Салігорцы падтрымалі Гары Паганяйла
Жыхары Салігорска звяртаюцца ў ЦВК з патрабаваннем аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў Аляксандра Лукашэнкі. Раней аналагічны зварот накіраваў у ЦВК вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла.
Як адзначаецца ў звароце, "дзеянні Лукашэнкі па абранню яго на трэці тэрмін мусяць быць ацэнены як працягваючаеся злачынства па ўтрыманню дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам; пры такіх абставінах законных умоваў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбарцаў па вызначэнню кандыдатам у Прэзідэнты рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Г. няма."
Сярод грамадзян, што накіравалі свой зварот у Цэнтральную выбарчую камісію, ёсць і вядомы ў горадзе прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст Уладзімір Шыла.
– Ня маю ілюзіяў, што датычыцца рэгістрацыі ці нерэгістрацыі спадара Лукашэнкі кандыдатам, - кажа актывіст. – Тым не менш абсалютна перакананы, што прыйдзе час, калі за парушэнне Канстытуцыі і іншых законаў асобам адказным за незаконную рэгістрацыю гэтага прэтэндэнта прыйдзецца несці адказнасць. А нашы звароты і адказы на іх будуць дадатковымі доказамі ў адпаведных крымінальных справах. Гэта не спроба кагосьці запужаць, але ж вера ў верхавенства Закону.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”