Віцебск: У адміністрацыі гандлёвага цэнтру “Кантынент” – прэтэнзіі да збіральнікаў подпісаў
Адміністратар віцебскага гандлёвага цэнтру “Кантынент” спрабавала перашкодзіць працы пікету ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Канфлікт быў вырашаны толькі пасля тэлефоннага званка ў гарвыканкам.
Як распавяла Алена Фаміна, адна са збіральніц подпісаў за вылучэнне Уладзіміра Някляева кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду, з’яўленне пікета каля гандлёвага цэнтра “Кантынент” адразу прыцягнула ўвагу гараджан. А неўзабаве да ўдзельнікаў пікету падышла адміністратар цэнтра, і спаслаўшыся на словы дырэктара, заявіла, што тут збіраць подпісы забаронена.
Актывістам давялося тлумачыць, што селета віцебскі гарвыканкам не прымаў адмысловага рашэння пра забарону збору подпісаў у нейкіх асобных месцах, і таму ініцыятыўная група абрала для працы менавіта гэтае шматлюднае месца.
Адміністратар пачала тэлефанаваць у розныя інстанцыі, і ўрэшце пагадзілася, што збіраць подпісы каля “Кантыненту” можна. Але з умовай: каб вакол пікета не было смецця, і ён не перагароджваў шлях да дзвярэй у будынак. Удзельнікі пікету пагадзіліся, але заўважылі прадстаўніцы адміністрацыі, што літаральна на ганках, ледзве не пад нагамі ў мінакоў, уладкаваліся гандляры латарэйнымі білетамі, аднак да іх у кіраўніцтва “Кантыненту” прэтэнзій чамусці няма.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”