viasna on patreon

Спецдакладчык ААН: Ціск на беларускіх праваабаронцаў ўзмацняецца

2021 2021-03-20T12:01:52+0300 2021-03-20T12:01:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marylawlor_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар. Фота OHCHR

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар. Фота OHCHR

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар заявіла аб сваёй занепакоенасці, выкліканай узмоцненнем ціску на праваабаронцаў у Беларусі. Аб гэтым паведамляецца на сайце ААН. 

"Ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкода працы адвакатаў сталі агульнай практыкай, - сказала Лолар. - Мне нават паведамлялі, што некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за супрацоўніцтва з ААН і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас утрымання пад вартай".  

Лолар згадала Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, супрацоўнікаў офіса па правах людзей з інваліднасцю, якія супрацоўнічалі з офісам ААН па правах чалавека. 

"Яны пазбаўленыя волі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Драздоўскі, дырэктар арганізацыі і інвалід-вазочнік, быў вымушаны перанесці знясільваючы сямігадзінны допыт, а юрысконсультанта Граблеўскага прымусілі распрануцца дагала падчас допыту.

Гэтыя выпадкі паказваюць, што сітуацыя, якая пачалася падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, працягваецца і пагаршаецца", - адзначыла Лолар. 

Эксперт ААН распавяла пра тое, што Марыі Рабковай, каардынатарцы валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», дзе вялася праца па дакументаванні катаванняў, маніторынгу сітуацыі па захаванні свабоды сходаў і іншых правоў чалавека, пасля яе арышту ў верасні мінулага года прад'яўленыя новыя абвінавачванні.

Чацвёра супрацоўнікаў Прэс-клуба Беларусь, якія ўдзельнічалі ў працы па дакументаванні выпадкаў рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, таксама былі затрыманыя па абвінавачванні ва "ўхіленні ад выплаты падаткаў". Пяты супрацоўнік дэпартаваны ў Расійскую Федэрацыю.

"Большасці затрыманых прад'яўляюць абвінавачванні ў эканамічных злачынствах", - сказала Лолар, дадаўшы, што ў яе выклікае сур'ёзныя асцярогі пытанне справядлівасці судаводства. 

Эксперт ААН таксама адзначыла, што многіх праваабаронцаў нядаўна вымусілі падпісаць пагадненні аб неразгалошанні інфармацыі:

"Пагадненні аб невыдаванні інфармацыі дэ-факта ўзводзяць абмен інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў разрад супрацьзаконных. Прастора для ажыццяўлення праваабаронцамі іх дзейнасці ў Беларусі становіцца немагчыма вузкай".

Лолар заклікала да зняцця ўсіх абмежаванняў правоў грамадзянскай супольнасці. 

"Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ і адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэнні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасследаванымі", - заявіла яна.

Па гэтым пытанні эксперт застаецца ў кантакце з органамі ўлады.

Заклік Мэры Лолар падтрымалі Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Джэрард Куін, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах інвалідаў; Дыега Гарсія-Сайян, спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў; Нільс Мельцэр, спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства