УВКПЧ заклікае прадставіць інфармацыю аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Збор працягнуты да 15 снежня
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікае асобаў, групы і арганізацыі прадставіць інфармацыю і дакументацыю, якая мае дачыненне да мандата* па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
УВКПЧ зацікаўленае ў атрыманні інфармацыі, якая тычыцца ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы магчымыя гендэрныя аспекты такіх парушэнняў.
Апошні дзень падачы ўсіх матэрыялаў - 15 снежня 2021 года, але настойліва рэкамендуецца накіроўваць матэрыялы як мага раней, каб у сакратарыята было дастаткова часу для апрацоўкі інфармацыі, уключаючы любыя наступныя дзеянні, калі яны будуць неабходныя. Для прадстаўлення адпаведнай інфармацыі і дакументацыі прапануецца выкарыстоўваць такі шаблон.
УВКПЧ абавязваецца не раскрываць вашу асобу або выкарыстоўваць прадстаўленую інфармацыю толькі з дазволу, а таксама кіравацца прынцыпам "не нашкодзь": не падвяргаць небяспецы жыццё, бяспеку, свабоду і дабрабыт ахвяраў, сведак і іншых асобаў, якія супрацоўнічаюць. У мэтах захавання бяспекі і прыватнасці прадстаўленай інфармацыі рэкамендуецца падаваць яе праз абароненае воблака, створанае УВКПЧ для гэтай мэты - загрузіце шаблон ў воблака разам з любымі адпаведнымі дадаткамі.
Калі ў вас узнікнуць якія-небудзь пытанні, звяртайцеся ў сакратарыят па электронным адрасе ohchr-oeb@un.org. Па магчымасці, асабліва калі вы хочаце перадаць канфідэнцыйную інфармацыю па электроннай пошце, рэкамендуецца выкарыстоўваць абароненыя каналы электроннай пошты (напрыклад, выкарыстоўваць tutanota, hushmail або virtru або іншыя зашыфраваныя сэрвісы электроннай пошты). Звярніце ўвагу, што пацверджанні аб атрыманні інфармацыі не прадугледжаныя.
Варта адзначыць, што не ўся прадстаўленая інфармацыя абавязкова будзе адлюстравана ў публічных справаздачах. У прыватнасці, не будуць разглядацца справы аб парушэннях, якія выходзяць за рамкі мандата.
* Што такое мандат па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?
У сваёй рэзалюцыі 46/20 аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў перыяд пасля іх, прынятай 29 сакавіка 2021 года, Савет па правах чалавека прасіў Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека:
- ажыццяўляць маніторынг і прадстаўляць даклады аб становішчы ў галіне правоў чалавека, правесці ўсебаковае вывучэнне ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, захаваць і прааналізаваць інфармацыю і доказы з мэтай садзейнічання па прыцягненню да адказнасці вінаватых і правасуддзя для ахвяраў і, па магчымасці, выяўленні вінаватых;
- даваць агульныя рэкамендацыі па паляпшэнню захавання і абароны правоў чалавека;
- узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі і ўсімі зацікаўленымі бакамі з мэтай абмену інфармацыяй і аказання падтрымкі дзеянняў па прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.