18 гадзін таксама быў затрыманы Ігар Баяра. Ён паспеў патэліць жонцы і паведаміць, што яго затрымалі па артыкуле "удзел у несанкцыянаваных мітынгах". Яго таксама змясцілі на Акрэсціна да суда. 

Праваабаронцам паведамілі, што падчас раённага маршу ў Зялёным Лузе, каля 15 гадзін быў затрыманы Арман Аўжанаў

10 кастрычніка была затрыманая супрацоўніца офіса ААН у Беларусі Анора Лангар. Пра гэта паведамляе Ілля Міронаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

"У 9 раніцы за ёй прыехалі на лецішча яе бацькі ў 30 км ад Мінска супрацоўнікі ў цывільным. Напачатку яны мелі намер павезці яе з сабой у аддзяленне міліцыі для размовы, аднак ніякай позвы на руках не было. Адпаведна ехаць па запрашэнні «на словах» яна адмовілася.

Праз 3 гадзіны да Аноры прыехаў супрацоўнік офіса з яе месца працы, каб растлумачыць сітуацыю. У суправаджэнні супрацоўніка офіса, бацькі Аноры і міліцыянтаў у цывільным Анора была дастаўлена ў Першамайскае РУУС г. Мінска. Як стала вядома, праз гадзіну ў кватэры па месцы жыхарства быў праведзены ператрус у выніку якога нічога не было канфіскавана.

Далей стала вядома, што Анору перавезлі ў ІЧУ. Сваякі паспрабавалі перадаць ёй асабістыя рэчы першай неабходнасці, але ім у перадачы адмовілі. Адвакат, сваякі і супрацоўнікі з месца працы прыкладаюць усе намаганні, каб высветліць падставы затрымання Аноры Лангар". 

Анора Лангар-супрацоўніца офіса ААН Беларусі, папярэдняя дзейнасць звязаная з беларускім экалагічным рухам. Некалькі тыдняў таму Анора выступіла сведкай на судзе ў экалагічнай актывісткі, сябра рады грамадскага аб'яднання «Экадом» Ірына Сухій, у дачыненні да якой быў праведзены адміністрацыйны арышт.

У Мінску вечарам 10 кастрычніка быў затрыманы заснавальнік праектаў Petitions.by і "Кошт урада" Уладзімір Кавалкін. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку дырэктарка Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава.

Уладзімір Кавалкін
Уладзімір Кавалкін

Паводле яе слоў, каля 19.30 Кавалкін напісаў, што знаходзіцца ў міліцыі і яго вязуць у ізалятар на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая. «Па ўсёй бачнасці, адміністрацыйная і суд у панядзелак-аўторак», — мяркуе Рабава.

Магілёўшчына

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", у Магілёве адбыліся масавыя затрыманні ў Ямніцкім пасёлку. Затрымалі сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Таццяну Сівачэнку і яшчэ 12 чалавек. Іх прозвішчы: "Данилов,Рассеко, Моргунов, Савченко, Ермолаев, Туповский, Туповская, Ратников, Железнов, Артюхова, Шикунова, Орлова".

У Бабруйску быў затрыманы ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП Аляксандр Гаўрылаў

Гомель

Як паведаміла "Радыё Свабода", у Гомелі затрымалі блогера Івана Рамязоўскага. Рамязоўскі вёў стрым з праўладнага мітынгу каляПалаца лёгкай атлетыкі. На стрыме чуваць, як да яго падышлі міліцыянты.

Докшыцы

У Докшыцах быў затрыманы афіцэр міліцыі ў адстаўцы Юры Мацяюн. На яго доме ад 9 жніўня вісеў сцяг.

"Перад тым міліцыянты сфоткалі сцяг, вывешаны на яго прыватным доме, і забралі яго ў міліцыю", — паведамілі праваабаронцам.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 841 39 81
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства