Бабруйск: У будучай ініцыятыўнай групе Раманчука амаль 90 чалавек
Сябра АГП Віктар Бузінаеў, які падтрымлівае вылучэнне Яраслава Раманчука, адзначае, што жадаючыя далучыцца да ініцыятыўнай групы з’яўляюцца і дасюль, хаця спісы па Бабруйску ўжо закрылі.
– У каманду ўвайшло 87 чалавек. Людзі самі прыходзілі да нас і казалі, што жадаюць збіраць подпісы за Раманчука. Шкада, што не паспелі ўключыць усіх жадаючых, бо бабруйчане дасюль тэлефануюць, хочуць паўдзельнічаць у выбарах.
Дарэчы, кіраўнікі ўсіх перадвыбарчых штабаў рэгіёна адзначаюць даволі адчувальны ўздым актыўнасці сярод шэраговых грамадзянаў.
– Літаральна пару дзён таму мне на паштовую скрыню прыйшоў ліст ад маладога хлопца, у якім ён пытаў, як можа дапамагчы, кааб зрабіць унёсак у змену палітычнай абстаноўкі ў Беларусі, - распавядае лідэр бабруйскай суполкі БНФ Сяргей Лацінскі. – Сказаў, што яго сябры таксама жадаюць працаваць. Здаралася і так, што я прапаноўваў далучыцца да нас знаёмых людзей, далёкіх ад палітыкі, і яны з лёгкасцю пагаджаліся хоць неяк дапамагчы. Праўда, не ўсе жадаюць збіраць подпісы, але пасільную дапамогу шмат хто прапануе.
Па словах Алены Мядзведзевай, якая падтрымлівае вылучэнне Уладзімера Някляева, “актыўнасць у грамадстве адчуваецца”. “Людзі самі праз інтэрнэт ці праз знаёмых выходзілі на нас”, - тлумачыць актывістка. Вялікую грамадскую актыўнасць адзначыла і Таісія Кабанчук, якая падтрымлівае вылучэнне Віталя Рымашэўскага. Яна таксама паведаміла, што даволі шмат людзей самі шукалі кантакты бабруйскай суполкі БХД, каб актыўна паўдзельнічаць у выбарах.
Таксама глядзіце: Бабруйск: сканчаецца фармаванне будучых ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”