viasna on patreon

"Указ зʼяўляецца часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні". ААН выступіла з заявай з нагоды новых пашпартных абмежаванняў

2023 2023-09-20T16:13:27+0300 2023-09-20T16:13:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aan1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арганізацыя Абʼяднаных Нацый 20 верасня выступіла з заявай з нагоды забароны на выдачу беларускіх пашпартоў за мяжой. У ім арганізацыя заклікала дзяржавы-чальцы ААН не дэпартаваць беларусаў па заканчэнні тэрміну дзеяння іх пашпартоў і садзейнічаць атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.

Нагадаем, з 7 верасня афіцыйна ўвайшоў у дзеянне ўказ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа. Для атрымання, абмену або падаўжэння тэрміну дзеяння пашпарта прыйдзецца ехаць у Беларусь.

"Указ закране ў першую чаргу тых, хто быў вымушаны бегчы з краіны праз масавыя рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, уключна з мірнымі пратэстоўцамі. Яны не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь", – заявілі эксперты ў ААН. – Па сутнасці гэты ўказ уяўляе сабой злоўжыванне мерамі бяспекі і зʼяўляецца часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні, уключна з праваабаронцамі, журналістамі і прадстаўнікамі апазіцыі, за іх меркаваную палітычную нелаяльнасць".

"Калі гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь, яны будуць мець высокую рызыку пераследаў", – заявілі эксперты, заклікаўшы беларускія ўлады адклікаць указ і пачаць аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года.

Эксперты ААН папярэджваюць, што гэтая мера ўвядзе дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да правоў беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму, уключна з правам на рэгістрацыю нараджэння і наданнем грамадзянства дзецям, што нарадзіліся за мяжой. Гэты ўказ дыскрымінуе ўсіх беларусаў, якія пражываюць за мяжой, негатыўна ўплывае на іх права на адукацыю, ахову здароўя, уступленне ў шлюб, свабоду перамяшчэння і доступ да правасуддзя ў краінах, якія іх прымаюць.

"Мы заклікаем дзяржавы-чальцы ААН не дэпартаваць беларускіх грамадзян, якія асцерагаюцца пераследаў на той падставе, што тэрмін дзеяння іх пашпартоў скончыўся або яны былі прызнаныя несапраўднымі ў выніку карнага пазбаўлення грамадзянства", – заявілі эксперты.

Яны таксама заклікалі дзяржавы-чальцы ААН садзейнічаць, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.

Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларускія ўлады арыштавалі больш за 35 000 чалавек падчас масавага падаўлення пратэстаў, якія ў большасці сваёй насілі мірны характар. Многіх катавалі падчас утрымання пад вартай, і больш за 1 500 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычна матываваных абвінавачваннях. Паводле некаторых ацэнак, ад 200 000 да 1 мільёна беларусаў жывуць у выгнанні пасля таго, як былі вымушаныя бегчы ад рэпрэсій, пагрозаў і запалохвання.

Эксперты раней выказвалі ўраду Беларусі занепакоенасць палітыкай уладаў у адносінах да беларусаў у выгнанні.

FIDH і "Вясна" заклікалі Беларусь адмяніць новыя пашпартныя абмежаванні, а дзяржавы-чальцы ЕС аказаць дапамогу і падтрымку беларусам

Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады адмяніць закон, а дзяржавы-чальцы ЕС аказаць дапамогу і падтрымку праваабаронцам, дэмакратычнай апазіцыі і ўсім тым, на каго негатыўна паўплывала гэтая мера, уключна з аказаннем ім дапамогі ў афармленні часовых дазволаў на паездкі, відаў на жыхарства ды іншых неабходных дакументаў, а таксама ў атрыманні гарантый невыдварэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства