viasna on patreon

Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-04-04T17:09:52+0300 2024-04-04T17:10:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

4 красавіка 2024 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і пазбаўлення волі ў калоніі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Дзіяны Кішкаренка, Анастасіі Юманавай, Вольгі Патрусаевай, Дзмітрыя Кучука, Міхаіла Петраша, Юрыя Хаванскага, Піліпа Сцёпіна, Яўгена Цыбулькі, Вячаслава Баравіка, Дзмітрыя Шчамера, Андрэя Анпілогава, паводле ч. 1 арт. 342 і ч.1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (за захаванне нязначнай колькасці марыхуаны) ў дачыненні да Івана Дыдышкі, а таксама накіраванні да адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову асуджанага паводле ч.1 арт. 342 КК Сяргея Крука, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Далейшыя пратэстныя выступленні мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць Дзіяну Кішкаренка, Анастасію Юманаву, Вольгу Патрусаеву, Дзмітрыя Кучука, Міхаіла Петраша, Юрыя Хаванскага, Піліпа Сцёпіна, Яўгена Цыбульку, Вячаслава Баравіка, Дзмітрыя Шчамера, Андрэя Анпілогава, Івана Дыдышку, Сяргея Крука і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства