Бабруйск: Подпісы за Лукашэнку збіраюць у дзіцячых садках і інтэрнаце аўтаколеджа
Праваабаронцам стала вядома, што ў 5-м і 6-м мікрараёнах Бабруйска загадчыкі дзіцячых садкоў збіраюць подпісы ў сваіх калектывах. Пра гэта сябрам ініцыятыўнай групы Р.Кастусёва падчас збору подпісаў паведаміла супрацоўніца аднога з садкоў.
- Мы ходзім па кватэрах, стаім у пікеце каля рынка, і людзі самі падыходзяць, шмат чаго цікавага распавядаюць. Адна жанчына пажалілася, што загадчыца садка сказала ім сабраць пашпарты і прынесці ў яе кабінет, - распавядае сябра ініцыятыўнай групы Сяржук Лацінскі. – Да таго ж яна адзначыла, што так збор подпісаў праходзіць і ў іншых дзіцячых садках абодвух гэтых мікрараёнаў.
Падобным чынам збіраюць подпісы і ў інтэрнаце аўтаколеджа. Навучэнцам, якім споўнілася 18 год, загадалі прынесці пашпарты і паставіць подпісы за Лукашэнку. Калі дзяўчаты і хлопцы адмаўляюцца, на іх спрабуюць паўплываць пагрозамі - напрыклад, пазбавіць пакоя ў інтэрнаце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”