Маладэчна: Спісы яшчэ не закрытыя
У Маладэчне падсумоўваюцца спісы ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў. Але ўжо відаць, што выбарчая кампанія ў горадзе будзе праходзіць даволі актыўна.
На дадзены момант вядома, што ў Маладэчне ёсць прадстаўнікі ініцыятыўных групаў шасці апазіцыйных лідэраў: Алеся Міхалевіча, Андрэя Саннікава, Рыгора Кастусёва, Яраслава Раманчука, Уладзіміра Някляева і Юрыя Глушакова.
Па звестках на сённяшні дзень, самыя шматлікія ў Маладэчне каманды, каля 20 чалавек, – у Саннікава ды Міхалевіча. Іх прадстаўнікі – пераважна маладыя людзі да 35 гадоў.
У Алеся Міхалевіча сярод усіх вышэйназваных кандыдатаў найбольш вытрыманы “гендэрны баланс”: палова яго ініцыятыўнай групы - жанчыны.
Крыху меншыя па колькасьці ініцыятыўныя групы Яраслава Раманчука і Рыгора Кастусёва. Яны складаюцца ў асноўным з сябраў мясцовых аддзяленняў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ адпаведна.
Паводле прафесійнага складу ўсе гэтыя каманды вельмі разнастайныя. У іх уваходзяць прадстаўнікі бізнесу, творчай інтэлігенцыі, студэнты і працоўныя.
Пакуль толькі пару маладэчанцаў дакладна падцьвердзілі свой намер збіраць подпісы за Ўладзіміра Някляева і Юрыя Глушакова.
Што да астатніх апазіцыйных кандыдатаў, малаверагодна, што ў Маладэчне з’явяцца іхнія актыўныя групы падтрымкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”