viasna on patreon

Беларускія праваабаронцы абвясцілі ў Бруселі пра кампанію па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі

2010 2010-09-23T22:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/a_bialiacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

З 20 па 22 верасня старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і старшыня “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Алег Гулак знаходзіліся з візітам у Бруселі, дзе правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Еўрапейскага Саюза. Адна з асноўных тэмаў, што абмяркоўвалася падчас гэтых сустрэчаў - незалежнае назіранне і кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Як паведаміў Алесь Бяляцкі, кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прэзентавалася на высокім узроўні. Графік сустрэчаў быў вельмі насычаны. 20 верасня каардынатары кампаніі сустракаліся з прадстаўніком Вярхоўнага камісара ЕС па пытаннях правоў чалавека Рыінай Кіонка (Riina Kionka), пасля - з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі, якія ад розных ведамстваў працуюць па пытанні Беларусі. Таксама ў гэты дзень праваабаронцы правялі прэс-канферэнцыю для журналістаў з розных краінаў ЕС.  21 верасня была сустрэча ў МЗС Бельгіі, 22 верасня - з прадстаўнікамі нацыянальных дэлегацый у Еўрапарламенце, сярод якіх былі французы, фіны, датчане, палякі, вялікабрытанцы і інш.

Кіраўнік ПЦ “Вясна” адзначыў, што ўсе гэтыя сустрэчы праходзілі ў дзелавым фармаце, праваабаронцам задавалі шмат пытанняў, якія найперш датычыліся агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і на пачатковым этапе гэтай палітычнай кампаніі, зменаў у выбарчым заканадаўстве, унутранага і міжнароднага назірання і грамадскай ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Прадстаўнікоў ЕС цікавілі прагнозы наконт далейшага  развіцця сітуацыі ў Беларусі падчас наступных этапаў выбарчай кампаніі і пасля выбараў.

- Па ўсіх гэтых пытаннях яны атрымалі ад нас інфармацыю. Нашыя ацэнкі былі дастаткова песімістычныя ў плане сітуацыі з грамадскімі і палітычнымі свабодамі, якая склалася на сённяшні дзень у Беларусі. Мы ацэньваем гэту сітуацыю як ненармальную, непадрыхтаваную да правядзення свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў. Пераследуюцца незалежныя СМІ і персанальна журналісты, грамадскія і палітычныя актывісты, - кажа А.Бяляцкі.- У прыватнасці, мы казалі пра крымінальную справу, узбуджаную супраць Уладзіміра Някляева і яго паплечнікаў, а таксама шматлікія адміністратыўныя пераследы на працягу гэтага года і ў апошні час. Мы казалі пра нерэгістрацыю грамадскіх арганізацый, цяжкасці ў рэгістрацыі новых палітычных партыяў. Адзначалі і тое, што ўмовы для патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты з’яўляюцца няроўнымі. Відавочна, што кандыдат, які прадстаўляе сістэму выканаўчай улады, мае значна больш прэферэнцыяў і магчымасцяў для правядзення сваёй выбарчай кампаніі.

Таксама падчас усіх сустрэчаў, па словах А.Бяляцкага, гучалі пытанні пра смяротнае пакаранне ў Беларусі і смерць журналіста Алега Бябеніна.

- У пытанні пра Алега Бябеніна мы паведамілі, што патрабуем празрыстага расследвання ўсіх нюансаў, усіх эпізодаў, датычных яго смерці, каб само раследванне адбывалася галосна, каб і журналісты і грамадскаць мелі магчымасць доступу да гэтай інфармацыі, - падкрэсліў кіраўнік “Вясны”.

Падчас свайго візіту ў Брусель праваабаронцы заклікалі еўрапейскую супольнасць з вялікай адказнасцю адсочваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напрацягу выбарчай кампаніі і не дапусціць пагаршэння гэтай сітуацыі. Пры фіксаванні фактаў пераследу грамадскіх актывістаў, прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты рэакцыя з боку ЕС павінна быць хуткай і адназначнай. Кіраўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый спадзяюцца, што гэты візіт дапаможа прадухіліць магчымыя масавыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі і незалежных назіральнікаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства