viasna on patreon

Заява аб прызнанні 15 новых палітычных зняволеных

2025 2025-01-21T10:45:43+0300 2025-01-21T14:35:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

21 студзеня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных групаў, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не мусіць, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, мусіць быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

Вікторыі Верас паводле артыкулаў 130, 342, 361 Крымінальнага кодэкса, якая абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, арганізацыі ды падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, закліках да санкцый — да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Максіма Чахоўскага паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Генадзя Саўрыцкага паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Рандарэнкі ў закрытым пасяджэнні паводле арт. 130 і 130-1 Крымінальнага кодэкса, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы і рэабілітацыі нацызму за выказванні ў інтэрнэце — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або схаваць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Нам вядома аб асуджэнні Аляксандра Мірскага паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе — да сямі гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якое абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальнага абвінавачвання, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не мусіць быць агульнай практыкай. Змяшчэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не мусяць утрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання"

Вядома аб заключэнні пад варту:

Вікторыі Гусаравай паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

Вітольда Шалкевіча паводле арт. 391, 130, 342, 369, 368, 370 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў абразе суддзі, службовай асобы, А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, здзеку з дзяржаўных сімвалаў;

Мікалая Юшчанкі паводле арт. 368, 356 Крымінальнага кодэкса, які абвінавачваецца ў абразе А. Лукашэнкі і дзяржаўнай здрадзе;

Паўла Вабішчэвіча ды Аляксандра Зіненкі паводле арт. 289, 365, 309 Крымінальнага кодэкса, якія абвінавачваюцца ў замаху на тэрарыстычны акт, дзяржаўнай здрадзе, наўмыснаму прывядзенню ў непрыдатнасць шляхоў зносін, незаконных дзеяннях у дачыненні да боепрыпасаў (справа разглядаецца ў закрытым судовым пасяджэнні);

Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошкі, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка, Віталя Папроцкага паводле арт. 130, 361 Крымінальнага кодэкса, якія абвінавачваюцца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, закліках да санкцый.

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнага матэрыяльнага ўрону або шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асоб у якасці палітычных зняволеных.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Вікторыі Верас, Максіма Чахоўскага, Генадзя Саўрыцкага, Аляксандра Рандарэнкі, Аляксандра Мірскага, Вікторыі Гусаравай, Вітольда Шалкевіча, Мікалая Юшчанкі, Паўла Вабішчэвіча, Аляксандра Зіненкі, Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошкі, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка, Віталя Папроцкага з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды ды абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Human Constanta;

Беларускі ПЭН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства