Футбольны заўзятар "БАТЭ" звярнуўся ў ААН са скаргай на міліцыянтаў, якія сарвалі яму прагляд матчу праз шалік з "Пагоняй"
44-гадовы футбольны заўзятар "БАТЭ" Сяргей Бахун звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з нагоды парушэння яго правоў у 2014 годзе на стадыёне падчас матчу БАТЭ — "Слован" (Славакія), калі яго затрымала міліцыя за з'яўленне на арэне з шалікам з гербам "Пагоня". Мужчыну амаль увесь матч пратрымалі ў пакоі міліцыі без аніякіх юрыдычных падставаў. Мужчыну вельмі абурыла гэтая сітуацыя, бо на матч у Барысаў ён прыехаў з Брэста, заплаціў грошы за квіток, але гульні любімай каманды так і не ўбачыў. Цяпер Сяргей Бахун з дапамагой Праваабарончага цэнтра “Вясна” хоча дабіцца справядлівасці праз Камітэт ААН.
Гэтая гісторыя цягнецца з 26 жніўня 2014 года, калі БАТЭ прымаў дома “Слован” з Браціславы. БАТЭ тады выйграваў 3:0 і выходзіў у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, але Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыў — у сярэдзіне першага тайма яго вывелі з трыбуны міліцыянты і пратрымалі амаль да канца матча ў “апорцы” стадыёна. Падставай для такіх дзеянняў праваахоўнікаў паслужыў шалік з выявай гістарычнага герба «Пагоня», які быў на шыі у заўзятара. Прынамсі, менавіта такую прычыну, па словах Сяргея Бахуна, агучыў Вячаслаў Паўлавец, у той час яшчэ маёр, які правёў «прафілактычную» гутарку з затрыманым.
“Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну — маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку “Пагоня”, гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паўпіраліся трохі з ім. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку — у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца”, — распавёў тады пра свае прыгоды Сяргей Бахун.
На гэтым гісторыя Сяргея не скончылася. Бахун спачатку напісаў скаргу на дзеянні маёра Паўлаўца кіраўніку Барысаўскага РАУС і ў пракуратуру Барысаўскага раёна. Там адазалі, што правялі праверку, але парушэнняў не выявілі. Тады Бахун звярнуўся са скаргамі ў пракуратуру Мінскай вобласці і начальніку УУС Мінаблвыканкама, але безвынікова. Таксама ніякіх вынікаў не далі звароты Сяргея ва Упраўленне ўнутраных спраў Мінскай вобласці, начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў па Мінскай вобласці. Футбольны заўзятар нават судзіўся з міліцыянтамі ў 2016 годзе ў судзе Барысаўскага раёна. Сяргей звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць дзеянні супрацоўніка міліцыі незаконнымі, але яму адмовілі, а дзеянні міліцыі прызналі правільнымі. Бахун абскарджваў рашэнне суда першай інстанцыі ў Мінскім абласным судзе, старшыні Мінскага абласнога суда і ў Вярхоўным судзе, але таксама безвынікова. Цяпер мужчына хоча дабіцца справядлівасці праз Камітэт ААН.
“Афіцэры! Нельга так хлусіць”. Як футбольны балельшчык судзіўся з міліцыяй
"Усе дзяржаўныя органы, у якія я звяртаўся ў сувязі з затрыманнем і парушэннем маіх правоў на асабістую свабоду і на выказванне меркавання, адмаўлялі мне ў задавальненні скаргі ў сувязі з адсутнасцю парушэння заканадаўства падчас майго затрымання", — адзначае ў паведамленні Камітэту Бахун.
На думку Сяргея Бахуна, барысаўскія міліцыянты парушалі яго правы, прадугледжаныя п. 2 арт. 19 і п. 1 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: права на свабоднае выказванне свайго меркавання і права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
Сяргей Бахун просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак дзяржавы Рэспублікі Беларусь даць яму эфектыўны сродак прававой абароны супраць гэтых парушэнняў, уключаючы выплату належнай кампенсацыі і юрыдычных выдаткаў, якія ён панёс у абароне сваіх правоў на нацыянальным узроўні.
Раней Сяргей казаў, што яго галоўная і адзіная ягоная мэта — атрымаць прабачэнні ў пісьмовай форме за неправамерныя дзеянні барысаўскіх міліцыянтаў.