viasna on patreon

У ААН перададуць дадзеныя аб катаваннях у Беларусі

2021 2021-05-03T22:21:42+0300 2021-05-03T22:21:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jens_modvig_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Енс Модвіг

Енс Модвіг

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) перадасць сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН, паведаміў кіраўнік платформы Енс Модвіг. Пра гэта пішуць naviny.by.

IAPB была створана для збору, праверкі і захоўвання дадзеных аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб затым выкарыстоўваць іх для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых. Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі ў асноўным з краін Еўропы. Узначальвае яе Дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity і, у прыватнасці, яго медыцынскі дырэктар Енс Модвіг.

Як адзначыў Модвіг, інстытут Dignity вырашыў удзельнічаць у гэтым праекце, таму што ў ім працуюць эксперты ў медыцынска-прававым дакументаванні катаванняў.

"Гэта добрая магчымасць для экспертных арганізацый унесці свой уклад у дакументаванне і расследаванне грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, разам з міжурадавымі механізмамі пад эгідай ААН, і дапамагчы ў зборы доказаў, пакуль яны яшчэ існуюць, — заявіў эксперт. — У прыватнасці, медыцынскі агляд прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання магчыма толькі на працягу некалькіх дзён ці тыдняў, таму дакументаванне павінна адбывацца як мага хутчэй".

Платформа пачала працу 24 сакавіка. На дадзеным этапе, па словах Модвіга, "распрацоўваюцца фарматы і працэдуры, якія затым будуць прымяняць для праверкі ўжо існуючых выпадкаў, а таксама для бесперапыннага збору новых дадзеных".

Збор і праверка звестак ажыццяўляецца "ў цесным супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўжо сабралі шмат выпадкаў прымянення катаванняў і працягваюць гэтым займацца, нягледзячы на рэпрэсіі".

"Гэтыя дадзеныя знаходзяцца ў нашым распараджэнні, і ў наступныя месяцы яны будуць папаўняцца. У рамках платформы мы будзем далей працаваць над паляпшэннем эфектыўнасці іх збору і аналізу", — адзначыў кіраўнік IAPB.

Паводле яго слоў, платформа будзе дзейнічаць як падрыхтоўчы механізм, пакуль запушчаны ў ААН механізм збору доказаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не пачне працаваць.

"Адпаведна, мы перадамо сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. Гэта значыць мэты адны і тыя ж", — пракаментаваў Модвіг.

Ён падкрэсліў, што "гэтая платформа з'яўляецца беспрэцэдэнтнай".

"І хоць ва ўсіх арганізацый-удзельніц ёсць вялікі вопыт у дакументаванні парушэнняў правоў чалавека, упершыню такі кансорцыум пры падтрымцы вялікай колькасці краін створаны для таго, каб запоўніць прабел, пакуль не запрацуе міжнародны механізм дакументацыі і расследавання на аснове ААН", — заявіў эксперт.

Па словах Модвіга, 19 краін, якія падтрымалі стварэнне платформы, прадастаўляюць толькі фінансаванне, аднак "ніяк не ўцягнутыя наўпрост у яе працу".

"Я ўпэўнены, што ўсе яны будуць уважліва сачыць за ёй, але не могуць аказваць на яе ўплыў", — сказаў ён.

У ліку цяжкасцяў у працы платформы прадстаўнік Dignity назваў "бяспеку ахвяраў катаванняў, сведак і праваабаронцаў у Беларусі", якія, па яго словах, "знаходзяцца пад пагрозай з-за рэпрэсій з боку рэжыму".

"Платформа павінна працаваць, пры гэтым рызыка для ўсіх уцягнутых павінна быць мінімальнай", — лічыць эксперт.

Ён таксама падкрэсліў, што "платформа ні ў якім разе не заменіць функцыю пракурораў і суддзяў".

"Мы будзем збіраць матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у якасці доказаў у наступных крымінальных расследаваннях. Тады абвінаваўцы змогуць прадставіць гэты матэрыял у судзе, — сказаў Модвіг. — На жаль, мы не чакаем, што беларускія ўлады ў агляднай будучыні будуць удзельнічаць у крымінальным пераследзе тых, хто вінаваты ў парушэнні правоў чалавека. Таму справядлівасць можа быць дасягнута альбо з дапамогай міжнародных механізмаў, альбо шляхам універсальнай юрысдыкцыі. Калі гэта стане магчымым, то тыя, каго аб'ядноўвае платформа, будуць супрацоўнічаць у рамках такіх механізмаў".

Модвіг выказаў надзею, што "ўсіх вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека неўзабаве прадставяць правасуддзю тым ці іншым шляхам".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства