viasna on patreon

Выбары прэзідэнта: тыднёвы аналітычны агляд

2010 2010-09-20T14:13:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

I. УВОДЗІНЫ

Прававую аснову выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Выбарчы кодэкс і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама пастановы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей – Цэнтральная выбарчая камісія, ці ЦВК).

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў 2001 і 2006 гадах (на аснове рэдакцый Выбарчага кодэкса ад 4 ліпеня 2000 года і 4 студзеня 2003 года) праходзілі ў прысутнасці назіральнікаў ад АБСЕ і СНД, а таксама іншых менш разгалінаваных міжнародных місіяў.

У 2001 годзе АБСЕ прыйшла да высновы, што “працэс прэзідэнцкіх выбараў 2001 году не адпавядаў абавязальніцтвам АБСЕ па правядзенню дэмакратычных выбараў, сфармуляваных у Капенгагенскім дакуменце ад 1990 году”[1], а ў 2006 годзе – што “правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі на адпавядала абавязацельствам у рамках АБСЕ ў сферы дэмакратычных выбараў”[2].

Місія СНД па назіранні за правядзеннем выбараў, наадварот, лічыцчь, што “Выбарчы кодэкс забяспечвае правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў і не ўтрымлівае палажэнняў, якія прадугледжваюць дыскрымінацыйныя абмежаванні адносна правоў грамадзян на ўдзел в выбарах”. Місія “не выявіла фактаў, якія паставілі б пад сумнеў законнасць і дэмакратычны характар” прэзідэнцкіх выбараў[3].

У рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі ААН 2007 і 2008 гадоў да Беларусі быў звернуты “настойлівы заклік прывесці выбарчы працэс і заканадаўчую базу ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і пазбавіцца ад недахопаў выбарчага працэсу”[4].

4 студзеня 2010 года у Выбарчы кодэкс быў ўнесены шэраг зменаў і дапаўненняў.

Мясцовыя выбары, якія прайшлі ў красавіку 2010 года на аснове новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса, паказалі, што апошняя ў пэўнай меры садзейнічала набліжэнню нацыянальнага выбарчага заканадаўства да дэмакратычных стандартаў. У першую чаргу гэта датычылася адмены жорсткіх абмежаванняў у працэдуры вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Аднак непразрыстасць працэсу праверкі матэрыялаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты па-ранейшаму дазволіла выбарчым камісіям прымяняць дыскрымінацыйныя падыходы да некаторых кандыдатаў.

У цэлым выбарчая кампанія прайшла ў тым жа духу, што і мінулыя кампаніі, істотных якасных зменаў на карысць дэмакратызацыі практыкі правядзення выбараў не адбылося. Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, былі зафіксаваныя сур’ёзныя сістэмныя адступленні ад дэмакратычных стандартаў, за якія беларускія ўлады раней неаднаразова падвяргаліся крытыцы.

 

ІІ. ПРЫЗНАЧЭННЕ ВЫБАРАЎ

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (арт. 81) і Выбарчым кодэксам (арт. 56), «выбары Прэзiдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнiкоў не пазней чым за пяць месяцаў i праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрмiну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзiдэнта».

Прызначэнне выбараў адбылося 14 верасня 2010 года, на пятай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прапанова аб правядзенні выбараў 19 снежня 2010 года была ўнесена старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васілём Байковым. Дэбаты па гэтым пытанні цягнуліся каля дзесяці хвілін. Акрамя варыянта, прапанаванага В. Байковым, падчас абмеркавання быў прапанаваны яшчэ толькі адзін варыянт – 6 лютага 2010 года. Астатнія меркаванні тычыліся зручнасці ці нязручнасці правядзення выбараў менавіта 19 снежня 2010 года. У выніку ўсе 108 дэпутатаў, якія прымалі ўдзел у пасяджэнні, прагаласавалі «за» правядзенне выбараў 19 снежня 2010 года. Такім чынам, усебаковага разгляду пытання аб прызначэнні даты выбараў праведзена не было.

Пры гэтым трэба адзначыць, што па стане на 14 верасня 2010 года дэпутаты мелі 9 датаў, на якія можна было прызначыць выбары, не парушаючы Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

 

1-ы тур

2-гі тур

12 снежня 2010 года

У перыяд паміж 13 і 26 снежня 2010 года

19 снежня 2010 года

У перыяд паміж 20 снежня 2010 года і 2 студзеня 2011 года

26 снежня 2010 года

У перыяд паміж 27 снежня 2010 года і 9 снежня 2011 года

2 студзеня 2011 года

У перыяд паміж 3 і 16 студзеня 2011 года

9 студзеня 2011 года

У перыяд паміж 10 і 23 студзеня 2011 года

16 студзеня 2011 года

У перыяд паміж 17 і 30 студзеня 2011 года

23 студзеня 2011 года

У перыяд паміж 24 студзеня і 6 лютага 2011 года

30 студзеня 2011 года

У перыяд паміж 31 студзеня і 13 лютага 2011 года

6 лютага 2011 года

У перыяд паміж 7 і 20 лютага 2011 года

Уключэнне пытання «Аб праекце Пастановы Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» разам з яшчэ некалькімі ў абвестку дня сесіі было зроблена Саветам Палаты ў той жа дзень, 14 верасня 2010 года, па рэкамендацыі «пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў».

З таго, што прапанова аб правядзенні выбараў 19 снежня 2010 года была ўнесеная старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, вынікае, што менавіта па прапанове гэтай камісіі пытанне аб прызначэнні выбараў было уключанае Саветам Палаты у абвестку дня сесіі. Між тым, афіцыйны сайт Палаты прадстаўнікоў не дае ніякай інфармацыі аб правядзенні пасяджэнняў Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце паміж 7 і 14 верасня 2010 года (7 верасня Палата прадстаўнікоў першы раз разгледзела і зацвердзіла абвестку дня сваёй пятай пазачарговай сесіі). Можна меркаваць, што камісія пытанне аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта або не абмяркоўвала, або праводзіла яго ў закрытым парадку, што не адпавядае арт. 2 Закона «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь», згодна з якім дзейнасць Нацыянальнага сходу грунтуецца на прынцыпе галоснасці. 

Такім чынам, вышэйзгаданыя дзеянні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу не адпавядаюць арт. 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім «падрыхтоўка i правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта i галосна».

Разам з непадрыхтаваным, аднабаковым і паспешлівым абмеркаваннем Палатай прадстаўнікоў прапановы правесці выбары менавіта 19 студзеня 2010 года, словы Л.Ярмошынай аб тым, што абраная дата – «прагназаваная нечаканасць», і што «было тры варыянты: 12 снежня, 19 снежня, 6 лютага. Мы адпрацоўвалі ўсе. Але снежань – добры»[5] з’яўляюцца ўскосным сведачаннем таго, што рашэнне аб правядзенні выбараў 19 снежня 2010 года прымалася не Палатай прадстаўнікоў (якая толькі імітавала абмеркаванне), а нейкай іншай арганізацыяй ці асобай, што з’яўляецца парушэннем арт. 81 Канстытуцыі і арт. 56 Выбарчага кодэкса.

Аналагічны парадак прызначэння выбараў Прэзідэнта меў месца і на выбарах 2006 года, калі пытанне аб прызначэнні выбараў было ўнесенае ў павестку дня сесіі Палаты прадстаўнікоў у той жа самы дзень, у які выбары былі прызначаныя. Як і ў 2005 годзе, прызначэнне выбараў за тры месяцы да іх правядзення скараціла перадвыбарчы перыяд да таго мінімуму, які дазваляе Выбарчы кодэкс.

Сваім рашэннем аб прызначэнні выбараў на 19 снежня 2010 года Палата прадстаўнікоў скараціла тэрмін знаходжання на пасадзе дзейснага Прэзідэнта да 4 гадоў і 9–11 месяцаў (у залежнасці ад таго, у колькі тураў пройдуць выбары, і як хутка новаабраны Прэзідэнт прыме прысягу). Гэта не адпавядае Закону «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (арт. 8), згодна з якім «тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта – пяць гадоў».

 

III. АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫБАРЧАГА ПРАЦЭСУ

15 верасня 2010 года адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў, якая «арганізоўвае падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 33 Выбарчага кодэкса). На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні, якія тычацца правядзення 19 снежня 2010 года выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная выбарчая камісія зацвердзіла:

• каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў (пастановай № 43);

• метадычныя рэкамендацыі, што тычацца арганізацыйна-прававых пытанняў падрыхтоўкі і правядзення выбараў (пастановай № 43);

• метадычныя рэкамендацыі, што тычацца арганізацыйна-прававых пытанняў працы тэрытарыяльных і ўчастковых камісій па выбарах (пастановай № 44);

• тлумачэнні аб парадку прадстаўлення дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты (пастановай № 46);

• тлумачэнні аб парадку збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, што прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты (пастановай № 47);

• тлумачэнні аб парадку вылучэння прадстаўнікоў у склад камісій па выбарах (пастановай № 48);

• тлумачэнні аб парадку прысутнасці назіральнікаў на выбарах (пастановай № 49);

• палажэнне аб парадку дзейнасці замежных (міжнародных) назіральнікаў (пастановай № 50).

• формы выбарчых дакументаў.

Метадычныя рэкамендацыі, якія растлумачваюць некаторыя пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў, а таксама дзейнасці тэрытарыяльных і ўчастковых камісій практычна нічым не адрозніваюцца ад метадычных рэкамендацый, якія прымаліся падчас папярэдніх выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Двума асноўнымі новаўвядзеннямі сталі:

1) Парадак накіравання назіральнікаў на пасяджэнні выбарчых камісій і участкі для галасавання. Калі у 2001 і 2006 гадах кіруючыя органы рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднаняў і палітычных партый мелі права накіроўваць назіральнікаў на пасяджэнні камісій усіх узроўняў і на ўчасткі для галасавання, то ў 2010 годзе яны маюць права накіроваўваць сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў толькі на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі. Накіраваць назіральнікаў на пасяджэнні тэрытарыяльных камісій (абласных, гарадскіх, раённых, раённых у гарадах) і ўчасткі для галасавання могуць толькі структуры грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў адпаведнага ўзроўню.

Трэба адзначыць, што гэтую пастанову прадстаўляў на паседжаньні ЦВК яе сакратар Мікалай Лазавік, які падкрэсліў, што працэдура вылучэння назіральнікаў максімальна спрошчана, і ўжо не патрабуецца наяўнасць ніжэйстаячых структураў, так як вылучэнне адбываецца ад кіруючых органаў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў. Гэтыя словы былі растырыжаваны нацыянальным тэлебачаннем і іншымі СМІ, якія прысутнічалі на паседжанні. Аднак апублікаваная на афіцыйным сайце ЦВК пастанова №49 «Аб парарадку прымянення часткі трэцй атыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 г. » утрымлівае супрацьлеглае тлумачэнне парадку накіравання назіральнікаў.

Насамрэч, такое рашэнне ЦВК моцна абмяжоўвае правы назіральнікаў, значна пагаршае парадак іх вылучэння нават у параўнанні з нормамі, якія дзейнічалі на папярэдніх презідэнтскіх выбарах. Напрыклад, Беларускі Хельсінкскі камітэт, сябры якой ажыцяўляюць назіранне ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, не можа ад свайго імя вылучыць назіральнікаў, так як не мае ніжэйстаячых арганизацыйных структур.

У якасці станоўчага моманту варта адзначыць магчымасць прадстаўляць дакумент аб накіраванні назіральніка ў дзень пасяджэння, дзень назірання. Раней на пасяджэнне выбарчай камісіі, на ўчастак для галасавання гэты дакумент неабходна было прадставіць не пазней за дзень, які папярэднічаў дню пасяджэння, дню галасавання.

2) Магчымасць для кандыдатаў у Прэзідэнты ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў падчас перадвыбарчай агітацыі.

Акрамя таго, змяніўся парадак падачы спіса сяброў ініцыятыўнай групы ў ЦВК – яго трэба падаваць як на папяровых, так і электронных (аптычны дыск, USB Flash памяць) носьбітах інфармацыі (у 2001 і 2006 гадах – толькі на папяровых). Гэта, па словах Л.Ярмошынай, неабходна для спрашчэння працы супрацоўнікаў ЦВК па вырабе пасведчанняў для сяброў ініцыятыўных груп, і, акрамя таго, для публікацыі дадзенага спісу на сайце ЦВК. Л.Ярмошына асабліва падкрэсліла, што з мэтай абароны таямніцы асабістага жыцця сяброў ініцыятыўных груп, дадзены спіс будзе прыводзіцца без указання месца жыхарства.

 

IV. УДЗЕЛ У ВЫБАРАХ

Па стане на 19 верасня 2010 года аб намеры ўдзельнічаць ў выбарах заявілі (ці былі прызначаны да ўдзелу сваімі арганізацымі, партыямі, групамі падтрымкі) наступныя асобы (ў парадку чарговасці):

• Алесь Міхалевіч, лідэр саюза «За мадэрнізацыю» (27 студзеня 2010 года);

• Віталь Рымашэўскі, сустаршыня незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (23 мая 2010 года);

• Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ (29 мая 2010 года);

• Юрый Глушакоў, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёных» (31 мая 2010 года);

• Яраслаў Раманчук, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (31 мая 2010 года);

• Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (чэрвень 2010 года);

• Сяргей Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі (21 жніўня 2010 года);

• Віктар Цярэшчанка, старшыня савету Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (9 верасня 2010 года);

• Уладзімір Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» (16 верасня 2010 года);

• Мікалай Статкевіч, лідэр аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) (18 верасня 2010 года).

17 верасня 2010 года Аляксандр Мілінкевіч, лідэр руху «За Свабоду», які быў адзіным кандыдатам у Прэзідэнты ў 2006 годзе ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл, заявіў, што не будзе балатавацца на выбарах 19 снежня 2010 года. Галоўнай прычынай свайго няўдзелу А.Мілінкевіч назваў адсутнасць змен у выбарчым заканадаўстве, якія б зрабілі працэс выбараў і падлік галасоў празрыстым, у тым ліку забяспечылі б удзел у падліку галасоў незалежных назіральнікаў. Таксама аб сваім няўдзеле ў выбарах заявіў другі кандыдат у Прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін.

На 20 верасня В.Цярэшчанка з’яўляецца адзіным з патэнцыйных кандыдатаў, хто падаў у ЦВК дакументы для рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы, и чыя ініцыятыўная група была зарэгістраваная ЦВК.

Дзейсны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пра свой ўдзел у выбарах афіцыйна яшчэ не абвясціў. Аднак фактычным пачаткам яго прэзідэнцкай кампаніі 2010 года можна лічыць яго выступленне 16 верасня на VI з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ)[6]. Выступленне тычылася далейшага развіцця існуючай палітыкі ў сацыяльнай, эканамічнай і знешнепалітычнай сферах у перыяд (2011-2015 гады), які далёка выходзіць за межы тэрміна яго паўнамоцтваў як Прэзідэнта. Абяцанні, якія даваў А.Лукашэнка на з’ездзе ФПБ, могуць быць ажыццёўлены толькі ў выпадку яго абрання Прэзідэнтам на выбарах 2010 года, што немагчыма без яго рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты, якая можа адбыцца не раней за 20 лістапада 2010 года. Такім чынам, А.Лукашэнка фактычна пачаў перадвыбарчую агітацыю да таго, як быў зарэгістраваны як кандыдат у Прэзідэнты. 

V. НАЗІРАННЕ ЗА ВЫБАРАМІ

16 снежня ў Мінску, у офісе Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) адбылася ўстаноўчая прэс-канферэнцыя кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ініцыяванай сумесна БХК і Правабарончым цэнтрам “Вясна”. З журналістамі сустрэліся кіраўнікі дзвюх найбольш аўтарытэтных правабарончых арганізацый Беларусі – Алег Гулак (БХК), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (“Вясна”).

Галоўнай мэтай кампаніі[7] было абвешчана “правядзенне незалежнага назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці”. Абедзьве арганізацыі не толькі больш за 10 гадоў праводзяць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але і маюць вялікі досвед незалежнага назірання за выбарамі ў розных краінах свету.

Назіранне за ходам выбараў будзе весціся сіламі сяброў двух вядучых праваабарончых арганізацый строга ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам. Пры гэтым плануецца праца як доўгатэрміновых назіральнікаў, у задачы якіх уваходзіць назіранне за выбарчым працэсам на кожным этапе, пачынаючы ад рэгістрацыі кандыдатаў, так і кароткатэрміновыя назіральнікі, якія будуць сачыць непасрэдна за ходам волевыяўлення, пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання, і падлікам галасоў. Па словах юрыста “Вясны” В.Стэфановіча, 80 доўгатэрміновых назіральнікаў ужо размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі і будуць зарэгістраваны ў тэрытарыяльных камісіях па правядзенні выбараў – раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской. Да іх дададуцца яшчэ 600 назіральнікаў, якія прыступяць да працы на 300 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Асаблівая ўвага на будучых выбарах Прэзідэнта будзе нададзена яўцы выбарцаў на ўчасткі. Прычынай гэтага стала, па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, “відавочна завышаная” яўка на мінулых выбарах. Плануецца, што інфармацыя аб колькасці людзей, якія прыйшлі на ўчасткі, будзе штодня параўноўвацца з дадзенымі выбарчых камісій. На сайтах, у першую чаргу БХК і “Вясны”, з’явяцца адмысловыя банэры з аператыўнай інфармацыяй пра выбары. Праваабаронцы паабяцалі не толькі весці назіранне за ходам выбараў, але і абараняць правы кожнага, хто звернецца да іх па дапамогу, нягледзячы на прыналежнасць да штабоў пэўнах кандыдатаў.  

У той жа дзень, 16 верасня 2010 года, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Савіных паведаміў, што “сёння Міністр замежных спраў Беларусі падпісаў афіцыйны ліст у адрас АБСЕ і СНД с запрашэннем узяць удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што беларускі бок не выстаўляе ніякіх умоваў ні датычна працягласці місіі назіральнікаў, ні адносна іх колькасці”.

 

VI. САЦЫЯЛАГІЧНЫЯ ДАСЛЕДВАННІ НАПЯРЭДАДНІ І ПАДЧАС ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

У чэрвені 2010 года сацыёлагі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) распаўсюдзілі інфармацыю пра рэйтынгі патэнцыйных кандыдатаў. Чэрвеньскае апытанне грамадскай думкі паказала, што электаральны рэйтынг (па адкрытым пытанні) А.Лукашэнкі складае 45,6%.

Паводле дадзеных дадзеныя сацыялагічнага апытання, праведзенага ў жніўні 2010 года аналітычным цэнтрам EcoоМ, гатоўнасць аддаць свае галасы за А.Лукашэнку ў жніўні 2010 года выказалі 78,1% удзельнікаў апытання. Кандыдатаў ад апазіцыі гатовыя падтрымаць толькі 5,7% апытаных. 2,2% грамадзян маюць намер прагаласаваць за іншых кандыдатаў. 14,1% рэспандэнтаў не далі адказу на пытанне.

У сярэдзіне верасня сталі вядомы дадзеныя сацыялагічнага апытання, праведзенага ў жніўні 2010 года Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна з апытаннем, аб намеры ўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах заявілі 90% апытаных грамадзян. Не маюць намер удзельнічаць у галасаванні толькі 6% рэспандэнтаў. На момант апытання не прынялі рашэння аб сваім удзеле ў выбарах 3,5% грамадзян.

 

[1] Выборы Президента Рэспублики Беларусь. 9 сентября 2001 года. Миссия БДИПЧ ОБСЕ по ограниченному наблюдению за выборами. Заключительный отчет. 4 октября 2001 года.

[2] Справаздача Місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 7 ліпеня 2006 года.

[3] A/HRC/WG.6/8/BLR/3.

[4] A/RES/62/169, para 2 (e), і A/RES/61/175, para. 2 (a).

[5] «Советская Белоруссия», 15 верасня 2010 года.                     

[6] Старшыня ФПБ Леанід Козік яшчэ ў мае 2010 года заявіў аб гатоўнасці ФПБ падтрымаць А.Лукашэнку на будучых прэзідэнцкіх выбарах і  збіраць подпісы для яго вылучэння на пост Прэзідэнта.

[7] Больш інфармацыі пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org). 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства