viasna on patreon

Мінск: Педагогі збіраюць подпісы за Лукашэнку пад прымусам

2010 2010-10-05T19:12:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pedagog.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Кастрычніцкім раёне Мінска настаўнікаў і выхавацеляў дзіцячых садкоў прымусілі агітаваць людзей падпісвацца за вылучэнне дзеючага прэзідэнта на новы тэрмін.

Так, у сярэдняй школе N 71 настаўнікі атрымалі своеасаблівую “разнарадку” на колькасць подпісаў, якія яны павінны сабраць з бацькоў. У дзіцячым садку N 241 выхавацелям выдалі падпісныя лісты, у якіх, паводле задумы начальства, мусяць падпісацца бацькі, што забіраюць дзяцей дадому. Некаторыя мамы і таты адмаўляюцца, нават абураюцца. Іншыя ж, па іх словах, ставяць подпісы “толькі з павагі да выхавацеляў” альбо “шкадуючы бедных педагогаў”. Пры гэтым бацькі дадаюць, што галасаваць за спадара Лукашэнку яны не будуць ні ў якім разе.

У школах сталіцы становіцца ўсё больш выпадкаў, калі настаўнікаў прымушаюць стаяць у вулічных пікетах па зборы подпісаў. Нельга не адзначыць практычна абсалютную няплённасць іх працы: менавіта да пікетаў з партрэтам дзеючага прэзідэнта падыходзіць найменей людзей. Нярэдкія выпадкі, калі мінакі набліжаюцца да іх не з мэтай паставіць свой подпіс, а паўшчуваць і прысароміць зборшчыкаў. Часам эмоцыі грамадзян праяўляюцца даволі агрэсіўна, у выніку чаго настаўнікі пачынаюць адмаўляцца збіраць подпісы за Лукашэнку на вуліцах.

Напрыклад, назіральнікі сталі сведкамі выпадку, калі дзве мінскія настаўніцы спрачаліся з дырэктарам школы, на загад якога марна мерзлі ў пікетах ўсе выходныя. “Такой ганьбы, такога прыніжэння мы не бачылі яшчэ за сваё жыццё! Людзі, якія ведаюць нас, жыхары нашага роднага раёну, падыходзяць і проста лаюцца! Колькі абразаў мы пачулі!..” – скардзіліся педагогі. Адна з настаўніц увогуле заявіла: “Лепш прайсці па вуліцы п’яной альбо голай, чым так ганьбіць сябе! Больш вы нас туды не загоніце!”

Адна з удзельніц пікету БРСМ за Лукашэнку ў Малінаўцы на словы мінакоў, што Аляксандр Лукашэнка усім даўно надакучыў і яму час сыходзіць, прызналася: “Я згодна з вамі на 200 адсоткаў, але мы не самі збіраем подпісы – нас прымусілі”.

Дзяржслужачыя, якія прымусова збіраюць подпісы, часта стаяць незадаволеныя альбо, пазяхаючы, абыякава заклікаюць: “Хто жадае падпісацца за квітнеючую Беларусь?” Часам, нібы адмыслова, яны абіраюць для размяшчэння партрэту кіраўніка дзяржавы дзіўны фон. Напрыклад, афішу са словамі “Обитель зла” ці “Комедия “Снова ты”. Ля аўтавакзала “Маскоўскі” прадстаўнікі “Белай Русі” паставілі пікет на тле шыльды: “Запрашаем па квіткі ў Галандыю, Чэхію, Польшчу, Нямеччыну…”. Як толькі журналісты сталі гэта фатаграфаваць, жанчыны падхапілі партрэт прэзідэнта і пайшлі ў двор вакзала. “Куды мы яго нясём?” – смяшліва перапытвалі яны адна адну. “Нясіце куды падалей!” – хмура кінуў, праходзячы міма, мужчына сярэдніх гадоў. Пікетоўшчыцы спыніліся і паставілі партрэт Аляксандра Рыгоравіча каля іншай шыльды - “Выхад”…   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства