viasna on patreon

Магілёў: Праваабаронца Аляксей Колчын таксама патрапіў на паседжанне райвыбаркама

2010 2010-09-29T18:20:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 29 верасня, у Магілёве адбылося першае паседжанне Ленінскай раённай выбарчай камісіі. На ім прысутнічаў незалежны назіральнік, праваабаронца Аляксей Колчын. Адкрыў паседжанне старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка, пасля чаго перадаў ініцыятыву сябрам камісіі.

“Цікава тое, што ў мяне - назіральніка - нават не спыталі ніякіх дакументаў, проста папрасілі сказаць, хто я такі”, - гаворыць Аляксей Колчын.

Аляксей адзначае, што галасаванне па вылучаных кандыдатурах на пасады старшыні, намесніка старшыні і сакратара камісіі было безальтэрнатыўнае. Старшынёй Ленінскай раённай выбарчай камісіі стала спадарыня Клімянкова, намеснікам старшыні - спадарыня Хаданёнак, сакратаром – спадарыня Міронава.   

 “Уражанне ад паседжання камісіі такое, быццам знаходзішся на паседжанні дзяржаўнага органу. Спадар Міхеенка ў пачатку агучваў рашэнне па фармаванні камісіі, чытаў спіс сябраў камісіі, а яны пры гэтым падымаліся, хаця ўсе там ведаюць адзін аднаго. Спадар Міхеенка паінфармаваў камісію, што да іх накіраваны назіральнік - я”, - распавёў Аляксей.

Аляксей Колчын падкрэслівае, што намесніца старшыні камісіі спадарыня Хаданёнак адзначыла, што камісія будзе працаваць адкрыта і празрыста, пасля чаго праваабаронцу папрасілі пакінуць паседжанне, паколькі пачаліся "рабочыя моманты" - сказалі, што будуць складаць графік дзяжурстваў.

Нагадаем, што сёння на паседжанне Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Магілёва таксама  патрапіў праваабаронца Барыс Бухель. Гэта першыя выпадкі адкрытасці з боку мясцовай улады за апошнія 16 год.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства