Спецдакладчык ААН: "Сітуацыя працягвае пагаршацца ў атмасферы страху, беспакаранасці і непрыцягнення да адказнасці вінаватых" Дакумент
На сайце ААН апублікаваны даклад Спецдакладчыка па пытанні аб палажэнні ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, які будзе прадстаўлены на 47 сесіі Савета па правах чалавека.
У ім Анаіс Марэн апісвае сітуацыю з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў 2020 годзе і пачатку 2021 года ў Беларусі. Яна дакументуе хвалю рэпрэсій у краіне з дапамогай довадаў масавых парушэнняў, беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах і цяжару.
На 24 старонках даклада ўздымаюцца пытанні, якія вельмі востра паўстаюць у беларускім грамадстве:
- права на жыццё – смяротнае пакаранне і адвольнае пазбаўленне жыцця;
- права на фізічную недатыкальнасць: катаванні і іншыя жорскія, бесчалавечыя віды абыходжання; адвольныя затрыманні і заключэнне пад варту; гвалтоўныя знікненні; прымусовыя выдварэнні; справядлівасць судовага разбіральніцтва;
- свабода на мірныя сходы і асацыяцыі; свабода на асабістае меркаванне і іх свабоднае выказванне, права на ўдзел у грамадскім жыцці;
- права на здароўе, на адукацыю, у тым ліку на беларускай мове і мовах меншасцяў ды інш.
Анаіс Марэн глыбока ўстрывожаная беспрэцэдэнтнай эскалацыяй парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якая назіралася ў адзначаны перыяд.
“Палітычны крызіс і сацыяльныя падзеі яшчэ раз пацвердзілі цыклічнасць усплёскаў парушэнняў правоў чалавека ў перыяд выбараў у Беларусі, але ў той жа час яны выявілі глыбока укаранелыя інстытуцыйныя недахопы дзяржаўнага апарату, у прыватнасці праваахоўнай сістэмы і сістэмы правасуддзя, якія выкарыстоўваюцца не для абароны правоў чалавека, а для іх абмежаванні. Асаблівую заклапочанасць выклікае той факт, што сітуацыя працягвае пагаршацца ў атмасферы страху, беспакаранасці і непрыцягнення да адказнасці вінаватых”, - прыходзіць да высновы Спецдакладчык ААН.
Яна нагадвае і паўтарае свае рэкамендацыі, сфармуляваныя ў папярэдніх дакладах, якія не былі выкананы, а таксама падтрымлівае рэкамендацыі, сфармуляваныя Вярхоўным камісарам ААН Мішэль Бачэлет у яе дакладзе, асабліва тыя, якія патрабуюць тэрміновых дзеянняў са бакі ўрада Беларусі.
47 сесія Савета па правах чалавека ААН пройдзе з 21 чэрвеня па 9 ліпеня 2021 года, пытанне Беларусі будзе чацвёртым на парадку дня.