Гарадзеншчына: Грамадска-палітычныя актывісты ў чаканні фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій
Гарадзенскія грамадска-палітычныя актывісты чакаюць інфармацыі пра дзень і час правядзення пасяджэнняў выканкамаў па фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій. Колькасць вылучэнцаў у іх ад дэмакратычных партый параўнальна невялікая.
Ад партыі БНФ у Гародні вылучаны Мікола Лемяноўскі – па Кастрычніцкім раёне гораду і Вадзім Саранчукоў – па Ленінскім раёне. У Слоніме рэгіянальны прадстаўнік структуры БНФ Іван Шэга вылучаны ў мясцовую раённую камісію. За яго вылучэнне падпісаліся ажно 70 чалавек.
Партыя АГП накіравала свайго прадстаўніка Віктара Какарэку ў Гарадзенскую абласную ТВК, Дзмітрыя Слуцкага – у гарадскую, а Аляксандру Васілевіч і Аляксандра Лемеха – у камісіі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў гораду.
Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла ў Гарадзенскую абласную ТВК Анатоля Іванчыка, у камісію Кастрычніцкага раёну – Іосіфа Нячая, а Ленінскага – Уладзіміра Філімонава.
Яшчэ шэраг гарадзенскіх арганізацый, у прыватнасці партыя БСДГ, мясцовае аддзяленне БХК вылучаюць на адпаведныя паседжанні выканкамаў сваіх назіральнікаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”