Баранавічы: Паседжанне гарадской камісіі ў рангу “дзяржаўнай таямніцы”
30 верасня адбылося першае пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, якое, па-сутнасці, было тайным. Інфармацыі пра яго ў дзяржаўнай газеце “Наш край” не было, па тэлефоне даведацца таксама было немагчыма.
На працягу дня праваабаронцы імкнуліся “раскрыць гэту дзяржаўную таямніцу”, але безвынікова - дарэмна прадстаўнік БХК Пятровіч Карней хадзіў на прыём у арганізацыйна-кадравы аддзел. Прадстаўнік ТБМ Сяргей Гоўша таксама ўвесь дзень тэлефанаваў у гэты аддзел выканкама, але тэлефон не адказваў. У ідэалагічнай службе таксама “не ведалі”, дзе і калі адбудзецца першае пасяджэнне камісіі. Сакратарка прыёмнай гарвыканкама адказала С.Гоўшы, што загадчыца арганізацыйна-кадравай службы Вольга Дудко пайшла ў паліклініку. А калі намеснік старшыні гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч даведаўся, што Сяргей Гоўша рыхтуе скаргу ў ЦВК, то паведаміў, што загадчыца арганізацыйна-кадравай службы Вольга Дудко знаходзіцца на пасяджэнні гарадской выбарчай камісіі.
Вось так “адкрыта і галосна” пачала сваю працу Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльная выбарчая камісія.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”