viasna on patreon

Заява праваабаронцаў з нагоды пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

2010 2010-09-16T12:12:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення чарговых выбараў Прэзідэнта – 19 снежня 2010 г. Паводле арт. 81 Канстытуцыі Беларусі, Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў  непасрэдна народам на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.

Выбары Прэзідэнта з’яўляюцца значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны і традыцыйна выклікаюць вялікую цікавасць з боку суб’ёктаў палітычнага працэсу, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў Беларусі. Таксама выбары кіраўніка дзяржавы заўсёды з’яўляюцца значным экзаменам па дэмакратыі для уладаў Беларусі, уплываюць на імідж нашай краіны ў свеце.

Улічваючы важнасць выбараў Прэзідэнта, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, “Беларускага Хельсінкскага камітэта” і Правабарончага цэнтра “Вясна”, абвяшчаем аб пачатку кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Мэтай кампаніі з’яўляецца правядзенне назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага зканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашы высновы беларускай грамадзкасці і міжнароднай супольнасці.

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта ў межах кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” будзе ажыцяўляцца сіламі сябраў нашых арганізацый у строгай адпаведнасці з дзеючым нацыянальным заканадаўствам.

Доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу будзе ажыцяўляцца 80 назіральнікамі, якія размеркаваны па ўсёй тэрыторыі краіны. Доўгатэрміновыя назіральнікі будуць зарэгістраваны ў тэрытарыяльных камісіях па правядзенні выбараў Прэзідэнта (раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской).

За правядзеннем галасавання на выбарчых участках з пачатку датэрміновага галасавання і да падліку галасоў будуць назіраць 600 кароткатэрміновых назіральнікаў на 300 выбарчых участках па ўсё тэрыторыі краіны. Асаблівую ўвагу назіральнікі будуць удзяляць яўцы выбаршчыкаў.

Кампанія “Правабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Мы не прадстаўлем палітычныя партыі, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў, у тым ліку заявіўшых аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца намі максімальна непрадузята, сыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краніны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай і выбар кіраўніка дзяржавы.

Мінск, 16 верасня 2010 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства