У Светлагорску занадта пільная грамадзянка выклікала міліцыю
7 кастрычніка пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты адна з грамадзянак у Светлагорску (Гомельская вобласць) выклікала міліцыю. Перад тым жанчыне былі прад’яўлены ўсе неабходныя дакументы.
Аб гэтым паведаміў Марат Афанасьеў, каардынатар ініцыятыўнай групы ў Гомельскай вобласці па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Яраслава Раманчука:
– 7 кастрычніка каля 13 гадзін пры пакватэрным абыходзе аднаго з дамоў мікрараёна Маладзёжны ў г. Светлагорску адна з жанчын, якая жыве ў гэтым доме, па тэлефоне выклікала міліцыю. Перад тым грамадзянцы былі прад’яўлены неабходныя дакументы, якія прадугледжаны Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Па выкліку прыехалі двое міліцыянтаў.
Міліцыянтам таксама былі прад’яўлены дакументы. Яны пацвердзілі жанчыне, што збор подпісаў праводзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Супрацоўнікі міліцыі перапісалі дадзеныя з дакументаў, па іх словах, «для праверкі». Пасля гэтага жанчына выказала жаданне падпісацца за вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты, але ёй было адмоўлена ў сувязі з тым, што пачаўся перапынак.
Каардынатары ініцыятыўных груп у Гомельскай вобласці лічаць, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі настройваюць людзей адмоўна ставіцца да збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў: людзям унушаюць, што пад відам зборшчыкаў подпісаў могуць прыйсці ашуканцы і злачынцы. Пры гэтым подпісы за Аляксандра Лукашэнку, які займае месца кіраўніка дзяржавы і хоча застацца на ім на чарговы тэрмін, збіраюцца без абмежаванняў па месцы працы грамадзян.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”