viasna on patreon

Пасля Акрэсціна прабыў у вазку каля двух тыдняў. Гісторыя пераследу палітвязня Івана Красоўскага

2020 2020-10-12T20:15:55+0300 2020-10-12T20:23:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivan_krasouski.jpg1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па стане на 12 кастрычніка налічваецца 95 палітычных зняволеных. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. 18-гадовы актывіст анархісцкага руху Іван Красоўскі быў затрыманы ў жніўні і жорстка збіты сілавікамі, пасля чаго трапіў у бальніцу і доўгі час перасоўваўся на інвалідным вазку. У канцы верасня яго зноў затрымалі, але цяпер яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. "Вясна" паразмаўляла з сябрамі Івана, праглядзела відэа, дзе Іван падрабязна распавядае пра збіццё і катаванні з боку сілавікоў, якім ён падвергнуўся 12-13 жніўня, — публікуем хроніку пераследу палітвязня Івана Красоўскага. 

Іван Красоўскі. Фота: MaksLongLive
Іван Красоўскі. Фота: MaksLongLive

Затрымалі па арыентоўцы

Першы раз Івана Красоўскага затрымалі 12 жніўня на вакзале на "курылцы" ў Мінску. Як распавядае ягоны сябар Міша, да Івана тады падышлі два міліцыянты патрульна-паставой службы і сказалі, што на хлопца нібыта ёсць арыенціроўка і яго, напэўна, шукае мама. Міліцыянты сказалі, што яму неабходна прайсці за імі ў пастарунак.

"Наогул, наколькі мы разумеем, арыенціроўку на яго падалі даўно, яшчэ перад выбарамі, як і на многіх анархістаў. Каля Ванінага дому ў Заслаўі з 7 па 9 жніўня стаяў бус, верагодна, гэта дзяжурылі сілавікі. У дзень выбараў да яго стукалі дадому. У той дзень таксама пад домам быў заўважаны нарад АМАПа", — распавядае Міша. 

Іван Красоўскі раней на адным з відэа распавядаў, што за ім сапраўды сачылі 9 жніўня на працягу ўсяго дня:

"Увесь дзень мяне паслі, мне выключалі святло, выключалі інтэрнэт. Мне ўдалося збегчы з кватэры: я жыву на першым паверсе".

"Калі даведаліся, што я хачу ў прыбіральню, мне «прабілі» пад мачавік, і я там абасцаўся"

З вакзала супрацоўнікі міліцыі адвезлі Івана ў пастарунак. Праз некаторы час у аддзяленне прыехалі і супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Па словах Івана, збіваць яго пачалі ўжо там:

"Там мяне прэсавалі. Там быў вельмі жорсткі дзяжурны, які мяне збіваў, але ён акуратна біў, каб не было слядоў. Пасля гэтага мяне надоўга, можа, на гадзіну паставілі на калені. Прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія мяне шукалі першапачаткова. Пачалі збіваць, пачалі перадаваць прывітанні ад іншых анархістаў, якія на той момант сядзелі ў СІЗА, якія з'ехалі ва Украіну за палітычным прытулкам. Але супрацоўнікі ГУБАЗіКа таксама збівалі так, каб не было слядоў. 

Я вельмі моцна хацеў у туалет. Калі прыехаў на вакзал, я думаў, папалю і схаджу там. Але мяне затрымалі. Я адразу пачаў заяўляць супрацоўнікам міліцыі, што я хачу ў прыбіральню, але мяне не пускалі. І калі супрацоўнікі ГУБАЗіКа даведаліся, што я хачу ў прыбіральню, яны мне "прабілі" пад мачавік, і я там абасцаўся. Я дакладна не ведаю, здымалі яны відэа, але, хутчэй за ўсё, здымалі. Пасля гэтага яны пачалі смяяцца, прыніжалі мяне.

Я ляжаў у позе эмбрыёна, мне было дрэнна. Яны падыходзяць, адзін прынёс вады, і кажуць: "Мы ж не садысты. Ваня, тыпу, што з табой такое, сядай на стул, пачакаеш, мы цябе адвязем на Акрэсціна". Я: "Мне ж дрэнна, вы ж мяне білі". Мяне зноў пачынаюць збіваць і кажуць: "Хто цябе біў? Цябе ж ніхто не біў". Я такі кажу: "Добра, я зразумеў, я сам упаў". І пачынаюць гаварыць: калі хтосьці даведаецца, што мяне збіваюць, мяне вывязуць у лес, паб'юць, і ніхто потым не знойдзе мяне.

"Білі за татуіроўку, білі за бранзалеты, білі за голеныя валасы"

Прыехалі ППС-нікі, пасадзілі мяне ў бусік. Я ехаў тварам у падлогу. Ехаў на Акрэсціна. Ізалятар часовага ўтрымання — самае жорсткае месца ў нас у Беларусі. Адчынілі дзверы бусіка і сказалі: "Прывезлі каардынатара". І калі яшчэ не ведалі, куды адводзіць мяне, сказалі: "Выводзь гэтых сабак". Я спачатку падумаў, што мяне будуць сабакі кусаць. Але потым я зразумеў, што яны, мабыць, клікалі самых "адбітых" АМАПаўцаў.

Мяне выкінулі з бусіка на зямлю, я нічога не бачыў, увесь час глядзеў у зямлю. Знялі кайданкі і пачалі біць. Проста білі з усіх сіл. Білі за татуіроўку, білі за бранзалеты, білі за голеныя валасы, за шмат што. Прымушалі крычаць "Люблю АМАП". Першапачаткова я такі кажу: "Я не люблю фашыстаў". Пасля гэтага яны ўзлаваліся, мяне білі, напэўна, хвіліну без перапынку. Пасля гэтага я зразумеў, што трэба іх слухацца, усё, што яны прасілі, я рабіў. Я крычаў "Люблю АМАП". Яны ўсё роўна мяне білі. Пакуль у мяне звязкі не рваліся, я крычаў "Люблю АМАП". Пераставалі біць, пачыналі казаць: "Крычы "Жыве Беларусь!" Я не крычаў "Жыве Беларусь!", таму што разумеў, што мяне, хутчэй за ўсё, таксама будуць збіваць. Яны мяне ўсё роўна б'юць. Я крычу: "Жыве Беларусь!» — мяне зноў пачынаюць збіваць. Пасля пачыналі крычаць "Ганьба! Ганьба!" — таксама збівалі.

Цела Івана Красоўскага пасля Акрэсціна. Фота: MaksLongLive
Цела Івана Красоўскага пасля Акрэсціна. Фота: MaksLongLive

"Супрацоўнік АМАП пачаў здымаць на відэа, як я крычу "Люблю АМАП""

Я дакладна не ведаю, колькі мяне збівалі, хутчэй за ўсё, вельмі доўга. Таму што, калі я спытаў, колькі цяпер часу і калі мяне завезлі, мне сказалі: "Часу на Акрэсціна няма, тут ёсць толькі дзень і ноч". Пасля гэтага мяне ўжо паднялі, завялі ў калідор, паставілі на калені. Супрацоўнік АМАП пачаў здымаць на відэа, як я крычу "Люблю АМАП". Білі па пятках, па ягадзіцах дубінкамі. Калі ўсе ягадзіцы збітыя, немагчыма ніяк хадзіць наогул. Таксама мяне збівалі доўга. Потым кінулі ў прагулачны дворык 5х5. Там стаяла на нагах каля 50 чалавек. Я ўжо не мог хадзіць, я пасярод гэтай камеры ляжаў. Гэтыя хлопцы [сукамернікі] ўзбунтаваліся, паклікалі фельчара, але ён вельмі доўга ішоў. Напэўна, паўгадзіны, я проста не памятаю, я ўжо там адключыўся.

"Няхай гэтая падла ляжыць"

Прыйшоў адзін, хутчэй за ўсё, з супрацоўнікаў АМАПу. Падышоў да камеры — там такое акенца маленькае. Людзі расступіліся. Паглядзеў, што я ляжу, і сказаў: "Няхай гэтая падла ляжыць". Я ўжо зразумеў, што, хутчэй за ўсё, мяне адсюль не забяруць, але пашанцавала. Напэўна, праз гадзіну мяне забраў фельчар, агледзеў, сказаў, што мне тут не месца, мяне трэба забіраць. Выклікалі «хуткую дапамогу», адвезлі ў Бараўляны ў шпіталь. Спачатку ўсе думалі, што ў мяне пералом таза. Але ў мяне моцны ўдар тазасцегнавай косткі, шматлікія ўскладненыя гематомы на ягадзіцах і на нагах».

Па словах сяброў Івана, яго на Акрэсціна прымусілі падпісаць шмат папер, сярод якіх — пратаколы, позва ў войска. Іван не меў магчымасці нават убачыць, якія пратаколы ён падпісвае. Але суда па падпісаных Іванам пратаколам не было.

"Ён самастойна стаяць і хадзіць не мог"

Як распавядае яго сябар Міша, у бараўлянскай бальніцы ў хірургічным аддзяленні Іван прабыў каля трох дзён: ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

"Я прыязджаў да Вані ў бальніцу 14 жніўня недзе. Ён ужо быў у вазку, самастойна стаяць і хадзіць не мог. Наогул Ваня моцны хлопец. Ён жартаваў, смяяўся. Але ўсё роўна было відаць, што яму было балюча: ён браўся за бок, жывот, паварочваўся не так", — распавёў Міша.

У інваліднай калясцы Іван прабыў каля двух тыдняў. Пасля першай тыдня ён ужо пачынаў трохі хадзіць. Пасля другога тыдня, калі яму ў шпіталі паставілі «сцяжкі», ужо ўсё пачынала гаіцца. 

Іван Красоўскі. Фота: MaksLongLive
Іван Красоўскі. Фота: MaksLongLive

Перастаў выходзіць на сувязь

Другі раз Івана Красоўскага затрымалі ўвечары 24 верасня ў Мінску па дарозе ў метро ад сябра, у якога ён жыў. Але пры якіх абставінах і як яго затрымлівалі – ніхто не ведае. Іван проста перастаў выходзіць на сувязь, але перад гэтым дамовіўся сустрэцца з сябрамі. Апошні раз напісаў ім каля 19 гадзін, што каля яго знаходзяцца невядомыя людзі, і калі ён не прыйдзе на сустрэчу, то, магчыма, яго затрымалі. Пазней яго сябры даведаліся, што Івана змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. 

Днём 25 верасня стала вядома, што ў дачыненні да Івана Красоўскага распачатая крымінальная справа. Яго абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

7 кастрычніка Іван Красоўскі прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітычным зняволеным. Іван на дадзены момант утрымліваецца ў СІЗА №1 у Мінску.

Ліст Івана Красоўскага сябрам. Фота прадастаўлена
Ліст Івана Красоўскага сябрам. Фота прадастаўлена "Вясне"

Адрас для лістоў Івану: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Гісторыі іншых палітвязняў па падзеях 9-13 жніўня ў Беларусі:

Пастаяў у счэпцы – крымінальная справа. Гісторыя палітвязня Алега Мазгова

25-гадовага спартсмена Алега Мазгова за ўдзел у мітынгу 9 жніўня абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).

 "Штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". За што дзяржава пераследуе дваіх сяброў?

"Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Аднымі з такіх з'яўляюцца сябры 28-гадовы айцішнік Андрэй Пазняк і 29-гадовы прадпрымальнік Антон Бяленскі. Расказваем гісторыю палітвязняў Андрэя Пазняка і Антона Бяленскага.

"Да гэтага года Юра, як і большасць людзей у нашай краіне, быў апалітычны". Гісторыя палітвязня

Палітвязень Юры Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за яго вылучэнне, а ў ноч з 9 на 10 жніўня выйшоў з сябрамі на мітынг у Мінску супраць фальсіфікацыі выбараў. Цяпер Юрыя абвінвачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства