viasna on patreon

Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі: акцыі ў іх падтрымку праходзяць па ўсім свеце Дапоўнена

2024 2024-05-21T16:04:00+0300 2024-05-22T11:10:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/warshawa-2024-05-19-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У трэцюю гадавіну з дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка беларусы ўсяго свету праводзяць 21 траўня Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Гэты дзень запачаткавалі праваабаронцы "Вясны". У гэтым годзе запланавана болей за 30 розных мерапрыемстваў і акцый у розных краінах свету. Яны пачаліся 19 траўня і будуць праходзіць некалькі дзён. Распавядаем, як беларусы выказваюць салідарнасць з тымі, хто зараз за кратамі і з тымі, хто адтуль болей не вернецца. Падрабязную інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі можна паглядзець на сайце  prisonersday.info.

21 траўня

У літоўскай Клайпедзе адбылася акцыя салідарнасці, прысвечаная Дню палітвязня.

Мясцовыя беларусы зладзілі роварную паездку з бел-чырвона-белай атрыбуцыкай і сцягамі па горадзе


У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве адзначылі Дзень палітвязня.

Там адбыўся “Марафон лістоў”: актывісты напісалі словы падтрымкі тым, хто за кратамі. Наўзамен можна было атрымаць падарункі, сярод якіх былі шоперы і цішокі ад Dissidentby.

"Канешне,  мы рыхтаваліся загадзя і нашыя валанцёры пісалі лісты загадзя. Мы разам арганізоўваем гэтае мерапрыемства з іншымі ініцыятывамі, якія займаюцца абаронай правоў палітвязняў. І ў тым ліку напісаннем лістоў", - сказала мадэратарка падзеіАлена Панамарова.
У Варшаве ініцыятыва ладзілася афлайн цягам 3 гадзін.


Таксама ў Варшаве ў Беларускім Доме адбылася сустрэча, прысвечаная палітзняволеным. На ёй выступілі сурганізатары падзеі: заснавальніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая і кіраўнік установы Алесь Зарэмбюк, а былыя зняволеныя падзяліліся сваім досведам і думкамі пра набалелае.

Сярод спікераў была і Мія Міткевіч. Жанчына была асуджаная на 3 гады калоніі, цалкам адбыла тэрмін і вызвалілася год таму.  Экс-палітвязынка распавяла, што адчувала падчас сустрэчы:

"Боль, таму што праз паўгода здаецца адпускаеш сітуацыю, але яна не адпускае. Бо ўсё роўна думаеш, як там дзяўчаты, як яны сябе адчуваюць. Я разумею, што кожная з іх фактычна можа апынуцца ў той жа распрацоўцы, што і я. І гэта насамрэч страшна. Бо жанчына ў прынцыпе не мусіць праходзіць праз тое, праз што мы ўсе праходзім. Гэта балюча, таму што гэта страшна"


Акцыя салідарнасці з палітычнымі зняволенымі 21 траўня прайшла ў Вільні.

На Кафедральнай плошчы сабралася больш за сотню чалавек. Перфомансы і спевы чаргаваліся з выступамі палітыкаў, былых палітвязняў і праваабаронцаў.

vilnia-2024-05-21-4.jpg
Фота "Радыё Свабода"

Падчас акцыі ў літоўскай сталіцы зачыталі пэтыцыю на адрас МЗС Літвы, а ўсіх удзельнікаў мітынгу заклікалі яе падпісаць. У дакуменце МЗС Літвы заклікаюць далучыцца да патрабаванняў беларусаў і накіраваць нелегітымным уладам Беларусі зварот з заклікам вызваліць палітвязняў.


У швейцарскім Цюрыху прайшла акцыя салідарнасці з нагоды Дня палітвязняў.

Сярод удзельнікаў акцыі былыя палітзняволеныя, сябры беларуска-швейцарскай асацыяцыі RAZAM і праваабаронцы швейцарскай філіі Libereco.


У Беластоку адбываецца акцыя салідарнасці, прымеркаваная да Дня палітвязня.

Яны праходзіць каля консульства Беларусі.


У Вільні праваабаронцы "Вясны" ладзяць адкрыты запіс падкасту "Вясна прыйдзе"

"Мы хочам дапамагчы палітвязням захаваць сваё здароўе і разам з прафесійнымі медыкамі і юрыстамі, а таксама з людзьмі, якія прайшлі праз беларускія турмы, знайсці адказы на самыя надзённыя пытанні для палітычных зняволеных", — кажуць арганізатары.

20 траўня

Беларусы Шатландыі ўсталявалі імправізаваныя сцяжкі з імёнамі усіх беларускіх палітычных зняволеных.

Гэта было зроблена з нагоды Дня палітвязняў.


У Маскве, каля беларускай амбасады,  з'явіліся фотаздымкі загінулых палітвязняў

Партрэты Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна з'явіліся ўчора ўвечары каля будынка амбасады.

Паведамляецца, што ўшанаваць памяць загінулых беларускіх палітвязняў сваёй прамовай хацела грамадзянка Расіі, аднак ёй не дазволіла гэта зрабіць паліцыя.


Святлана Ціханоўская: “Нам нельга маўчаць ні дня”

Дэмакратычны лідар Беларусі апублікавала зварот з нагоды Дня салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 мая. Роўна тры гады таму ў калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Яе зварот публікуе "Наша Ніва".

«Сёння дзень, які адгукаецца болем у сэрцы кожнага з нас. Я не магу проста прамовіць слова «палітвязень» — яго хочацца крычаць ад болю і злосці. Болю, бо такіх зняволеных у краіне сёння як менш паўтары тысячы. Яшчэ амаль столькі ж прайшлі праз турмы, катаванні, знявагу — і ўжо вярнуліся на волю. Але з падарваным здароўем і страчанымі гадамі жыцця. Злосць жа перапаўняе мяне ад таго, што рэпрэсіі працягваюцца — і людзей бяруць у закладнікі. Праз імкненне забіць свабоду слова, свабоду меркаванняў рэжым пераследуе народ.

Мы імкнуліся шмат што зрабіць, каб змяніць сітуацыю — публічна і не публічна. Але рэжым не мае цікавасці ў вызваленні палітвязняў. Для Лукашэнкі людзі — гэта проста расходны матэрыял, які не мае каштоўнасці. Менавіта таму ўжо шэсць зняволеных памерлі за кратамі.

Мы абавязаныя штодзень шукаць магчымасці, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмаў. А пакуль яны ў няволі, мы павінны іх падтрымліваць, і павінен гэта рабіць кожны з нас. Мы — голас беларускіх палітвязняў, і нам нельга маўчаць ні дня. Мы можам быць стомленымі і разгубленымі ад таго, што адбываецца навокал. Але людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ахвяруюць кожным днём жыцця за вольную Беларусь. І сёння мы з вамі — іх голас, іх надзея. Мы не маем права падвесці нашых герояў».


Беларусы Бельгіі, насуперак усім пагрозам рэжыму, выйшлі 20 траўня ў самым сэрцы Еўропы на акцыю, каб нагадаць пра лёс нашых палітычных вязняў і выказаць падтрымку тым, хто знаходзіцца за кратамі адно праз прагу лепшай долі для беларускага народу.

Пасля акцыі, ужо традыцыйна, у Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі беларусы Бельгіі напісалі паштоўкі тым палітвязням, якія святкуюць свой дзень народзінаў у траўні, і тым, пра каго няма ніякай інфармацыі ўжо трывалы час.

У акцыі ўзяў удзел і намеснік прадстаўніка ў замежных справах Кабінета, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка.

Турын, Італія.

20 траўня ў Турыне адбылося адкрыццё выставы Ксішы Ангелавай, мастачкі, якая распавядае пра палітвязняў мовай мастацтва. Да 24 траўня у Нацыянальнай студэнцкай бібліятэке Турына можна пабачыць амаль 400 партрэтаў беларускіх зняволенных.

У адкрыцці выставы бралі ўдзел прэзідэнт асацыяцыі Fondazione Luigi Firpo Vincenzo Ferrone, адказная за культуру ў адміністрацыі Турына Rosanna Purchia, мастачка Ксіша Ангелава, былая палітзняволенная Ася Булыбенка  і прэзідэнтка асацыяцыі «Талака» Юлія Юхно. 

"Гэта першая выстава Ксішы ў Італіі! Мы вельмі ўсцешаныя тым, як усё прайшло і ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў нас падтрымаць!", - паведамляюць арганізатары марапрыемства.

19 траўня

У цэнтры Варшавы 19 траўня, ля помніка Каперніку, адкрылася інтэрактыўная выстава пад адкрытым небам пад назвай "Муры". На стылізаванам дроце былі размешчаны фатаграфіі палітвязняў Беларусі.

Да партрэтаў падыходзілі ў тым ліку госці Варшавы, якія разглядалі і фатаграфавалі партрэты.

 

На мерапрыместве выступілі былыя палітвязні, якія нядаўна з'ехалі з Беларусі. Яны распавялі пра цяжкія ўмовы ў зняволенні і катаванні. У канцы акцыі беларуская мастачка Яна Шостак правяла свой знакаміты перфоманс "Хвіліна крыку".


Рым. Сёння беларуская дыяспара ў Італіі правяла мітынг, прысвечаны Дню палітвязня.

Мітынг быў арганізаваны Народнай амбасадай Беларусі ў Італіі, на ім прысутнічалі прадстаўнікі палітыкі з палітычных партый «Fratelli d’Italia”, “Partito democratico”, “Più Europa”, кандыдатка ў Еўрапарламент Вольга Сурынава, а таксама прадстаўніца Народнай амбасады Юлія Юхно.



Разам з нашымі паплечнікамі мы распавялі гісторыі беларускіх палітвязняў і яшчэ раз нагадалі пра нашую барацьбу.


Беларусы Вялікабрытаніі сабраліся на акцыю салідарнасці з палітвязнямі ў Лондане, у Parliament Square.

"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў

Сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі — права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні.

 Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства