viasna on patreon

Ураду Беларусі прыдзецца адказаць, за што сядзеў дэмакрат

2009 2009-01-08T15:16:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў на разгляд скаргу кіраўніка аргкамітэта зарэгістраванага Руху “За Свабоду” па Гомельскай вобласці Уладзіміра Кацоры.

 
З ліста, атрыманага з Жэневы, дэмакрату стала вядома, што Камітэт ААН накіраваў яго скаргу ўраду Беларусі для каментара. Скарга Кацоры зарэгістравана пад адпаведным нумарам, на які яго просяць спасылацца ў далейшай перапісцы.

 
Нагадаем, у лютым 2008 года Уладзімір Кацора, з’яўляючыся арганізатарам сустрэчы гамяльчан з лідэрам Руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам вырабіў і распаўсюджваў у горадзе ўлётку пра прыезд у горад лідэра дэмсіл Беларусі. Улады палічылі, што дэмакрат парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. На гэты раз Кацора павінен быў адседзець у ІЧУ сем сутак.

 
Прайшоўшы ўсе ўнутраныя інстанцыі прававой абароны ад “бязмежжа” ўладаў, Уладзімір Кацора паскардзіўся ў ААН пра тое, што прыцягваючы яго да адміністрацыйнай адказнасці беларускія ўлады недапусціма абмежавалі яго права на свабоду распаўсюду поўнай, даставернай і своечасовай інфармацыі пра палітычнае жыццё ў краіне па змесце артыкула 23 і 34 Канстытуцыі Беларусі і артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 
На думку актывіста Руха “За Свабоду”, юрыста Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя чыноўнікі і суддзі, караючы актывістаў, забываюць пра міжнародныя абавязанні краіны:

 
- Дзяржаўныя чыноўнікі забываюць, што апрача закону пра масавыя мерапрыемствы наша краіна мае яшчэ і міжнародныя абавязкі. Практыка прымянення нацыянальнага заканадаўства супярэчыць міжнародным пагадненням нашай краіны. І суды, і чыноўнікі не выконваюць гэтых міжнародных пагадненняў, замацаваных у згаданым Пакце. Таму Кацора і звярнуўся ў Камітэт ААН са скаргаю, у якой ён просіць прызнаць парушэнне яго правоў, замацаваных у Пакце.

 
На працягу двух апошніх гадоў Уладзімера Кацору арыштоўвалі за палітычную дзейнасць пяць разоў. Агулам ён правёў за кратамі амаль сорак сутак, у тым ліку 17 — за парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства