Урад Беларусі справаздачыўся перад ААН: агучаныя штампы з дзяржСМІ
Урад Беларусі прадставіў свой даклад у межах працэдуры універсальнага перыядычнага агляду (УПА) і выслухаў рэкамендацыі краін-удзельніц Савета па правах чалавека ААН.
Шмат якія дэлегацыі Савета агучылі першачарговыя рэкамендацыі, якія былі выпрацаваныя беларускай праваабарончай супольнасцю і накіраваныя ў ААН раней: патрабаванне неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволенных, спыненне рэпрэсій у дачыненні да мірных удзельнікаў сходаў, правядзенне раследавання ўсіх фактаў катавання. Гучалі і рэкамендацыі аб ратыфікацыі Другога факультатыўнага дагавору Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, першым крокам якой мусіць стаць увядзенне мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання.
Праваабаронцы агучылі першачарговыя рэкамендацыі беларускім уладам у межах працэдуры УПА
Цяпер па працэдуры Беларусь у хуткім часе павінна прадставіць пазіцыю ўрада адносна рэкамендацый, якія гучалі падчас слуханняў.
“Мы са свайго боку ў чарговы раз заклікаем урад прыслухацца да тых рэкамендацый, якія былі агучаны падчас УПА, і выканаць іх, — падкрэсліў праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч. — Асабліва гэта датычыцца першачарговых рэкамендацый: неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных, распачаць раследаванні ўсіх фактаў катавання і жорсткага абыходжання, спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі і мірных пратэстоўцаў. Толькі пасля гэтага можна будзе казаць пра магчымасць далейшага дыялогу, у тым ліку, з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці ў кантэксце імплементацыі гэтых рэкамендацый. Верагодна, Беларусь будзе распрацоўваць чарговы Нацыянальны план па правах чалавека, хаця ў кантэксце сённяшніх падзей я з цяжкасцю ўяўляю сабе магчымасць нейкіх кантактаў, калі не будуць выкананыя першачарговыя патрабаванні і рэкамендацыі”.
Улады спрабавалі максімальна адхіліцца ад тых вострых рэкамендацый, якія ім агучвалі дэлегацыі Савета па правах чалавека ААН. Яны пракаментавалі толькі некаторыя моманты.
“Яны канцэнтраваліся на больш агульных рысах, казалі, які прагрэс быў дасягнуты з мінулага раўнда: напрыклад, агучылі, што далучыліся да Канвенцыі па правах інвалідаў, — пракаментаваў Валянцін Стэфановіч. — МУС заявіў, што дэманстрацыі зрэжэсіраваныя і не мірныя, таму што супрацоўнікі міліцыі знаходзілі ў пратэстоўцаў балаклавы і нажы, а факту перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі МУС на дадзены момант не было ўстаноўлена. То бок, былі агучаныя ўсе тыя штампы, якія мы чуем з дзяржаўных СМІ”.
Універсальны перыядычны агляд (УПА) — гэта Праваабарончы механізм, які быў створаны ААН у 2006 годзе для таго, каб кожная дзяржава-удзельніца ААН праінфармавала дзяржавы-удзельніцы Савета па правах чалавека ААН аб зробленых імі паляпшэннях у галіне правоў чалавека. Усе дзяржавы маюць магчымасць даваць рэкамендацыі дзяржаве, якая робіць справаздачу.