Барысаў: Вайскоўцы аддаюць подпісы за вылучэнне Міхалевіча
Барысаўскія сябры ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата Алеся Міхалевіча збіраюць подпісы ў самым няўдзячным раёне - ваенным гарадку Печы. І нават там знаходзяць сваіх прыхільнікаў.
Як паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча Сяргей Салаш, збор подпісаў у ваенным гарадку не моцна адрозніваецца ад збору подпісаў у іншых раёнах Барысава: "Узровень, у прынцыпе, аднолькавы. Як кажуць зборшчыкі, першы шок яны ўжо перажылі. Зараз лягчэй. У Печах, дзе насельніцтва даволі спецыфічнае - вайскоўцы і вайсковыя пенсіянеры - часта даводзіцца сутыкацца з непрыманнем дэмакратычнага прэтэндэнта. Існуе і вызначаны градус агрэсіі. Але зборшчыкі не аднаго чалавека здолелі пераканаць. Што да афіцэраў… Не трэба думаць, што гэта людзі, якія толькі выконваюць загады! Шмат сярод іх думаючых, якіх насамрэч хвалюе лёс краіны. Яны вось і аддаюць свае подпісы, не ўступаючы ў пустую палеміку. Толькі за два вечары ў Печах сабралі каля двухсот подпісаў".
Наогул, за мінулы тыдзень у падтрымку Міхалевіча ў Барысаве сабрана больш 1100 подпісаў. Група гэтага прэтэндэнта лічыць не мэтазгодным збор подпісаў на пікетах. "Большага эфекту можна дасягнуць, абыходзячы кватэры", - лічыць Сяргей Салаш.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"