Блог Валянціна Стэфановіча: Быў месяц чэрвень
Пачатак чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і летняя спёка нагадалі мне пра далёкія падзеі чэрвеня 1994 года – пра першы тур першых у гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. Чытаў я шматлікія ўспаміны тагачасных кандыдатаў і падумаў - а я ж таксама сведка тых гістарычных падзеяў, нават непасрэдны ўдзельнік, можна сказаць. Быў я тады малады і вясёлы, а на небе ярка свяціла сонейка…
Прыйшоўшы ў лістападзе 1992 года з войска, я вярнуўся ў зусім іншую, незалежную і маладую краіну – Рэспубліку Беларусь. На будынку Дома Ураду лунаў бел-чырвона-белы сцяг, камунізм рухнуў разам з жалезнай заслонай, і ўсяму свету адкрылася зусім невядомая тэрра-інкогніта -краіна пад белымі крыламі. Невядомая, у тым ліку, і для саміх яе жыхароў, якія ў большасці сваёй не жадалі ніякай незалежнасці і апынуліся проста ў роспачы ад нечаканых пераменаў.
Эканоміка была ў заняпадзе, шмат хто, як і мая маці, страціў працу. Людзі атрымлівалі мізэрныя заробкі ў 20-30 даляраў. Кожны выжываў як мог: хтосьці едзіў у Польшчу, хтосьці наймаўся на працу ў шматлікія гандлёвыя шапікі, што павырасталі на вуліцах, нібы грыбы пасля дажджу. Гэта быў цяжкі час, але для мяне асабіста гэта быў час надзеяў і свабоды. Упершыню я адчуў, што маё жыццё залежыць толькі ад мяне самога і ніхто больш ніколі не будзе ўказваць, дзе і як мне жыць. Вольны, як птушка, ляці куды хочаш! Вядома, для людзей старэйшага веку разбурэнне сістэмы савецкага патэрналізму было асабістай трагедыяй, але толькі не для мяне. Я з вялікім аптымізмам глядзеў у будучыню. Быў малады і бестурботны, усё жыццё наперадзе!
У чэрвені 1994 года мне ішоў двацаць другі год, за плячыма былі два гады савецкага войска і першы курс юрфаку. Неяк незаўважна для сябе, дзесьці з 1993 года, я заангажаваўся ў тагачаснае палітычнае жыццё, хадзіў на мітынгі і сустрэчы з рознымі палітычнымі дзеячамі. У той час мне падабаўся БНФ, асабліва іх тагачасны лозунг – “БНФ – вяртанне ў Эўропу”. Я слухаў выступы Зянона Пазьняка, ягоныя ідэі падаваліся мне блізкімі. На пачатку 90-х з’явілася процьма публікацый на гістарычныя тэмы, пра гісторыю Беларусі, якую не выкладалі ў савецкай школе. Ловячы і асэнсоўваючы гэтыя патокі інфармацыі, я таксама наноў адкрываў для сабе гэтую нябачную дагэтуль краіну.
Прыкладна тады ж я пачаў спрабаваць размаўляць па-беларуску. Памятаю, што мне было цяжка пачаць гаварыць, я саромеўся і доўга падбіраў патрэбныя словы. Людзі па-рознаму рэагавалі на беларускую мову, часта можна было сутыкнуцца і з досыць агрэсіўнай рэакцыяй навакольных. З іншага боку, шмат хто пазітыўна ўспрыняў з’яўленне беларускіх школаў і класаў. У цэлым, ніякага напружання ў грамадстве на нацыянальнай глебе я не памятаю. І калі Лукашэнка зараз кажа, што рускія нібыта сядзелі на чамаданах, дык я з тым абсалютна не згодны. Некаторыя рускія, праўда, усё ж з’язджалі, разам з вайсковымі часткамі, якія выводзіліся ў Расію з тэрыторыі былога Краснознамённого Белорусского военного округа.
Карацей, у выбарчую кампанію 1994 года я ўвайшоў з сфармаванымі палітычнымі поглядамі і надаваў перавагу нацыянальна-дэмакратычным сілам, найперш БНФ. Таму, калі сябры Кастрычніцкай рады Фронту прапанавалі мне дапамагчы ў правядзенні кампаніі па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты тагачаснага лідара Фронту Зянона Пазьняка, я пагадзіўся. Адзінае што, нягледзячы на лета, вольнага часу ў мяне было небагата. Лета - добры сезон для таго, каб падзарабіць. Лішнія грошы студэнту не зашкодзяць. У тое лета я працаваў на будоўлі ў бацькавым будаўнічым кааператыве “Рамашка”. Мы крылі дахі ў катэджным пасёлку ў Бараўлянах. Спачатку размотвалі руберойд, а наверх ужо клалі лісты шыферу. Дарагіх матэрыялаў кшталту металачарапіцы, андуліну тады яшчэ не было. Таму нават “новыя беларусы” крылі дахі новазбудаваных катэджаў звычайным шыферам. У вольны ж час я, разам з сябрамі мясцовай суполкі Фронту, разносіў па скрынях выбарчыя ўлёткі Зянона Пазьняка. Таксама ўдзельнічаў і ў агітацыйных пікетах, якія мы рабілі проста ў сябе на раёне, каля Універсаму. Бацька зрабіў такі стэнд раскладны, з двух шчытоў. На іх мы прымацавалі прыгожыя агітацыйныя плакаты. Сярод іх быў і мой любімы “БНФ – вяртанне ў Эўропу”. На ім былі намаляваныя замкі і рыцары. Таксама быў плакат “Рок за БНФ”, ну і плакаты з уласна партрэтам Зянона Пазьняка. Дарэчы, цікава, што, як мне здаецца, ніякіх дазволаў, уведамленняў міліцыі ці выканкаму мы не рабілі. Стаялі сабе ды яшчэ і ўлёткі раздавалі. Неяк тады гэта ўсё значна прасцей было і не было так зарэгулявана. Людзі на наш пікет рэагавалі па-рознаму. Некаторыя абзывалі паліцаямі, нехта, наадварот, хваліў і падтрымліваў. Вельмі добра людзі ўспрымалі Пазьняка пасля дакументальнага фільма пра яго, які паказвалі па нацыянальным тэлебачанні. Там яго вельмі так па-людску паказалі, матулю ягоную, родную вёску. Людзям кіно спадабалася. Але пасля выйшаў артыкул аб небяспецы рускага імперыялізму. Многія палічылі яго русафобскім, а Пазьняка - задужа радыкальным нацыяналістам. Артыкул выйшаў у газетах незадоўга да выбараў. Там, як па цяперашніх часах, дык нічога страшнага не было, шмат з тых ацэнак актуальныя і зараз.
А вось што да Лукашэнкі, дык я асабіста яго сур’ёзна зусім не ўспрымаў як кандыдата. Я чуў, канешне, ягоны сіпаты голас падчас трансляцый паседжанняў Вярхоўнага Савету, але ў твар не памятаў. Больш вядомы ён стаў пасля таго, як узначаліў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй. Вынікам дзейнасці гэтай камісіі стала зняццё Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету за нібыта скрадзеную скрыню цвікоў. На пасаду старшыні прызначылі тады генерала міліцыі Мечыслава Іванавіча Грыба. Але тое было ў 1993-м. У 1994 годзе мне запомніліся дзве падзеі, звязаныя з Рыгорычам – гісторыя з фенам, які ён нібыта скраў у нейкай сцюардэсы ў самалёце, ну і Лёзненскі стрэл, вядома. Карацей, скандальны імідж. Аднак у асяродку студэнтаў ягоныя манеры і знешні выгляд выклікалі толькі смех. Памятаю, як мае аднакурснікі Ігар Т. і Валодзя М., абодва зараз высокапастаўленыя чыноўнікі, рагаталі над фразай з адной з газет, якая пісала, што папулізм Лукашэнкі перадаецца так жа хутка, як і пабытовыя пранцы.
Смех смехам, але якое маё было здзіўленне, калі, будучы назіральнікам на выбарчым участку, я ўбачыў народныя масы. Масы масава ішлі галасаваць за гэты цуд. Старыя бабці ў мяне на вачах хрысцілі выбарчыя скрыні, куды кідалі бюлетэні і казалі “Божанька, памажы яму, ён жа за народ змагаецца!”. Прычым, некаторыя былі досыць агрэсіўныя, пагрозліва казалі камісіі: “Пачакайце! Вось Лукашэнка вам усім пакажа!”. Проста як у класіка, “- А хто там ідзе? - Беларусы! - А што нясуць? - Сваю крыўду!”. Прычым галасавалі за Лукашэнку не толькі старыя. Я быў вельмі здзіўлены, калі спытаў ў свайго аднакласніка (я назіраў у сваёй былой школе), за каго той аддаў голас. - За нашага! За каго ж яшчэ! – адказаў аднакласнік. - А хто наш-та? – перапытаў я. Ну, вядома хто – Лукашэнка, адказаў ён. Пасля падліку галасоў на маім участку Лукашэнка апярэджваў усіх астатніх з вялікім адрывам. У другі тур выйшлі ён і Пазьняк. На суседнім участку, дзе ў камісіі ад партыі БНФ была мая маці, карціна была такой-жа – Лукашэнка і Пазьняк выходзілі ў другі тур. Пасля выбараў камісіі з двух участкаў сабраліся ў сталоўцы маёй школы, каб адсвяткаваць завяршэнне першага туру. Паклікалі і назіральнікаў. Ніякага антаганізму тады яшчэ не было. Мы ўсе былі грамадзяне адной краіны, проста хтосьці галасаваў за Шушкевіча, хтосьці за Кебіча, а хтосьці - за Пазьняка. На стале стаялі пляшкі з гарэлкай “Зверь” і закуска. Мы выпілі, закусілі. Маці, канешне ж, пачала знаёміць мяне з маладзенькай настаўніцай, што была з ёй разам у камісіі. Ну, і за каго вы галасавалі? – пацікавіўся я ў настаўніцы. – За Лукашэнку, – адказала яна. Ну, у другім туры ён Пазьняку прайграе, - спецыяльна адказаў я. - Пабачым, - пасміхаючыся адказала настаўніца. Была ўжо ноч, і да нас далучыліся міліцыянты, што ахоўвалі будынкі школаў. Як зараз памятаю, смуглявы такі палешучок-сяржанцік і маёр. Абодва з Кастрычніцкага РУУСа. Выпілі з імі, пагаманілі. Памятаю, сяржанцік той, аднагодка мой прыкладна, размаўляючы з моцным беларускім акцэнтам, спрабаваў давесці мне, што ніякай Беларусі раней не было. Вось жа халера, думаў я, і хто гэта ім у галовы такое пазапіхваў. А маёр той нічога, пра Пагоню і Княства Літоўскае разважаў.
З абодвума мне, дарэчы, пазней прыйшлося сутыкнуцца. У 1997-м, праз тры гады. Мяне затрымалі на маладафронтаўскай акцыі ў сакавіку і даставілі ў Кастрычніцкі РУУС, да таго самага маёра. Ён сарамліва апусціў вочы… А той сяржанцік смуглявенькі мяне на Акрэсціна этапаваў. Таксама мяне пазнаў, але вочы не апускаў, наадварот, нейкая бравада ў ім была. Першы раз тады мяне на пяць сутак аформілі. Але гэта ўжо іншая, як кажуць, гісторыя.
Дык вось, пайшоў я да хаты ахмялелы і супакоены. Ну, нічога - другі тур усё на свае месцы расставіць. Які ж я быў збянтэжаны, калі зрання даведаўся, што ў другі тур выйшлі … Лукашэнка і Кебіч! Ды як так? У мяне ж на ўчастку лічылі пры мне, усё было добра, правільна. Пазьняк выйшаў і на суседнім таксама! Ну ладна, пажывем і з гэтым пяць гадоў, потым пераабярэм, ну што здарыцца за гэты час? Ды будзем жыць, як жылі, - супакойваў сябе я.
На другі тур я ўжо не хадзіў. Так я за Рыгорыча ніводнага разу і не прагаласаваў.
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў