Магілёў: Дэмакраты ў судзе абскарджваюць рашэнне аб ўтварэнні абласной камісіі
ГА БНФ “Адраджэнне” і Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” падалі заявы ў абласны суд з нагоды неўключэння іх прадстаўнікоў у склад абласной выбарчай камісіі.
Кіраўнікі абласных партыйных структур ГА БНФ “Адраджэнне” і БПЛ “Справядлівы свет” Зміцер Салаўёў і Анатоль Заўялаў не згодны з рашэннем Прэзідыума аблсавету і кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму і патрабуюць змяніць рашэнне прынятае на сумесным пасяджэнні 29 верасня аб утварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах і ўключыць у склад камісіі іх прадстаўнікоў, а таксама перадаць у судовае пасяджэнне ўсе матэрыялы, якія разглядаліся і прымаліся ўпраўленнем арганізацыйна-кадравай працы Магілёўскага аблвыканкама пры падрыхтоўцы праекта рашэнняў па ўтварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі і пратакол сумеснага пасяджэння па ўтварэнні гэтай камісіі.
“Мы лічым несправядлівым, што з выбарчай камісіі зрабілі яшчэ адзін орган кіравання пры аблвыканкаме. У камісіі павінны быць прадстаўлены ўсе бакі, які ўдзельнічаюць у палітычным працэсе. Гэта дазволіць камісіі быць больш незалежнай”, - гаворыць кіраўнік абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэнне” Зміцер Салаўёў.
Нагадаем, што рашэнне аб фарміраванні складу абласной выбарчай камісіі прымалася на сумесным пасяджэнні 29 верасня. Тады была ўтворана абласная выбарчая камісія ў колькасці 13 чалавек, у склад якой патрапіў актывіст Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімір Парфёнаў. Кандыдатуры Сяргея Фаміна і Анатоля Заўялава, высунутыя ад ГА БНФ “Адраджэнне” і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” не былі ўключаны ў яе склад.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”